Глыток свабоды і кахання

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Спрадвечны пошук адзінства паміж мужчынам і жанчынай, пошук таго зерня паразумення і гармоніі паміж імі, якое дае стымул і прагу жыць далей, верыць, кахаць, — менавіта такі рэжысёрскі накірунак абраў для сябе Уладзімір Пятровіч у спектаклі “Апошняя жанчына сеньёра Хуана” Магілёўскага абласнога драмтэатра. Нягледзячы на тое, што аўтар п’есы Леанід Жухавіцкі ў прадмове гэтак абазначыў “сваё” пытанне: “Чаму з вялікай колькасці мужчын, якія ва ўсе часы кахалі жанчын, людская памяць захавала менавіта Дона Жуана?”. Тым больш цікавай і непрадказальнай становіцца для гледача інтэрпрэтацыя твора тэатрам.

 /i/content/pi/cult/154/1201/Glytok.jpg
Зразумела, што рэжысёра прывабілі ў гэтай п’есе не яе сюжэтныя перыпетыі, не любоўная слава Дона Жуана. Перад намі — надзвычай “рэальны”, пастарэлы і стомлены бесперапыннай вандроўкай чалавек (Рыгор Белацаркоўскі), які так доўга не мог знайсці прытулку і так хутка яго страціў, знайшоўшы. Увасабленнем дому, у якім героя сапраўды чакалі і які не знік, бы сотні іншых дамоў-прывідаў, аказалася вясковая служанка з гасцініцы. Урэшце, з яе, маладой, неспрактыкаванай, але мэтанакіраванай Канчыты (Алена Крыванос) і пачынаецца спектакль. Менавіта яна, нічым не прывабная на першы погляд дзяўчына, вяртае Хуана да жыцця і гатова сваё жыццё і сваю свабоду аддаць за яго.

У галоўнага персанажа было безліч жанчын, але ніводная не кахала яго. І вось у гэтай дзяўчынцы ён, нарэшце, знаходзіць тое, што зробіць яго па-сапраўднаму шчаслівым. Для Хуана гэтае новае, нечакана ўзніклае пачуццё становіцца адраджэннем.

Персаніфікаваным мінулым, якое пастаянна гоніцца за персанажам Рыгора Белацаркоўскага, зборным вобразам усіх жанчын, што жадалі толькі бясплатна карыстацца каханнем і славай Хуана, у спектаклі выступае Эльвіра (Яўгенія Белацаркоўская) пакінутая ім дваццаць гадоў таму жонка. Яна — антыпод бескарыслівага пачуцця Канчыты: раздражнёная і прагнучая для Хуана адно толькі помсты, смерці. Але гэты “сямейны” канфлікт рэжысёр не выводзіць на першы план, а толькі абазначае. Нашмат больш яго займае “падрыхтоўка” ўсведамлення героямі спектакля простай ісціны пра тое, што прычыны іх нягод — не ў Хуане, а ў іх саміх. І абражаная Эльвіра ў момант, калі помста становіцца рэальнасцю, не цешыцца яе здзяйсненнем. Прыходзіць да бессэнсоўнасці помслівай “гонкі” і Карлас (Канстанцін Печнікаў), які таксама шмат гадоў ішоў па следзе “вераломнага сеньёра”, каб “паскардзіцца на лёс” і адпомсціць за загінуўшага ў бойцы з Хуанам брата.

Нітачкі канфлікту рэжысёр шукае і знаходзіць у іншай плоскасці: “Но это внешнее, а суть — что каждый норовить хлебнуть глоток свободы… Чужой свободы!”. Гэтая фраза прагучала на пачатку спектакля з вуснаў вандроўнага паэта-музыкі — персанажа, які ў спектаклі выконвае ролю Апавядальніка (гэтак адбыўся акцёрскідэбют Цімафея Яравікова — загадчыка літаратурнай часткі тэатра). А побач яшчэ адзін паэт — Міха (Сяргей Здаранкоў), які ўжо з’яўляецца непасрэдным удзельнікам сцэнічнай дзеі.

Два гэтыя вобразы свядома перакрыжоўваюцца на другім плане, хаця “асабіста” рэжысёр сутыкае іх толькі ў сцэне вясёлай папойкі ў карчме, падкрэсліваючы, што вандроўны паэт-апавядальнік для Міха — той ідэал, якога ён ўвесь час імкнецца дасягнуць, але з-за сваей унутранай баязлівасці і нерашучасці набліжаецца да яго толькі напрыканцы трагікамедыі.

Яшчэ адзін цікавы “персанаж”, які прысутнічае на працягу ўсяго дзейства, — маленькі аркестрык, схаваны ў глыбіні сцэны, за спінамі акцёраў. Першапачаткова ён павінен быў прымаць удзел у сцэнічнай дзеі і задаваць “лейтматыў” кожнай сцэны, але ў выніку менавіта гэткая прыхаванасць і абвастрыла яго функцыю як каталізатара эмацыянальнага стану спектакля.

У фінале белы ветразь надзеі раскрываецца над лодкай, на якой у пачатку спектакля прыплыў у гэтыя мясціны Хуан. Цяпер на ёй адплывае Канчыта. І ветразь гэты — сімвал памяці, якую пакідае Хуан у сэрцах людзей.


Юлія БАЧКАРОВА
На здымку: Дон Хуан — Рыгор Белацаркоўскі. 
Фота Яўгеніі АЛЕФІРЭНКА