І “дробязі”, і “Салаўё”

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Пра цяжкае, крохкае, нематэрыяльнае і… дым / Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Бярозаўка
Як вы памятаеце, фірмовыя абаранкі са Смаргоні мне абяцаў прывезці скульптар Уладзімір Церабун. Па нейкім жудасным збегу абставін “пусты” я вярнуўся і з “хрустальнай сталіцы Беларусі” — з горада Бярозаўка Лідскага раёна. Не, з уражаннямі ўсё было ў ажуры, але нічога з эксклюзіўна-рэчыўнага я зноў дадому не прывёз. Зноў адна надзея на героя гэтай рубрыкі, што абярэ ён у краме ў дадзеным выпадку самую прыгожую і ёмістую румку для журналіста. Дзмітрый “Тодар” Вайцюшкевіч — музыкант і хутаранін у першым пакаленні — стаў для мяне гідам па ўстановах культуры Бярозаўкі, пад уплывам якіх ён рос, набіраўся розуму і матаў на вус назіранні, якія, верагодна, дапамаглі яму ў будучай творчасці.

/i/content/pi/cult/549/11979/10-1.jpgЁн нарадзіўся тут

У Бярозаўцы Дзмітрый пражыў 15 гадоў, з’ехаўшы з яе паступаць у Лідскае музычнае вучылішча (цяпер — Лідскі дзяржаўны музычны каледж):

— У коле маіх сяброў у плане культуры горад заўсёды лічыўся такім, што не саступаў Лідзе або Навагрудку. У мясцовым Доме культуры былі выдатны духавы аркестр, харавая капэла, легендарны вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры” — аднагодак “Песняроў”, які існуе і сёння. Да ўсіх гэтых калектываў меў дачыненне і я — у рознай ступені. У найбольшай — да аркестра. Быў і рок-гурт “Stolle”, музыкант якога Віктар Лебядзевіч з’яўляўся кумірам для нефармальнай моладзі Бярозаўкі. Славіўся горад і, само сабой, майстрамі мастацкага шкла, вітражыстамi, жывапісцамі, такімі, як вядомыя ва ўсім свеце Уладзімір Мурахвер, Вольга Сазыкіна, Аркадзь і Марта Анішчыкi. Дуэт апошніх у тым жа ДК вялі Студыю выяўленчага мастацтва. А якія былі масавыя гулянні на Нёмане, як адзначалі Дзень Нептуна!..

Тыя, хто знаёмыя з творчасцю Вайцюшкевіча не толькі па запісах, але і “ўжывую”, ведаюць пра яго своеасаблівую манеру на сцэне, калі ён падчас выступленняў дэманструе розныя па. Вытокі такіх перформансаў бяруць свой пачатак, магчыма, са школьнага танцавальнага гуртка, які наведваў Дзмітрый. “Па — гэта занадта гучна сказана, харэаграфічнымі навыкамі я валодаю, і нават у балетнага станка магу што-небудзь паказаць, але свае эстрадныя крыўлянні я называю ўбогiм пераймальніцтвам Сашы Куллінковіча, — смяецца герой артыкула. — А на танцы я навошта хадзіў? Вядома, каб паабдымацца з партнёркай. Асабліва прыемна гэта было рабіць гарачым летам, калі дзяўчынкі падчас заняткаў у гуртку пераапраналіся ў кароткія маечкі. Сэрца замірала, калі далоні дакраналіся да ямачак на іх таліях...”

— Што добра было ў Савецкім Саюзе, дык тое, што ўсе гурткі былі бясплатнымі, — працягвае прэлюдыю артыст. — Асабліва важным гэта сталася для нашай сям’і: рана не стала бацькі, і жылі мы з мамай у грашовым стаўленні вельмі сціпла. Так што фартэпіяна, пра якое я марыў, мне так і не купілі. І ў музычную школу, у якой вучылася граць на гэтым інструменце маё першае каханне, адпаведна, не паступаў. А пайшоў у другім класе ў духавы аркестр нашай школы.

У Гарадскім ДК грае духавы аркестр...

А яго колішні кіраўнік Віктар Зуеў (дарэчы, ён стварыў і той самы школьны духавы аркестр) сустракае нас ля дзвярэй установы. Абдымкі настаўніка і вучня, абмен рэплікамі — і вось мы праходзім ў будынак. Мяркуючы па тым, як наш герой упэўнена перасоўваецца ў ім, не падобна, каб ён не быў тут гадоў “-наццать”. Сапраўды: ужо замацаваўшыся ў Мінску, засвяціўшыся ў гуртах “Палац” і “Kriwi”, а затым стварыўшы ўласны “WZ-Orkiestra”, Тодар падчас візітаў у Бярозаўку не забываў забегчы і ў ДК. У складзе “Палаца” і “Kriwi” даў некалькі канцэртаў на яго сцэне, выступаў сольна і разлічвае на чарговыя з’яўленні тут у якасці артыста. Зазіраючы сюды і цяпер, стараецца быць у курсе ўсяго, што адбываецца ва ўстанове.

