Паўгадзіны на Верхні горад — мала, калі...

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

“Камплектацыя” гарадской прасторы для Мінска і не толькі
Рэдка здараецца, што сумоўе адмыслоўцаў набывае шырокі розгалас па-за межам прафесійнага кола і становіцца падзеяй для грамадства. А вось ХІ Нацыянальны фестываль архітэктуры “Мінск-2015” такой падзеяй, такім выключэннем з правіла стаць здолеў. Бо архітэктары не пабаяліся “пусціць публіку за кулісы”, выставіўшы ўсю візуальную інфармацыю фэста на вуліцах горада. Гэта конкурсныя матэрыялы, рэтраспектывы праектаў, як рэалізаваных, так і адхіленых часам, перспектыўныя ідэі творчай моладзі і прэзентацыі творча-вытворчых структур, якія змагаюцца за дзялянкі ў сферы нашага горадабудаўніцтва.

/i/content/pi/cult/551/12015/4-1.jpgМінчане ніколі не былі абыякавымі да таго, як фарміруецца аблічча горада, балюча перажывалі страты і радаваліся новым здабыткам. Тым больш перспектывы развіцця сталіцы хвалююць іх зараз, калі ў галіне архітэктуры і будаўніцтва важную ролю пачалі адыгрываць прыватныя інвестары, якія далёка не заўжды суадносяць свае інтарэсы з грамадскімі. Зразумела, пасля пэўных “сюрпрызаў” жыхары горада натуральна жадаюць ведаць, чаго яшчэ чакаць ад архітэктараў, гарадскіх улад і дабрадзеяў-інвестараў. А ў звязцы з гэтым людзям таксама цікава, што вартага ў апошні час з’явілася ў рэгіёнах Беларусі, чым жыве постсавецкая прастора, які замежны досвед можа быць актуальным ў нашай горадабудаўнічай практыцы. Такім чынам, разгорнутая ў Верхнім горадзе і ў сумежнай прасторы вялікая выстаўка грамаду зачапіла.

Другім важным чыннікам поспеху выставачнага праекта стала ўдала абранае месца правядзення. Верхні горад (плошча Свабоды) — гэта самая прыцягальная кропка Мінска. Такой яна была нават у часы, калі гістарычны цэнтр нашай сталіцы гібеў у цэню галоўнага праспекта. Яшчэ больш прывабным Верхні горад стаў зараз, калі адноўлены ягоныя архітэктурныя дамінанты і зроблена комплекснае добраўпадкаванне тэрыторыі. Звычайна, каб агледзець Верхні горад хапае паўгадзіны. Прыблізна столькі часу было патрэбна мне, калі я паказваў гістарычны цэнтр сваім сябрам з іншых мясцін і краін. А па выстаўцы Нацыянальнага фестывалю архітэктуры я хадзіў ажно чатыры гадзіны і яшчэ не ўсё паспеў агледзець. Акрамя выставачных стэндаў з выявамі і тлумачальнымі тэкстамі “экспазіцыйная прастора” была аздоблена творамі беларускіх скульптараў, што шчыруюць у галіне нефігуратыўнай пластыкі і інсталяцый. Увогуле для мастацтва гэта з’ява далёка не рэвалюцыйная. Але ў нашай культурнай прасторы творы, пазбаўленыя ідэйнай прывязкі, нешта зробленае проста дзеля прыгажосці ўсё яшчэ ўспрымаецца як навацыя. А яшчэ былі выстаўлены ўзоры мэблі, зручнай для адапачынку на лецішчы, і расліны, якімі было б прыемна аздобіць прастору вакол катэджа ці дачны ўчастак. Так да свята дадаўся яшчэ і элемент кірмашу.

Арганізатары парупіліся пра маляўнічую імпрэзу з удзелам артыстаў. Яе рэжысура падалася мне не да канца прадуманай. Прынамсі, артысты на хадулях ўжо пачынаюць муліць вока. Без іх у Мінску не абыходзіца, бадай, ніводная вулічная дзея. Гэта надакучвае, як і любы паўтор. Але, мушу адзначыць, што некторыя чыннікі імпрэзы вельмі пасавалі тэме архітэктуры ў часе. Падсумоўваючы, зноў скажу, што карпаратыўная імпрэза, якую ладзілі архітэктары, стала святам для горада, для мінчан і гасцей сталіцы.

