Экспедыцыя ў Жалудок

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Два палацы, бізнесмен XVIIІ стагоддзя і падвойныя дываны
Дзякуючы сёлетняму Дню пісьменства, Шчучын стаў вядомы на ўсю рэспубліку. У людзей, хоць неяк звязаных з Заходняй Беларуссю, гарадок выклікаў шэраг успамінаў: хтосьці раптам зацікавіўся станам палаца Друцкіх-Любецкіх, хтосьці з настальгіяй па савецкім мінулым уздыхнуў па ваенным аэрадроме. А мы згадалі леташняю этнаграфічную экспедыцыю “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства”. Асноўнай мэтай даследавання значыўся Мастоўскі раён, але асобныя працоўныя групы заязджалі і ў Шчучынскі. Пра некалькі месцаў, што найбольш запомніліся, — адмыслова для “К”.

/i/content/pi/cult/550/12009/12-2.jpgГарадскі пасёлак Жалудок Шчучынскага раёна найчасцей згадваецца ў СМІ ў сувязі з мясцовым фестывалем кветак, што праходзіць у жніўні. На яго нас, групу даследчыкаў-этнографаў, адразу, толькі сустрэўшы, запрасіў старшыня жалудоцкага сельвыканкама Генадзь Цывінскі. А таксама параіў, да каго завітаць і што паглядзець у “нефестывальныя” дні.

Месца апошняга спачыну Тызенгаўза

Калісьці мястэчка, Жалудок з XV стагоддзя быў вялікакняжацкім уладаннем, а потым належаў розным гаспадарам. Ад роду Тызенгаўзаў, якія валодалі Жалудком у XVIII — першай палове ХІХ стагоддзя, засталася родавая ўсыпальніца ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут пахаваны Антоній Тызенгаўз (1733 — 1785), знакавая постаць для беларускай гісторыі. Яго імя асацыюецца найперш са старадаўняй Гародняй, дзе ён у 1760 — 1780-х быў старастам, заснаваў шэраг мануфактур, тэатр, навучальныя установы. Залататканыя шаўковыя паясы з мануфактуры Тызенгаўза стваралі канкурэнцыю знакамітым слуцкім. Менавіта на гарадзенскую тэхналогію вырабу паясоў арыентуюцца польскія даследчыкі з палацава-паркавага комплекса Вілянуў у Варшаве. Там дзейнічае цэлая майстэрня па вырабе тканін на жакардавых станках. Вядуцца перамовы з Гродзенскім гарвыканкамам аб аднаўленні майстэрні ў Гродне з выкарыстаннем польскага вопыту.

Антоній Тызенгаўз быў адным з найбольш адданых паплечнікаў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Кацярына ІІ стварыла для кантролю над дзеяннямі караля Раду, якую ў польскай гістарыяграфіі класіфікуюць як першы польскі ўрад. Дваццацігадовую дзейнасць караля пад такім кантролем сёння ацэньваюць досыць пазітыўна, хаця яшчэ нядаўна лічылася, што нічога асабліва добрага для дзяржавы ў гэты час не рабілася. Мабыць, варта і беларусам пераасэнсаваць дзейнасць Антонія Тызенгаўза, якая прыпадае на той час. І за гарадзенскім перыядам яго жыцця не забывацца, што гэты руплівец пахаваны ў Жалудку.

Іншы знакаміты прадстаўнік роду — Канстанцін Тызенгаўз (1786 — 1853). Ён лічыцца заснавальнікам арніталогіі, пра што паведамляе мемарыяльная дошка на муры касцёла, змешчаная грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Палац-кінагерой

Другі дваранскі род, што пакінуў па сабе след у Жалудку — Святаполк-Чацвярцінскія. На пачатку ХХ стагоддзя яны збудавалі тут маёнтак. Захаваўся палац, парк, шэраг гаспадарчых пабудоў. Пару гадоў таму маёнтак набыла сям’я прадпрымальнікаў Гаўрылавых з Масквы. Соф’я Гаўрылава з дзецьмі жыве ў Жалудку цэлае лета. Радуецца свежаму паветру, кажа, што тут яе дзеці ўпершыню пабачылі жывую карову. На тэрыторыю маёнтка, абнесеную мурам, пускае вартаўнік. У планах сям’і — рэстаўрацыя палаца, акультурванне парку. Потым на чарзе гаспадарчыя пабудовы.

