Століншчына, Чавушчына, Браслаўшчына...

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г


/i/content/pi/cult/549/11981/10-2.jpgСтоліншчына / Спець дуэтам

Днямі па запрашэнні латвійскага боку дэлегацыя Століншчыны прымала ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 830-гадовага юбілею Ікшкільскага краю.

Падчас паездкі ў Літву афіцыйная дэлегацыя Століншчыны, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, правяла сустрэчы ў дзелавых колах, цікавілася развіццём прадпрымальніцтва і прадпрыемстваў малога бізнесу, знаёмілася са славутасцямі Ікшкільскага краю.

У святочных мерапрыемствах прэзентаваць нацыянальную культуру Беларусі быў запрошаны народны інструментальны ансамбль “Брыз”. Калектыў трэці раз ўдзельнічае ў Днях Ікшкільскага краю і ўжо набыў за гэты час сяброў у асобе хору “Суаре”. З кожнай сустрэчай сяброўскія сувязі гарадоў-пабрацімаў Ікшкіле і Століна толькі мацнеюць. А ў творчых планах мастацкіх калектываў — выканаць сумесны твор.

За ўклад у развіццё культурна-міжнароднага супрацоўніцтва, прэзентацыю нацыянальнага мастацтва і беларускай песні, за ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах наш ансамбль “Брыз” узнагароджаны ганаровай граматай мясцовай Думы.

Галіна ГАШЧУК


Чавушчына / Здабыць агонь

15 жніўня ў другі раз вёска Радамля Чавускага раёна становіцца месцам правядзення міжрэгіянальнага этнічнага свята "У госці да Радзімічаў". Існуе гіпотэза, што племя радзімічаў асвойвала міжрэчча Дняпра і Дзясны менавіта з тэрыторыі, дзе цяпер знаходзіцца Радамля. Падчас даследаванняў археолагі высветлілі, што ў XII — XVII стагоддзях ў Радамлі існаваў феадальны замак.

Мясцовыя ўлады ўпэўнены, што свята садзейнічае развіццю мясцовай тэрыторыі, турыстычнай інфраструктуры, актывізацыі малога і сярэдняга бізнесу, прыцягненню жыхароў да мясцовай культуры.

Арганізатары акцыі распрацавалі турыстычныя карты-схемы зялёных маршрутаў пад назвамі "Радамля — старажытны горад радзімічаў", "Жывая вада", "Стары паштовы гасцінец", з якімі можна было азнаёміцца ў час імпрэзы.

Гасцей і турыстаў, а таксама мясцовых жыхароў чакала тэатралізаванае прадстаўленне пад назвай "Падарожжа ў мінулае", якое адбылося на імправізаванай пляцоўцы ля замкавай гары. Менавіта тут, па эскізах з месца археалагічных раскопак, было адноўлена традыцыйнае жыллё радзімічаў ІХ стагоддзя, а таксама выкладзена з камянёў і гліны самабытная печ. Цікавую тэатралізацыю, у аснову якой леглі падзеі легендарных Х — ХІI стагоддзяў, падрыхтавалі супрацоўнікі Чавускага РДК, што выйшлі да публікі ў строях і з ўпрыгожаннямі, зробленымі па ўзорах, знойдзеных ў раскопах. Кульмінацыяй дзеі стала здабыванне жывога рытуальнага агню.

Арганізатары прадставілі канцэртную праграму, у якой прынялі ўдзел студэнцкія этнаграфічныя таварыствы Мінска і Магілева, народны фальклорны ансамбль "Горскія харашухі" з Краснапольскага раёна, дуэт "Дзівабора" з Мінска, народны фальклорны ансамбль "Паршынскія зоры" з Гораччыны, фальклорны гурт "Вербніца" Іванаўскага СДК Хоцімскага раёна і іншыя.

Адным з галоўных эпізодаў святочнага кірмашу стала кулінарная прэзентацыя, на якой жыхары вёскі Радамля прадставілі стравы мясцовай кухні.

Аляксандр ГЛУЗДОЎ, вядучы метадыст Магілеўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР


Браслаўшчына / Былы млын запрашае

Музей традыцыйнай культуры ў Браславе размяшчаецца ў адрэстаўраваным будынку былога млына — помніка архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Тут можна пазнаёміцца з экспазіцыямі, якія распавядаюць пра народныя рамёствы рэгіёна, а адкрытыя інтэр’еры майстэрняў дазваляюць паназіраць за тэхналагічнымі працэсамі вырабу рукачынных рэчаў.

Ёсць тут і выставачная зала, а яшчэ можна пакарыстацца такой паслугай, як шлюбная цырымонія ў музеі з атрыбутамі старадаўніх традыцый. Абрадавае вяселле праводзіцца пасля ўрачыстай рэгістрацыі ў ЗАГСе, вянчання ў храме. Маладым і іх гасцям усё гэта даспадобы.

На музейнай тэрыторыі пад адкрытым небам ладзяцца кірмашы рамёстваў, дзе можна пабачыць рэчы, вырабленыя па старажытных тэхналогіях, пра захаванне якіх вось ужо на працягу 25 гадоў дбае народны клуб мастакоў і майстроў “Ля возера”. Упадабаную рэч можна купіць на памяць, тым больш на кірмашы яна каштуе значна танней, чым у сувенірных лаўках. Іх з задавальненнем наведваюць і браслаўчане, і турысты.

Кожны кірмаш супрацоўнікі музея стараюцца зрабіць неардынарным і рыхтуюць для наведвальнікаў розныя сюрпрызы. Сёлета ім стала адкрыццё выстаўкі “Браслаўская палітра”.

Адзін з кірмашоў прайшоў пад назвай “Сустрэча сяброў”. У госці да браслаўчан у гэты дзень завітаў вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. Латвійскія беларусы прыехалі па праграме супрацоўніцтва. Горад на Заходняй Дзвіне славіцца беларускай песняй, але не мае майстроў, якія б валодалі тэхналогіямі традыцыйных рамёстваў. Беларускія спецыялісты праводзяць для латышскіх сяброў майстар-класы. Яны прайшлі сёлета па пісанцы і свістульцы, пляценні паясоў. Прайшла ў Даўгаўпілсе і выстаўка габелену кіраўніка народнага клуба “Ля возера” Наталлі Парахневіч.

Заключны ж жнівеньскі кірмаш рамёстваў прайшоў на Мядовы Спас. Як заўсёды, тут было шмат рукачынных вырабаў браслаўскіх майстроў — залацістыя кветкі з саломы, шкатулкі з паперы, лялькі-абярэгі, габелены, рознакаляровыя посцілкі, мэбля з лазы, цацкі …

Зінаіда ПАЛУЛЕХ

Фота аўтара