— Толькі ў бібліятэку не заходжу, — сумеўся Дзмітрый. — Напэўна, здзіўлю аматараў маей творчасці, але я не вельмі чытаючым падлеткам быў (у адрозненне ад бацькі, які перачытаў усю бібліятэку), а калі ўсё ж такі браў якія-небудзь кніжкі, то, бывала, забываў нешта здаць назад. Да аўтэнтычных тэкстаў, да паэзіі я падбіраўся паступова. А ў ДК спачатку прыходзіў зусім-зусім маленькім і “выпадкова” — на нейкія канцэрты, балі, ранішнікі, навагоднія ёлкі. А гадоў у дзесяць запісаўся ў танцавальны гурток Дома культуры: услед зноў-такі за тым маім каханнем. Праз год пачуццё прайшло, сталі паралельна і паслядоўна ўзнікаць капэла, ансамбль, у якім я граў на барабанах, духавы аркестр. Але ўсур’ёз першым з інструментаў я пачаў асвойваць саксафон, менавіта на клас па ім ехаў паступаць у Лідскае музвучылішча, але, паколькі недаасвоiў яго, а класа саксафона ва ўстанове не аказалася, то паступіў на аддзяленне кларнета.

— Дзіма, вядома, гонар і нашага горада, і нашага ДК, — уступае ў размову дырэктар Дома культуры Ларыса Карацько. — Распавядаючы дзецям пра вядомых выпускнікоў ДК, мы заўсёды ў якасці прыклада прыводзім і яго. Спадзяёмся, у новым пакаленні “гурткоўцаў” вырастуць тыя, хто, як і Дзіма, гэтак жа глыбока стануць займацца беларускай культурай, ярка і беражліва даносіць яе публіцы на прафесійным узроўні.

ДК уключае ў сябе аж 24 клубныя фарміраванні! Танцавальныя калектывы, спеўныя, інструментальныя і вакальна-інструментальныя, студыю выяўленчага мастацтва і спартыўную, гурток вывучэння замежных моў, сямейнае аб’яднанне “Сваякі” і маладзёжнае “Бумеранг”, якое займаецца цяжкімi падлеткамi...

— Мы разумеем, што зараз завабіць моладзь у любыя ўстановы культуры — і як наведвальнікаў гурткоў, і як гледачоў — справа няпростая, таму думаем над новымі формамі ў нашай працы, укараняем іх, — дзеліцца Ларыса Андрэеўна. — Напрыклад, караоке-батл, які адразу набыў папулярнасць, рэгіянальны фестываль-конкурс сельскіх дзіцячых танцавальных калектываў “Крышталiкi” запрашаюць”, ініцыятарам і арганізатарам якога з’яўляемся мы.

Радуе дырэктара і тое, што “кроў” у яе ўстанове не застойваецца ў тым сэнсе, што ў апошнія два гады яна папоўнілася трыма новымі супрацоўнікамі.

— І што, праблем з жыллём не было? — цікаўлюся я.

— Дзве жанчыны — з Бярозаўкі, а маладой спецыялістцы далі пакой у інтэрнаце. Ёсць у нас вакансія хормайстра. Прыезджаму спецыялісту таксама забяспечым месца пражывання. З гэтым цяжкасцей няма.

А турбуюць спадарыню Карацько добра знаёмыя кіраўнікам розных устаноў культуры “дробязі”: ДК неабходна новая мэбля, патрабуе даўкамплектацыi светлавая і гукавая апаратура...

Ашклянелыя

У музеі шклозавода "Нёман" Дзмітрый быў... усяго аднойчы. Амаль 30 гадоў таму. Хаця на прадпрыемстве працавала практычна ўся радня музыканта, уключаючы, у нейкай ступені, і яго самога. А некаторыя аднакласнікі і знаёмыя Тодара працуюць тут і дагэтуль.

— Паспрабаваўшы гэты “хлеб”, а значыць, як спецыяліст, магу адказна заявіць: магіяй, вядома, ён валодае, — сцвярджае герой гэтых радкоў. — Калі быццам бы з нічога атрымліваецца такая прыгажосць ды яшчэ ты сам да ўсяго гэтага працэсу спрычыняешся.

Вось гэта цудоўнае і прадстаўлена ў музеі ў выглядзе ваз, фужэраў, куфляў, падсвечнікаў, статуэтак, фігурак звяроў і іншых прадметаў, вырабленых у пачатку стагоддзя і ў нашы дні. За год установу, прылеглую да заводскай тэрыторыі, наведвае каля 15 тысяч чалавек. Захапляючыся экспанатамі, мы з Дзмітрыем дыскутавалі пра тое, што, можа, варта было б музей размясціць зусім па-за прадпрыемствам? Людзям тады аказалася прасцей у яго патрапіць, не падладжваючыся пад групавыя экскурсіі, якія праводзяцца тут (разам з наведваннем завода) па загадзя ўзгодненых днях і гадзінах. (Праўда, валу турыстаў у горадзе-дванаццацітысячніку не назіраецца.) І фантазіравалі мы, што падлогі, пакрытыя трывалым каляровым шклом, глядзеліся б у памяшканні больш эфектна, чым цяперашні паркет. Што фонам магла граць лёгкая прыемная інструментальная музыка або гучалі б шчырыя песні пра раку Нёман...

