...бібліятэкі і падпіску

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Уладзімір ГОЛУБЕЎ, чытач газеты, пенсіянер
Завітаў днямі ў сваё паштовае аддзяленне № 33 і працягнуў падпіску на газету “Культура”. А паколькі мне падаецца, што ў выданні заўсёды знойдзеш, што пачытаць, то па суботах, калі бываю на Чыгуначным вакзале, абавязкова набываю яшчэ некалькі асобнікаў, каб раздаць сваім знаёмым.

Адзін нумар “Культуры” традыцыйна прыношу ў бібліятэку, што побач з маім домам. І там ёсць свае чытачы “Культуры”. Шкада толькі, што газету не прыносяць у бібліятэку па падпісцы. Магчыма, гэта жаданне “сэканоміць” грошы. Але ці ж можна на культуру шкадаваць?

З часам гэткая эканомія ўсім нам выходзіць бокам… Усё больш у нас сустракаецца людзей з нізкім узроўнем агульнай культуры, хаця і маюць яны машыны, планшэты, смартфоны, выходзяць у Інтэрнэт. Але і хамства навокал стае…

Мне ўжо 68 гадоў, з якіх амаль шэсцьдзесят карыстаюся адной і той жа мінскай бібліятэкай №3. Раней у ёй выступалі такія пісьменнікі як Іван Мележ, Уладзімір Карпаў, Іван Грамовіч, Міхась Скрыпка, Міхась Калачынскі… Ды і чытачоў было куды больш, чым сёння… Шчасце, што сама бібліятэка яшчэ захавалася. Яна хай сабе і сціпла, але робіць сваю добрую справу… Туды прыходзіць шмат людзей сталага веку, але ёсць і школьнікі — усе тыя, хто працягвае сябраваць з кнігай. Некалькі гадоў таму бібліятэку хацелі зусім зачыніць, але чытачы яе пакуль адстаялі.

Хачу выказаць вялікую падзяку бібліятэкару Тамары Лук’янчык, сапраўднаму прафесіяналу, якая дасканала ведае сваю справу, заўсёды ветлівая з чытачамі, гатовая прапанаваць ім новыя літаратурныя здабыткі.

Я перакананы: бібліятэкі павінны быць, каб не “абваліліся” нашы чалавечыя душы.