Праўда гісторыі: памяць і боль

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

22 сакавіка ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе “Хатынь”, у дзень 65-ых угодкаў трагедыі, пройдзе Агульнарэспубліканская патрыятычная акцыя “Хатынь — усенародны боль і памяць”. Чакаецца, што ўдзел у мітынгу-рэквіеме прымуць Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Генадзь Нявыглас, кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама, дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і, вядома, ветэраны вайны. Чакаецца таксама, што на мітынгу выступяць, у ліку іншых, і непасрэдныя сведкі фашысцкіх злачынстваў.

У той самы дзень у Сілічах пад Лагойскам пройдзе “круглы стол”, на якім будуць абмеркаваны актуальныя пытанні міжнароднага музейнага супрацоўніцтва. Узяць удзел у яго працы запрошаны прадстаўнікі мемарыялаў спаленым вёскам з Расіі, Латвіі і Літвы. Па словах намесніка дырэктара па навуковай і ідэалагічнай працы Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Наталлі Кірылавай, цяпер аб’яднанне намаганняў аднадумцаў з розных краін як ніколі патрэбна:

— Галоўная мэта і асноўная ідэя гэтай акцыі — захаванне памяці. Як вядома, цяпер нямала ахвотных перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны, паставіць пад сумнеў гістарычную праўду. І сумеснымі намаганнямі мы павінны перашкодзіць развіццю гэтых згубных тэндэнцый.

 /i/content/pi/cult/154/1198/Khatynj1.jpg
Дзве вясны ў Хатыні


У Хатыні 22 сакавіка 1943 года было яшчэ снежна. Ды зыркае веснавое сонца добра-такі прыпякала, і па дарозе, санным следам, беглі гаваркія і жвавыя раўчукі. На дрэвах ва-ўсю шчабяталі-заліваліся шпакі. Ідылію абарвала аўтаматная чарга. З хлява, ахопленага полымем, выбягалі людзі, і карнікі, стоячы паўкругам насупраць дзвярэй, стралялі — прыцэльна і без жалю…

Той дзень вясны быў бясснежным і цёплым. Мая машына бегла ў Хатынь па асфальтавай шашы. Па радыё перадавалі навіны. Дыктар амаль бесстароннім голасам паведаміў аб дэманстрацыі неанацыстаў у сталіцы адной з прыбалтыйскіх дзяржаў.

Чаму, як так сталася, што праз дзесяткі гадоў пасля Другой сусветнай вайны, пасля Нюрнбергскага працэсу, які закляйміў фашызм, уздымаюць галаву вылюдкі? Гэта што — спадчыннае вар’яцтва? Няведанне ўрокаў гісторыі? Што гэта?

З такімі думкамі на 50-ым кіламетры Лагойскай шашы я звярнуў направа на павароце, каля бетонных літар — “ХАТЫНЬ”.

Памятаецца, Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, прапануючы мне зрабіць альбом пра Мемарыяльны комплекс “Хатынь”, дадаў пушкінскае: “Сюда не заростет народная тропа…” І праўда, у Хатыні былі людзі.

— Мы з Піцера, — адказалі двое мужчын на маё пытанне, якім ветрам занесла.

— Я даўно хацеў свайму калегу Сяргею, карэннаму ленінградцу, паказаць Хатынь; там на могілках вёсак — і вёска Сітніцкі Двор з майго Лунінецкага раёна. У 1984 годзе мяне,
 /i/content/pi/cult/154/1198/Khatynj2.jpg
выпускніка БПІ, размеркавалі ў Ленінград, і вось цяпер я — беларус — грамадзянін Расіі. Ды Радзіма вабіць... Міхаіл Коўшык, родам з вёскі Дварэц Лунінецкага раёна, — прадставіўся ён.

Пытанне, што гняло мяне, я сябрам задаваць не стаў, — яны пайшлі далей па Хатыні.

Прыехалі яшчэ дзве машыны з беларускімі нумарамі. У адной з іх (бывае ж такая выпадковасць!) быў мой сябра, архітэктар Сяргей Асташонак, а разам з ім — калега з Масквы.

Сапраўды, сюды не зарасце народная сцяжына...

“Мы не памятаем ужо вайны” — так называецца песенны цыкл кампазітара Валерыя Іванова і паэта Аляксандра Лягчылава. З болем і гонарам за подзвігі слухаеш гэтыя песні. Але не дае спакою тая трывожная інфармацыя па радыё... Можа, і сапраўды памяць сцірае былое?

Не! Такое не сцірае.

 /i/content/pi/cult/154/1198/Khatynj3.jpg
Мармуровыя калодзежы ля зрубаў, у вадзе якіх— манеты розных краін і папяровыя беларускія рублі. Звычай многіх народаў.

На зрубах — таблічкі з імёнамі і прозвішчамі тых, хто згарэў жывым. І ўзрост дзяцей: 2 месяцы, 3 гады, 7 гадоў...

Вясна з цёплымі вятрамі буяла ў Хатыні. Пупышкі на яблынях набрынялі і вось-вось з іх вымкне лісцё. Блакітнае неба абяцала бязветранасць.

Спакой. Толькі званы на комінах колішніх печаў рытмічна ўрываліся ў яго, нагадваючы аб трагедыі 1943 года.

Шпакі, вярнуўшыся з выраю, спявалі ва-ўсю...


Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара