Агонь душы і творчы дар...

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Сёлетняя вясна, ранняя, свавольная, аказалася надзвычай шчодрай на юбілеі ў Магілёве. Што ні месяц — то свята. 25 гадоў спаўняецца Заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь “Рунь” вытворчага аб’яднання “МАГАТЭКС”, 70-годдзе святкуе музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, 80 гадоў — старэйшаму ў рэспубліцы Магілёўскаму дзяржаўнаму вучылішчу культуры, 120 — з дня заснавання Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

 /i/content/pi/cult/154/1199/Agonj-duzhy1.jpg

С.Раеўская ў 50-гадовым узросце.

У культурным жыцці горада гэта значныя падзеі: чакаюцца цікавыя мерапрыемствы, запрашаюцца госці, адным словам — ідзе актыўная падрыхтоўка.

Але шкада будзе, калі ў віхуры святочных імпрэз незаўважаным застанецца яшчэ адзін юбілей, няхай сабе ён і не з’яўляецца падзеяй дзяржаўнай важнасці і ўсеабласнога хвалявання, толькі вось да дзвюх апошніх з названых урачыстасцей ён мае непасрэднае дачыненне. У гэтыя дні спаўняецца 85 гадоў Сіме Львоўне Раеўскай — былому балетмайстру Магілёўскага драмтэатра, былой выкладчыцы Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча (цяпер — вучылішча культуры) і на ўсё жыццё выдатнаму педагогу, няўрымсліваму, апантанаму творчасцю чалавеку, прыгожай жанчыне з запальным тэмпераментам.

У Магілёве С.Раеўская — чалавек вядомы, галоўным чынам як удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер ужо мала хто памятае яе адмысловыя, прыгожыя балетмайстарскія работы — цыганскія, венгерскія, малдаўскія, іспанскія, рускія танцы, якія завяршаліся громам апладысментаў, а пасля доўга абмяркоўваліся ў горадзе. Сёння яна ціха жыве адна, трымаючыся за жыццё ўспамінамі пра ваеннае юнацтва, сцэнічную маладосць, творчую сталасць і сумуючы аб мужы, якога кахала, кахае і будзе кахаць да скону.

У 1941 годзе зусім маладзенькай пасля заканчэння студыі пры Ваганаўскім харэаграфічным вучылішчы ў Ленінградзе яна аказалася на фронце. Шматлікія артыстычныя брыгады, даючы тады канцэрты амаль што на перадавой, траплялі і пад абстрэлы, і пад бамбёжкі. У час аднаго з такіх налётаў Сіма Львоўна была паранена. Там,
 /i/content/pi/cult/154/1199/Agonj-duzhy2.jpg

С.Раеўская разам з У.Гадоўскім.

на вайне, пазнаёмілася і з будучым мужам — прыгожым і таленавітым артыстам Андрэем Раеўскім, які працаваў перад вайной у тэатры імя М.Ярмолавай. Пра-прадзед Андрэя — знакаміты генерал Мікалай Раеўскі, што абараняў Айчыну ў 1812 годзе. Тым не менш, па зразумелых прычынах, Андрэй Пятровіч быў вымушаны ўтойваць сваё дваранскае паходжанне.

Пасля вайны ён пачаў працаваць у Магілёўскім драмтэатры, куды яго запрасілі абласныя ўлады, рэжысёрам. Жонка ўладкавалася балетмайстрам у Доме культуры. У 50-ыя гады ў Магілёве, пэўна, самым моцным мастацкім калектывам быў той, што працаваў у Доме культуры швейнікаў і дзе расквітнеў талент С.Раеўскай як пастаноўшчыцы танцаў. Сярод першых яе вучняў быў Анатоль Іваноў. Натхнёны энергіяй кіраўніцы, ён атрымаў потым у Ленінградзе вышэйшую харэаграфічную адукацыю, плённа працаваў у Магілёве, замяніўшы Сіму Львоўну ў тым жа Доме культуры, затым стаў балетмайстрам Дзяржаўнага народнага хору.

У 1960 годзе ў Рэспубліканскім культасветвучылішчы адкрылася харэаграфічная спецыялізацыя. Выкладаць класічны танец накіравалі выпускніц харэаграфічнага вучылішча, але з народнымі танцамі справы не ладзіліся. І вось у сярэдзіне 1962 — 1963 навучальнага года ў танцавальны клас, дзе вучыліся 19 дзяўчат і адзін хлопец, прыйшла Раеўская. Ёй было 40 гадоў, а выглядала — на 25, не болей. Ці трэба гаварыць, як пацягнуліся да яе дзяўчаты, гатовыя займацца з раніцы да вечара? І хлопца, адзінага ў групе, яна растармасіла, нават сольныя партыі яму давярала.

 /i/content/pi/cult/154/1199/Agonj-duzhy3.jpg

Маладыя выкладчыцы З.Макарэвіч і Р.Шульгоўская са сваёй настаўніцай.

Вучылішча стала для Раеўскай не ціхай прыстанню, а домам, поўным клопатаў, дзе вырашаліся не толькі творчыя пытанні. І ўжо першы выпуск харэографаў даў плён: дзвюх лепшых выпускніц запрасілі працаваць у вучылішча. Але спраўлялася С.Раеўская з усім: і са студэнтамі, і з дапамогай калегам, і, як магла, адбівалася ад адміністрацыі, што ўшчувала старшыню прадметнай камісіі па харэаграфіі за супердынамічных танцораў, парушальнікаў ціхага і размеранага тагачаснага жыцця вучылішча. У кожным асобным выпадку дапамагаў характар моцны, валявы, гатоўнасць адстойваць сваю правату да канца.

Акрамя вучылішча, у яе жыцці існаваў яшчэ і тэатр. Калі там здараліся пастаноўкі спектакляў з танцамі, дык запрашалі заўсёды яе. С.Раеўская была адзіным балетмайстрам тэатра доўгі час, пакуль хапала сіл, пакуль яе не падмянілі ейныя вучаніцы.

Са шматлікіх сваіх выпускнікоў Сіма Львоўна вылучае тых, хто змог рэалізаваць сябе ў мастацтве. Адзін з яе “любімчыкаў” Уладзімір Гадоўскі — кандыдат педагагічных навук, загадчык кафедры харэаграфіі Ровенскага гуманітарнага універсітэта, прафесар, якому нядаўна было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны.

Працавітасць, шчырасць, апантанасць у рабоце перанялі многія вучні С.Раеўскай. Яна не ўмела працаваць напаўсілы, таму ж вучыла і таго ж патрабавала ад іншых. Адзін з вучняў Раеўскай — Анатоль Сінкавец, сёння вядомы, паважаны чалавек, начальнік аддзела культуры Магілёўскага аблвыканкама. А пачынаў ён, як і многія выпускнікі, кіраўніком самадзейнага харэаграфічнага калектыву. Атрымаў вышэйшую адукацыю, узначаліў аддзел культуры ў Бабруйску.

З асаблівым гонарам, нават рэўнасна, сочыць яна за тымі з выпускнікоў, што працуюць выкладчыкамі ў вучылішчы. Радуецца поспехам, засмучаецца з-за няўдач і перажывае, калі да яе “дзяўчынак” ставяцца несправядліва. Не зважаючы на ўзрост, Раеўская імкнецца быць у курсе жыцця вучылішча, дзе яе сустракаюць з вялікай павагай.

Няхай так будзе яшчэ доўгія гады!

Ала КАСІНЕЦ,
выкладчыца Магілёўскага дзяржаўнага
вучылішча культуры