С.Раеўская ў 50-гадовым узросце. |
Але шкада будзе, калі ў віхуры святочных імпрэз незаўважаным застанецца яшчэ адзін юбілей, няхай сабе ён і не з’яўляецца падзеяй дзяржаўнай важнасці і ўсеабласнога хвалявання, толькі вось да дзвюх апошніх з названых урачыстасцей ён мае непасрэднае дачыненне. У гэтыя дні спаўняецца 85 гадоў Сіме Львоўне Раеўскай — былому балетмайстру Магілёўскага драмтэатра, былой выкладчыцы Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча (цяпер — вучылішча культуры) і на ўсё жыццё выдатнаму педагогу, няўрымсліваму, апантанаму творчасцю чалавеку, прыгожай жанчыне з запальным тэмпераментам.
У Магілёве С.Раеўская — чалавек вядомы, галоўным чынам як удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер ужо мала хто памятае яе адмысловыя, прыгожыя балетмайстарскія работы — цыганскія, венгерскія, малдаўскія, іспанскія, рускія танцы, якія завяршаліся громам апладысментаў, а пасля доўга абмяркоўваліся ў горадзе. Сёння яна ціха жыве адна, трымаючыся за жыццё ўспамінамі пра ваеннае юнацтва, сцэнічную маладосць, творчую сталасць і сумуючы аб мужы, якога кахала, кахае і будзе кахаць да скону.
У 1941 годзе зусім маладзенькай пасля заканчэння студыі пры Ваганаўскім харэаграфічным вучылішчы ў Ленінградзе яна аказалася на фронце. Шматлікія артыстычныя брыгады, даючы тады канцэрты амаль што на перадавой, траплялі і пад абстрэлы, і пад бамбёжкі. У час аднаго з такіх налётаў Сіма Львоўна была паранена. Там,С.Раеўская разам з У.Гадоўскім. |
Пасля вайны ён пачаў працаваць у Магілёўскім драмтэатры, куды яго запрасілі абласныя ўлады, рэжысёрам. Жонка ўладкавалася балетмайстрам у Доме культуры. У 50-ыя гады ў Магілёве, пэўна, самым моцным мастацкім калектывам быў той, што працаваў у Доме культуры швейнікаў і дзе расквітнеў талент С.Раеўскай як пастаноўшчыцы танцаў. Сярод першых яе вучняў быў Анатоль Іваноў. Натхнёны энергіяй кіраўніцы, ён атрымаў потым у Ленінградзе вышэйшую харэаграфічную адукацыю, плённа працаваў у Магілёве, замяніўшы Сіму Львоўну ў тым жа Доме культуры, затым стаў балетмайстрам Дзяржаўнага народнага хору.
У 1960 годзе ў Рэспубліканскім культасветвучылішчы адкрылася харэаграфічная спецыялізацыя. Выкладаць класічны танец накіравалі выпускніц харэаграфічнага вучылішча, але з народнымі танцамі справы не ладзіліся. І вось у сярэдзіне 1962 — 1963 навучальнага года ў танцавальны клас, дзе вучыліся 19 дзяўчат і адзін хлопец, прыйшла Раеўская. Ёй было 40 гадоў, а выглядала — на 25, не болей. Ці трэба гаварыць, як пацягнуліся да яе дзяўчаты, гатовыя займацца з раніцы да вечара? І хлопца, адзінага ў групе, яна растармасіла, нават сольныя партыі яму давярала.
Маладыя выкладчыцы З.Макарэвіч і Р.Шульгоўская са сваёй настаўніцай. |
Акрамя вучылішча, у яе жыцці існаваў яшчэ і тэатр. Калі там здараліся пастаноўкі спектакляў з танцамі, дык запрашалі заўсёды яе. С.Раеўская была адзіным балетмайстрам тэатра доўгі час, пакуль хапала сіл, пакуль яе не падмянілі ейныя вучаніцы.
Са шматлікіх сваіх выпускнікоў Сіма Львоўна вылучае тых, хто змог рэалізаваць сябе ў мастацтве. Адзін з яе “любімчыкаў” Уладзімір Гадоўскі — кандыдат педагагічных навук, загадчык кафедры харэаграфіі Ровенскага гуманітарнага універсітэта, прафесар, якому нядаўна было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны.
Працавітасць, шчырасць, апантанасць у рабоце перанялі многія вучні С.Раеўскай. Яна не ўмела працаваць напаўсілы, таму ж вучыла і таго ж патрабавала ад іншых. Адзін з вучняў Раеўскай — Анатоль Сінкавец, сёння вядомы, паважаны чалавек, начальнік аддзела культуры Магілёўскага аблвыканкама. А пачынаў ён, як і многія выпускнікі, кіраўніком самадзейнага харэаграфічнага калектыву. Атрымаў вышэйшую адукацыю, узначаліў аддзел культуры ў Бабруйску.
З асаблівым гонарам, нават рэўнасна, сочыць яна за тымі з выпускнікоў, што працуюць выкладчыкамі ў вучылішчы. Радуецца поспехам, засмучаецца з-за няўдач і перажывае, калі да яе “дзяўчынак” ставяцца несправядліва. Не зважаючы на ўзрост, Раеўская імкнецца быць у курсе жыцця вучылішча, дзе яе сустракаюць з вялікай павагай.Няхай так будзе яшчэ доўгія гады!
Ала КАСІНЕЦ,
выкладчыца Магілёўскага дзяржаўнага
вучылішча культуры