Захацелася? Атрымалася!

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Схема дзеянняў / Як зладзіць фестываль вулічнай музыкі?
Якое б мерапрыемства не прайшло ў сталіцы ці рэгіёнах, у Сеціве абавязкова сустрэнеш з дзясятак каментатараў, якім яно не прыйшлося да спадобы: “ужо было”, “несучасна”, “шэра”, “а вось я бачыў!..” Лёгка біць пальцамі па клавіятуры, а ці спрабаваў хто з іх арганізаваць свята? Справа напружаная, але дастаткова рэальная. Напрыклад, студэнт 4 курса прыборабудаўнічага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Антон СІМАНКОЎ прапанаваў Мінску фестываль вулічнай музыкі “Месца пад сонцам”. Ад задумы прайшло колькі месяцаў, ён атрымаў падтрымку гарадской адміністрацыі і сёння прадставіць праект перад мінчанамі і гасцямі сталіцы на чатырох канцэртных пляцоўках Верхняга горада. Такім чынам Мінск далучаецца да шэрагу суседніх сталіц і буйных гарадоў замежжа, дзе падобныя імпрэзы — норма. Схему праходжання ад ідэі да рэалізацыі Антон распявёў “К”.

/i/content/pi/cult/549/11983/12-1.jpg“Проста захацелася!”

— Я з тых, каму не стае ў горадзе нефармальнай творчай атмасферы, якая лунала над пешаходнай часткай вуліцы Карла Маркса, але знікла разам з тым праектам, — зазначыў Антон. — Дзесьці паўгода таму нам з сябрам Дзмітрыем Цішко захацелася сабраць на адной пляцоўцы вулічных музыкантаў. Зрэшты, Дзіма — будучы рэжысёр, студэнт 5 курса Акадэміі мастацтваў (творчая майстэрня Мікалая Пінігіна). Мы з ім хадзілі па пераходах, прасілі ў выканаўцаў на далейшае нумары тэлефонаў. Хутка мы мелі добрую базу творцаў.

Збіраем каманду

— Калі ідэя больш-менш аформілася, пачаў збіраць каманду, кінуўшы кліч на адмысловым партале. Талакой справа пайшла хутчэй. Прынамсі, дзве дзяўчыны на валанцёрскіх пачатках дапамагалі тэлефанаваць музыкантам, дамаўляцца на выступленні. Ніхто, між іншым, нам не адмовіў, нягледзячы на тое, што за свае нумары яны не атрымаюць ганарары. Удзельнікі падтрымалі прапанову Дзімы перадаць грошы, якія могуць пакласці слухачы ў традыцыйны для вулічных музыкантаў капялюш, спартыўна-рэабілітацыйнаму комплексу “Эгалітэ”. Спадзяемся, мы зможам хаця б крыху дапамагчы сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі людзей з інваліднасцю...

Праект набіраў абароты, мы стварылі адмысловыя групы ў сацсетках. Менавіта там нас пабачыў і прапанаваў сваю дапамогу супрацоўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Уладзімір Галак. Так у нас з’явіўся трэці суарганізатар. Уладзімір праводзіў форум вулічных тэатраў ля Ратушы, таму вопыт гэтага прафесіянала — своечасовы. Ён кансультуе мяне па пытаннях, у якіх я, у прынцыпе, некампетэнтны, бо ўпершыню ўзяўся за рэалізацыю буйнога праекта.

Афіцыйная дапамога

— Знаёмства з уладамі пачалося з Мінгарвыканама. На нашу заяўку прыйшла адмова. Аднак мы не разгубіліся. Дзіма прапанаваў паспытаць шчасце ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы. Амерыканскі эколаг Бары Каманера некалі сфармуляваў закон: “Усё звязана з усім”. Якраз у адміністрацыі Маскоўскага раёна была намечана праграма напрыканцы жніўня ў Верхнім горадзе. Наша ідэя аказалася да месца і часу. Адразу ўсё закруцілася. Культработнікі дапамаглі з тэхнічным забеспячэннем, вырашалі папяровыя справы, узялі на сабе адміністрацыйныя працэдуры, узгадненні. Дзякуй ім, што займаюся творчым напаўненнем фестывалю, а не ўсялякімі ўзгадненнямі.

Без манеты справа ладзіцца

— У нас няма ніякай фінансавай падтрымкі, спонсараў. Але ўпэўніўся, калі побач неабыякавыя людзі, можна звярнуць горы, не ўкладваючы амаль ні капейкі. PR-кампанію мы распачалі ў сацсетках. Тую інфармацыйную хвалю падхапілі спачатку буйныя інтэрнет-парталы, потым і іншыя медыя. Уладзімір Галак прыдумаў лагатып фестывалю, дызайнер-валанцёр распрацаваў макет афішы. Дарэчы, мы не будзем раздрукоўваць яе, запусцім толькі ў Сеціве, балазе там інфармацыя разлятаецца на раз.

