Што прасцей, а што — непатрэбна?

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, ініцыятар і арганізатар шматлікіх беларускіх фестываляў
Cкончылася фестывальнае лета. Ягоныя асноўныя падзеі асвятляліся на старонках “К”. У рэаліях пастаўскага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” як у люстэрку адбіліся як дасягненні, так і праблемы ды клопаты народнага мастацтва ў разрэзе фестывальнага руху нашай краіны.

/i/content/pi/cult/551/12016/5-1.jpgЯ ж памятаю час, калі на фестывалях народнага мастацтва вялі рэй творчыя калектывы, створаныя на базе абласных метадычных цэнтраў — магілёўскага, гродзенскага, віцебскага, мінскага… Гэтыя аматарскія гурты былі сапраўднымі творчымі лабараторыямі, у якіх увасабляліся тэарэтычныя напрацоўкі спецыялістаў. Сёння няма такой шчыльнай супрацы метадыстаў і самадзейных артыстаў. Гэта адна з прычын таго, што многія творчыя калектывы мы, па сутнасці, згубілі.

Метадычны цэнтр — базавая ўстанова па назапашванні і перадачы вопыту. А без калектываў, якія вопыт гэты скарыстоўваюць, установа засяроджваецца на чыстай тэорыі, губляе сувязь з рэчаіснасцю. Я не маю ўпэўненасці, што сёння паўсюль у абласцях спецыялісты па народнай творчасці дакладна валодаюць сітуацыяй. Гэта відаць па тым, як ажыццяўляецца адбор калектываў, якія накіроўваюцца на фестываль, бо рэкамендацыі даюцца менавіта абласнымі метадычнымі цэнтрамі. Тут будзе дарэчы прыклад сёлетняга фестывалю ў Паставах. Гродзеншчына і Магілёўшчына, на маю думку, былі прадстаўлены на ім слабей за іншыя рэгіёны, а Віцебшчына прадстаўляе па некальні разоў адны і тыя ж калектывы.

Да ўсяго, у нас памяншаецца колькасць індывідуальных выканаўцаў. Раней іх было значна больш, асабліва гарманістаў. Адпаведна, колькасць гарманістаў станавілася большай і на фестывалі. Сёння ж іх лік паменеў: па адным-два ад вобласці. На гэтым сумным фоне добра глядзіцца Пастаўскі раён, дзе Дзіцячая школа мастацтваў штогод мэтанакіравана рыхтуецца да фестываляў “Звіняць цымбалы і гармонік”. Мы бачылі, як прыгожа прадставілі на ім мясцовых баяністаў, цымбалістаў, гарманістаў. Гэты досвед варта пераймаць і іншым.

Яшчэ адзначу, што мы за апошнія гады згубілі некалькі вядомых калектываў — ранейшых лаўрэатаў фестывалю. Гродзеншчына, напрыклад, многія гады славілася сваім ансамблем народнай музыкі “Лявоны” з Воранава. На жаль, гэтага калектыва ўжо няма, а яго можна было захаваць. І гэта, па меншай меры, недапрацоўка работнікаў культуры раёна ды мясцовай улады. Бо той ансамбль — колішняя сапраўдная візітоўка і Воранаўшчыны, і Гродзенскай вобласці наогул. І такія прыклады я магу прывесці па іншых рэгіёнах краіны.

У час пастаўскага фестывалю неаднойчы гучала думка, што народнае мастацтва стварае нацыянальную самабытнасць, адметнасць, якой мы вылучаемся ў свеце. І фэст гэта выдатна яшчэ раз пацвердзіў. Мяне асабліва ўразілі калектывы з краін Балтыі, якія выдатна дэманструюць нацыянальны характар — прыгажосць, стрыманасць, шляхетнасць. І мы за мяжой таксама цікавыя найперш сваім народным мастацтвам. Гэта тая сфера, дзе мы не саступаем. З гэтым мы можам смела выходзіць на любую сцэну ў любой краіне.

Але ж быць ці не быць народнаму, самадзейнаму мастацтву ў той ці іншай установе, на тым ці іншым прадпрыемстве часта залежыць ад густаў і адукаванасці кіраўніцтва ўстаноў і прадпрыемстваў. Быў, напрыклад, кіраўнік, якому гэта цікава, і, адпаведна, меліся сродкі на падтрымку творчага калектыва. А прыйшоў новы начальнік і пераадрасаваў тыя грошы на іншыя выдаткі. Такая тэндэнцыя выявілася цягам апошняга дзесяцігоддзя, калі мы згубілі шмат творчых фарміраванняў у працоўных калектывах, у тым ліку — пры прафсаюзных камітэтах. Свой клуб і пры ім творчыя калектывы з вельмі высокай планкай майстэрства меў, напрыклад, завод “Атлант”. Але гэта ў мінулым…

Дзясяцігоддзе таму ў Беларусі было некалькі дзясяткаў паўнавартасных духавых аркестраў толькі ў Мінску каля дваццаці. Сёння іх колькасць значна скарацілася, пад пагрозай знікнення аказаўся сам жанр духавой музыкі. Сама гэта традыцыя адыходзіць ў мінулае. Падтрымаць і працягнуць гэтую традыцыю могуць абласныя форумы і міжнародны фестываль духавой музыкі "Беларускія фанфары", якія таксама маюць праводзіцца рэгулярна. Дзякуй богу, творчыя калектывы яшчэ трымаюцца пры дзяржаўных установах культуры. Але і тут таксама не без праблем. Возьмем хаця б пытанне, скажам, разнастайнасці жанраў. Сёння стала цяжэй утрымліваць паўнавартасныя харавыя калектывы. Вось іх і скарачаюць да ансамбляў з 8-10 альбо міні-хароў 15-20 чалавек. Гэту тэндэнцыю яскрава пацвердзіў і сёлетні рэспубліканскі фестываль "Спеўнае поле" на Мядзельшчыне. Такія ансамблі лягчэй і ў сцэнічныя касцюмы апрануць, і вывезці на гастролі. Яны ўвогуле танней абыходзяцца бюджэту. Самі разумееце: адна справа — 10-15 артыстаў, іншая — 40-50. Але ж нельга забываць, што для Беларусі харавое мастацтва было заўсёды традыцыйна найбольш распаўсюджаным і запатрабаваным.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"