Свой сярод сваіх

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Пра міністра культуры БССР цягам 18 гадоў
У размовах з мэтрамі мастацтва часта ўсплывае прозвішча колішняга міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча. Аднак у шырокім доступе інфармацыі аб чалавеку, які амаль 18 гадоў узначальваў сферу культуры Беларусі, акрамя некалькіх радкоў у інтэрв’ю і не знайсці. Ды не проста Міхневіч кіраваў сферай: ён вельмі любіў культуру, лічыў яе справай свайго жыцця. Успамінамі пра бацьку, для каго не было дробязей у прафесіі, падзяліўся з “К” першы намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр МІХНЕВІЧ.

/i/content/pi/cult/549/11987/15-1.jpgКупалаўскі напеў

— Усё пачынаецца ад каранёў. Бацькава сям’я была вельмі інтэлегентная. Мая бабуля Антаніна Антонаўна працавала бібліятэкарам. Вельмі прыгожую ў маладосці дзяўчыну вабіў тэатр. Яна нават выконвала Паўлінку ў самадзейнасці. І пра тое заўсёды гаварылася ў сям’і. Мой дзед па бацькавай лініі пачынаў у настаўніках, потым стаў дырэктарам школы. Міхаіл Францавіч пражыў да васьмідзесяці гадоў. Я яго добра памятаю: дасведчаны, інтэлігентны чалавак, у нашых частых размовах неаднойчы ўзгадваў Янку Купалу — блізкага сябра сям’і. У даваенныя часы паэт часта бываў у дзедавым доме. Яны бачыліся ў Мінску, Оршы, Лепелі. У хатніх архівах, што зараз знаходзяцца ў майго сына, захаваліся падарункі ад Купалы, сумесныя фотаздымкі. Такое асяроддзе наклала на бацьку вялікі адбітак. Яно выхавала ў ім добры густ, інтэлігентнасць, заклала этычныя і маральныя каштоўнасці. З той прычыны Юрыю Міхайлавічу было лёгка знайсці агульную мову з творцамі, ён адчуваў сабе сваім сярод іх, хаця не быў, умоўна кажучы, музыкантам, драматургам ці акцёрам.

Бомбы, мышы і ўчынкі

— У ваеннае ліхалецце Юрый Міхайлавіч не дачакаўся заканчэння школы. Крыху прыпісаўшы ўзрост — па факту яму яшчэ не было васямнаццаці — у 1943 годзе пайшоў у ваеннае вучылішча. Не паспеў ён скончыць вучобу, як патрапіў напрыканцы 1944 года ў стралковы ўзвод ІІ Беларускага фронта. Як вядома, нявопытная моладзь хутка трапляла пад кулі. Вось і мой бацька ўжо праз месяц быў паранены. Ён расказваў: “Гляджу, танк паварочваецца. Выбух — і больш нічога не памятаю. А потым толькі галасы побач: “Таварыш лейтэнант, таварыш лейтэнант!” Пасля ў шпіталі давялося моцна перапужацца: з раны пачалі лезці чарвякі! Доктар жа ўзрадаваўся: “Дзякуй Богу, ты пайшоў на папраўку!”. Не ведаў малады чалавек, што чарвякі, якія заводяцца ў ране, з’ядаюць гной, тым самым ачышчаюць яе. У Вялікую Айчынную вайну не хапала лекаў, выратоўвалі такія натуральныя метады...

Ён быў, па сутнасці, яшчэ хлапчуком. Што яму запаміналася? Толькі добрае, пазітыўнае. Прынамсі, расказваў, як аднойчы нейкая немка пачаставала іх семкамі. Набраўшы безліч сланечнікавых зярнатак, бацька заснуў. А прачнуўшыся, знайшоў у кішэнях толькі шалупенне. “Мышы ў кішэні забраліся і усё з’елі, хоць бы адну пакінулі!”, — з усмешкай прыгадваў ён. Усё мірнае жыццё ён пакутваў на ангіны, таму здзіўляўся, як у вайну — на дзіва! — ніколі не хварэў, нягледзячы на тое, што ад стомы мог ледзь не ў лужыну ўзімку заваліцца спаць.

У памяці заставаліся эмацыйныя ўрыўкі. Прыгадваў Юрый Міхайлавіч, як гранаты ляцелі, а ён адну адкінуў, другую і адчуў, што рукі зводзіць: калі наступная ўпадзе, то ўжо пазбегнуць яе не зможа. Але яна не прыляцела. Немцы палічылі, што тут усе загінулі і адышлі ад месца боя. Так бацька застаўся жыць. Іншым разам фактычна адвёў ад яго смерць прыяцель-капітан. Яны прыйшлі ў вёску, дзе ўжо не павінны былі застацца немцы. У хату першым патрабавалася заходзіць бацьку, але капітан роты апярэдзіў яго: “Не, пачакай, на ўсялякі выпадак я першым пайду”. І адразу патрапіў пад варожы стрэл. Памёр на бацькавых руках...