Спробы зрабіць вуліцы “экспазіцыйнай залай” былі і раней. Так выстаўкі аднаго дня ладзіліся ў Траецкім прадмесці з боку набярэжнай. Рэпрадукцыі карцін звыкла дэманструюцца на адмысловых стэндах на плошчы Якуба Коласа. Неаднойчы ў такой якасці скарыстоўвалася агароджа парка Чалюскінцаў. Праекты, безумоўна, плённыя, але недастаткова эфектыўныя. Раскрыць патэнцыял добрай ідэі не дазваляла альбо лакалізаванасць, нават ізаляванасць экспазіцыйнай пляцоўкі, як у Траецкім, альбо нязручнасць для гледачоў і неадпаведнасць відошвіча кантэксту тэрыторыі, як на плошчы Коласа. Не пасуе і аддаленасць ад цэнтра, ад кропак, дзе звыкла тусуюцца жыхары і госці горада, як у выпадку з агароджай парка Чалюскінцаў.

Яшчэ ў другой палове 1970-х, калі ў Мінску праходзіў ўсесаюзны творчы семінар дызайнераў (ці як тады тая праца называлася), ягонымі ўдзельнікамі быў распрацаваны канцэптуальны праект скарыстання прасторы Верхняга горада як велізарнай выставачнай пляцоўкі. Я мяркую, што за аналаг яны бралі Андрэеўскі спуск ў Кіеве — маляўнічы пагорак, на вяршыні якога стаіць шэдэўр Растрэлі — Андрэеўская царква, а ўздоўж дарогі, што вядзе да царквы, захавалася гістарычная забудова. Большасць гэтых будынкаў ужо тады скарыстоўваліся як музеі і выставачныя пляцоўкі. Для Мінска у той час падобны праект успрымаўся фантастыкай. Але тое, што я бачыў у Верхнім горадзе зараз, сведчыць на карысць такой тэзы: мары — гэта не сыход ад рэчаіснасці, а форма набліжэння да яе.

Я, нібыта, не кепска ведаю Мінск і гістарычны цэнтр у прыватнасці. Але ходзячы па выстаўцы, якая разгарнулася на вуліцах і ва ўнутраных дворыках Верхняга горада, адкрываў для сябе шмат новага. Тое, што раней было за заборам, сёння адкрыта для грамады. Там, дзе былі гаспадарчыя двары, яшчэ нядаўна раскватараваных тут устаноў і арганізацый, цяпер кавярні, крамы, музеі. Ходзячы па выстаўцы і стаміўшыся нагамі, можна было зайсці і адпачнуць ў адну з такіх. Альбо, калі адчуваеш, што галава ўжо не ўспрымае інфармацыю, “пераключыцца” на сувенірную краму альбо кнігарню. А потым зноў — хадзі і глядзі… Сама ж архітэктура Верхняга горада як дарагая багетная рама, у якой і не надта каштоўны выставачны экспанат глядзіцца шыкоўна.

Разнастайная, цікавая для грамады выстаўка, разгорнутая на адносна вялікай, але кампактнай тэрыторыі, каштоўная архітэктура як выдатны фон для гэтай экспазіцыі, наяўнасць дадатковых тэм (у дадзеным выпадку, нефігуратыўная скульптура для гарадскога асяродку), якія і дастаткова самастойныя, і працуюць у рэчышчы тэмы асноўнай, элементы кірмашу, наяўнасць кавярняў і рэстаранаў у крокавай даступнасці, відовішча з удзелам артыстаў. Вось мадэль паспяховай імпрэзы. Дзеючая мадэль, выпрабаваная цягам Фестывалю архітэктуры ў Верхнім горадзе.

Мне даводзілася бываць на розных фестывалях, рэгіянальнага і нацыянальнага маштабаў. Параўноўваючы бачанае там і тое, што адбываецца зараз у гістарычным цэнтры Мінска, я мушу адзначыць, што згаданы мінскі досвед можа быць эталонам. На святах ў рэгіёнах, нібыта, тыя ж чыннікі. Але яны альбо ў недастатковай камплектацыі (чагосці не стае, і ўся сістэма не працуе), альбо не так гарманічна спалучаны. А як той гармоніі дасягнуць, трэба меркаваць, зыходзячы з мясцовых акалічнасцей.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"