Падчас рэстаўрацыі паўстае некалькі пытанняў. Хаця палац пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя, фотаздымкаў яго першапачатковага выгляду пакуль не знайшлі. Невядома, якога дакладна ён быў колеру. Ну і кінададатак. У 2009 годзе Андрэй Кудзіненка зняў у Жалудку фільм “Масакра”, а ў 2012 г. Алена Турава — “Кіндэрвілейскі прывід”. Здымаўся так яшчэ кароткаметражны фільм “Дом” Арцёма Лобача ў 2011 годзе. Ва ўсіх стужках палац дапамог стварыць таямнічую і загадкавую атмасферу. Часткі некаторых дэкарацый летась было яшчэ відаць у інтэр’ерах. Можна было б іх захаваць для будучых “кінатурыстаў”, толькі як жа ж быць з “класічнай” рэстаўрацыйнай канцэпцыяй? Пытанне вырашаецца, гаспадары ўзгадняюць свае дзеянні па аднаўленні сядзібы з Міністэрства культуры, і супрацоўніцтвам вельмі задаволеныя.

Тры фільмы, знятыя ў адным месцы, для беларускай кінаіндустрыі — досыць вялікая колькасць. Можна казаць пра традыцыі і тэндэнцыі. Жалудоцкі палац — будынак, канечне, атмасферны. У той жа час, ствараецца ўражанне, што іншых месцаў рэжысёры проста не ведаюць. Лянуюцца шукаць?

Этнаграфічныя калекцыі

Хай і невялікія, затое вельмі цікавыя зборы мясцовых прадметаў традыцыйнага побыту захоўваюцца ў цэнтры народных раместваў і этнаграфічным кутку Дома культуры Жалудка. Бачна, што прадметы збіраліся з веданнем справы, не па прынцыпе “хто што аддасць”.

Цэнтр народных рамёстваў знаходзіўся на рамонце, экспазіцыя змяшчалася толькі ў частцы пакояў. Побач з вырабамі бабуль паказаныя лепшыя творы дзяцей, што наведваюць гурткі пры цэнтры. Глядзець было цікава.

Варта звярнуць увагу на сам будынак Дома культуры: ён месціцца ў перабудаванай сінагозе. Акрамя таго, на вуліцах Жалудка сустракаюцца яўрэйскія дамы, захаваліся яўрэйскія могілкі.

Вялікая этнаграфічная калекцыя захоўваецца на аграсядзібе “Марчукова хата”. Андаракі, паясы, музычныя інструменты… Нас пусцілі як даследчыкаў, але невядома, ці могуць паглядзець на ўсё гэта багацце турысты, што не спыняюцца на аграсядзібе. Прадметы не маюць “музейнага” статусу, гэта прыватная калекцыя. Між тым, адчынены для грамадства музей мог бы стаць дадатковай крыніцай прыбытку для гаспадароў. Пакуль, здаецца, зарабляюць больш традыцыйным для аграсядзіб шляхам: карпаратывы і вяселлі, дні народзінаў і юбілеі… У першы дзень даследаванняў не змаглі пагутарыць з бабуляй, што жыве насупраць аграсядзібы: музыка проста глушыла — нехта святкаваў юбілей. Ці другі дзень вяселля. Не разбярэш, “народныя гулянні” ва ўсіх выпадках адно да аднаго падобныя.

Яшчэ адна сядзіба Святаполк-Чацвярцінскіх захавалася ў вёсцы Ліпічна Шчучынскага раёна. Сядзібны дом згарэў у гады Другой сусветнай вайны, захаваўся сад, бровар, гаспадарчыя пабудовы, дом работнікаў. Усё гэта — каля маляўнічага возера з рыбай і лебядзямі. Вось дзе магчымасць сумясціць “акультурванне” з адпачынкам на прыродзе! Дарэчы, у ліпічанскай бібліятэцы цікавая этнаграфічная калекцыя.

Яркія ўспаміны пакінула вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна. У адрозненні ад Жалудка, які менш фігуруе ў СМІ, было адчуванне, што едзем “у тыя самыя Гудзевічы”. Вельмі хацелі паглядзець літаратурна-краязнаўчы музей, сустрэцца з Алесем Белакозам. Былі і свае, навуковыя мэты: Гудзевічы — адзін з асяродкаў, дзе захавалася двухасноўнае ткацтва, унесенае ў інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Фота з архіва Студэнцкага этнаграфічнае таварыства

Пра этнаграфічныя адметнасці Гудзевічаў на Мастоўшчыне з гэтай экспедыцыі — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"