Вайна для Юрыя Міхайлавіча скончылася на Эльбе. Першы ордэн, які яму ўручылі, быў “за вайну” — Ордэн Чырвонай Зоркі. Гэта ўзнагарода — самая каштоўная ў нашай сям’і. Дзень Перамогі быў для нас светлым святам. 9 Мая заўсёды збіралася ўся сям’я, запрашалі бацькоў з абодвух бакоў, даставалі ордэны, згадвалі былое — гэта вельмі уражвала мяне, потым майго сына. Дарэчы, традыцыя працягваецца: ён перадае тыя аповеды ўжо свайму сыну, якога, дарэчы, назваў у гонар дзеда.

Пасля вайны бацька яшчэ нейкі час служыў камандзірам узвода. Тады адбылася падзея, якую ён лічыў адным з самых значных учынкаў у сваім жыцці. Ва ўжо мірным ліпені ля размяшчэння іх часткі выйшаў немецкі салдат: відаць, абхаднымі сцежкамі дадому прабіраўся. А настрой ва ўсіх быў агрэсіўны, многія згубілі на вайне сваіх родных і блізкіх. Таму адразу прагучала: “Растраляць яго!” Бацька распавядаў, што давялося фактычна стаць грудзьмі, каб выратаваць былога праціўніка: “Збіраецеся страляць — дык страляйце ў мяне! За што яго, без суда і следства, жыцця пазбаўляць? Ён не эсэсавец, а просты салдат — такі ж, як і вы!”. Потым бацька часта ўспамінаў выпадак і разважаў, што недзе жыве той выратаваны ім чалавек...

Знакавая справа

— У якасці наступнай ступені адукацыі бацька абраў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Ён заўсёды валодаў лідарскімі якасцямі, быў самавіты знешне, прыхожы, інтэлігентны, адукаваны. Вельмі хутка пайшоў па камсамольскай лініі, потым стаў першым сакратаром гаркама камсамола Мінска, працаваў у адзеле прапаганды і агітацыі абкама партыі, пасля ўзначальваў адзел культуры. Культура стала для бацькі знакавай справай. Ён ніколі не адносіўся да яе, як да працы — хутчэй, як да справы, якую любіў, разумеў, ведаў, адчуваў.

Гэта было добра бачна астатнім. Таму не дзіва, што Юрыя Міхайлавіча прызначылі намеснікам міністра культуры БССР. А праз пяць гадоў ён узначаліў адпаведнае Міністэрства. Дадам, некалі была спроба ставіць акцёраў, музыкантаў, іншых творцаў на кіруючыя пасады. Як мне бачыцца, нідзе тое не дало жаданага выніку, нейкага прарыву. Гэта зразумела: за рэдкім выключэннем, у адной асобе нячаста спалучаюцца творчыя памкненні і здольнасці арганізаваць працэс. Тут неабходна мець іншыя якасці. Бацька ж валодаў унутранай дісцыплінай, добра ведаў падначаленую галіну, але не ўмешваўся ў творчы працэс. Ён быў на сваім месцы.

Нацыянальны стрыжань

— Чаму Юрый Міхайлавіч так доўга быў пры міністэрскім партфелі? Па-першае, ён лічыў гэта справай свайго жыцця. Па-другое, адносіўся да яе вельмі прафесійна. Бацька лічыў, што развіццё культуры — краевугольны камень для фарміравання грамадства. Ён заўсёды казаў пра культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова і не абмяжоўваў яе дасягненні толькі прафесійным мастацтвам, накшталт тэатральнага, эстраднага, опернага, жывапісу. Ён разумеў, што ўзняцце культурнага узроўню людзей з’яўляецца перспектыўнай справай і заўтра адаб’ецца ва ўсіх сферах.

Ён заўсёды вельмі рупліва адпрацоўваў мерапрыемствы публічнага характару, напрыклад, канцэрты да юбілейных дат ці да вялікіх свят, па некалькі разоў прыходзіў на адзін і той жа спектакль. Пры ўсім тым ён лічыў сваёй галоўнай мэтай стварэнне мастацкай самадзейнасці, шмат казаў пра пошук талентаў у рэгіёнах, дапамогу адораным дзецям, будаўніцтва клубаў на вёсцы. Ён запэўніваў суразмоўцаў, што мастацкая самадзейнасць з’яўляецца стрыжнем нацыянальнай культуры.

Я памятаю, што да звычайных вясковых клубаў ён ставіўся вельмі трапятліва. Шчыра радаваўся, калі адкрываўся новы сельскі клуб. Не раздумваючы, ехаў у Брагінскі раён, потым у Расоны, прыглядаў за будаўніцтвам, “выбіваў” з бюджэту грошы. Я неаднойчы чуў: “Разумееш, вось ад гэтага клуба сетка ўстаноў культуры пойдзе па краіне. Чым больш іх, тым больш людзей мы зможам прывабіць у культуру, дапамагчы ім рэалізаваць сабе ў творчасці”. Гэтую ідэю ён браў за аснову. Камусьці тая работа з клубнай сістэмай краіны падасца руціннай, нябачнай, нават нецікавай, а бацька лічыў яе галоўнай!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"