Мае ўласныя выдаткі? На тэлефонныя перамовы з музыкантамі. Сцэна нам непатрэбная: наш праект сапраўды вулічны. Апаратуру, калі яе не прывозяць з сабой самі выканаўцы, прадастаўляе ўпраўленне ІРКСМ Маскоўскага раёна. Адміністрацыя кафэ і крам, побач з якімі мы будзем ладзіць канцэртныя пляцоўкі, дазволіла выкарыстаць іх магчымасці для падключэння інструментаў і ўзмацняльнікаў. Паўсюль нам ідуць насустрач. Як бачыце, праект цалкам валанцёрскі.

Фінальны дзень

— Сёння з 13 да 18 гадзін больш за 30 калектываў выступяць на чатырох пляцоўках Верхняга горада. Адна — непасрэдна ля Ратушы. Там будзе тэатр танца “Альтана”, дзіцячыя калектывы, выступіць з хангам Іван Крыванос з праекта “Хангмелеон” і Ягор Цюкін, які прадэманструе біт-бокс на флейце. На другой пляцоўцы, што будзе на вуліцы Герцана, узрушэнне падораць гукі джаза, блюза, soul. Трэцяе месца збярэ музыкантаў, якім не патрэбны пульты і ўзмацняльнікі. Там чакаюць прыхільнікаў акустычных нумароў. Ля карэтнай майстэрні на вуліцы Кірылы і Мяфодзія стаіць барабанная ўстаноўка, добры пульт: тут запланавана рок-пляцоўка. Мы ж з суарганізатарамі будзем займацца каардынацыяй усіх задзейнічаных, арганізоўваць падыходы да пляцовак, пераходы з адной на другую (ёсць выканаўцы, якія будуць выступаць у некалькаіх месцах).

Зрэшты, мне распавялі, што ў Расіі існаваў падобны фестываль. Спачатку там збіралася некалькі дзясяткаў бардаў, з кожным годам спіс удзельнікаў пашыраўся, колькасць сцэн павялічвалася, пачалі прыязджаць музыканты не толькі з розных абласцей суседняй краіны, але і з-за мяжы. Я бачу, у што можа перарасці наша маленькая ініцыятыва. Спадзяюся, праект сапраўды займее працяг!

 

Каментарый з нагоды:

Алена ПІСКУНОВА, загадчык сектара культуры ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска:

— Мы адкрыты для любой ініцыятывы, заўсёды прыслухоўваемся да пажаданяў і слушных прапаноў грамадзян. Прынамсі, дзякуючы гарачаму жаданню жыхароў пэўных кварталаў і мікрараёнаў у Маскоўскім раёне адбыліся “Фэст на Грушаўцы”, святы “Малінавая гарбата” і “Малінавыя замкі” ў парку імя Міхаіла Паўлава. На чарзе — рэалізацыя задумы фестывалю вулічных музыкантаў у Верхнім горадзе. Супрацоўнікі адміністрацыі дапамагаюць арганізатарам скіраваць іх задумы ў адпаведнасць з заканадаўствам аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Як правіла, у наш сектар культуры звяртаюцца з вуснымі прапановамі. Мы просім выкласці іх на паперы, прадумаць, якім чынам іх магчыма рэалізаваць. У гэтым выпадку і нам лягчэй прапанаваць варыянты ўвасаблення, размеркаваць абавязкі: што мы бярэм на сябе, што застаецца ў сферы дзейнасці ініцыятараў. Да звароту просім прыкласці спіс магчымых выканаўцаў, інфармацыю пра гэтых творцаў, пры магчымасці — электронныя спасылкі на іх працы.

Адразу глядзім, канешне, на змест. Хочацца, каб задуманае развівала лепшыя якасці чалавека. Жыхары сталіцы — людзі спакушаныя культурнымі дзеямі, яны хочуць якасных святаў, таму прадстаўленыя нумары павінны быць эстэтычнымі, прыгожымі, змястоўнымі, прафесійна зладжанымі. Зразумела, мы не падтрымліваем ненарматыўную лексіку, палітычна скіраваныя дзеі.

Адміністрацыя раёна бярэ на сабе вялікі кавалак працы ў плане арганізацыі: падрыхтоўчая работа на будучай пляцоўцы, арганізацыя той жа санітарнай зоны для наведвальнікаў. Вырашаем шмат аргпытанняў, каардынуем план мерапрыемства, парадак выступленняў. Пры неабходнасці забяспечваем апаратурай, тэхнічным абсталяваннем. Расстаўляем акцэнты для арганізатараў і валанцёраў: дапамагаем ім арыентавацца, што неабходна зрабіць, прадугледзець, чаму надаць увагу. Але творчае напаўненне свята, безумоўна, застаецца за каардынатарамі праекта.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"