Агратурызм на прыкладзе…

Дзмітрый са сваёй сям’ёй жыве на два дамы: у бацькоў яго жонкі пад Мінскам ёсць жылплошча, і яны заўсёды гатовы прадаставіць яе для сям’і дачкі (Галіна Казіміроўская — кіраўнік хору “Concordia Choir” пры Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце). Асноўны ж “дах” — хутар Вайцюшкi, які знаходзіцца на Навагрудчыне паблізу ад вёскі Васілевічы. Ідэя асталявацца ў бацькоўскіх краях паўстала ў Дзмітрыя, калі ён перасягнуў мяжу 30-годдзя, у пачатку 2000-х: “Гэта быў эмацыйны парыў, але за ім стаяў багаж пражытых гадоў, поспехаў і няўдач — творчых і асабістых. Я адчуваў, што павінен вярнуцца да сваіх каранёў назаўжды. І вось у 2006 годзе, гледзячы на набытую хату-развалюху, на ўжо свой хутар, з палёгкай уздыхнуў: “Ну, нарэшце ў мяне з’явілася нешта сваё”.

Але думкі аб аграбізнесе тады артыста яшчэ не свідравалi, як і пра тое, што месца гэта з часам павінна напоўніцца нейкім філасофскім зместам. Толькі праз пяцігодку артыст зарэгістраваўся як аграэкапрадпрымальнiк, але турыстаў стаў прымаць крыху больш за год таму. Да іх паслуг маюцца гасцявы дом з пяццю спальнямі, з лазняй, дзіцячая пляцоўка. За паўкіламетры — найчысцейшы Нёман, у лесе — грыбы і ягады, на стале (пад заказ) — стравы беларускай кухні. Пазіцыянуе гаспадар сваю аграсядзібу як месца адпачынку для людзей, якіх ён ведае асабіста, і тых, каго яны рэкамендуюць, для тых, хто, не пабаюся ніжэй прапісанага пасажу, падзяляе жыццёвую і творчую канцэпцыю Дзмітрыя.

Не выключае музыкант пашырэння гаспадаркі (аб’ёмы, тэрміны, тэмпы будуць залежаць ад таго, наколькі паспяхова складзецца бізнес: пакуль Дзмітрый называе свой занятак “лянівым маркетынгам” і “інвест-праектам”, укладаючы ў яго сродкі, атрыманыя, у прыватнасці, ад артыстычнай дзейнасці). Хочацца абзавесціся асабістым курына-гусіным падворкам, вырошчваннем лекавых траў. І ўжо цяпер, напрыклад, ідзе будаўніцтва альтанкі, прызначанай для правядзення канцэртаў. А як фестывальная пляцоўка яго 29 сотак дзейнічаюць каля пяці гадоў.

Адсюль — падрабязнасці

Дзмітрый не збіраецца ператвараць хутар на час мерапрыемстваў, якiя праводзяцца ў ім, у нешта падобнае на “Шаблі” або “Камянiцу” з іх “закручанасцю” на масавасць, спадарожнымі асноўнаму дзейству праектамі і ўмоўнасцямі... Тут “сэйшны” носяць лакальны характар, што ні ў якім разе не ўплывае на якасць духоўнай спажывы. Летась адбылося 7 фестываляў рознай скіраванасці. Тры гады запар святкавалі Купалле, двойчы арганізоўваліся кінапаказы старых, нямых карцін (у музычным суправаджэнні Сяргея Пукста: “Фартэпіяна купілі спецыяльна пад яго”, — жартуе Дзмітрый), з джазавай праграмай выступіў дуэт Канстанціна Гарачага і Аляксандра Шувалава (“Вясковыя жыхары сыходзілі пасля яе з нейкімі іншымі вачыма”, — каменціруе Дзмітрый). А яшчэ праходзілі фэсты “Салаўё” (пад пошчак салаўёў паэты і празаікі чыталі свае творы) ды спартыўна-літаратурна-музычны “Чароўны чэрвень”, фольк-фестывалі і фестывалі аўтарскай песні...

У планах — пленэры мастакоў, скульптараў, народных рамеснікаў, харэаграфічнага фестывалю (“Мастацкая самадзейнасць Бярозаўкі ўдзельнічае ў нашых мерапрыемствах у апошні час у абавязковым парадку, той жа духавы аркестр, — інфармуе Дзмітрый, — але танцавальны калектыў ДК “Крышталiкi” ніяк не атрымліваецца прывезці, як і хор ветэранаў. Але ўсё наперадзе”).

Абмяркоўваючы, якія яшчэ віды мастацтваў могуць быць прадстаўлены ў Вайцюшках, што нефармальна сталі прыватнай установай культуры на свежым паветры, каго са знакавых дзеячаў культуры сюды можна запрасіць, у сваім уяўленні малюем з Тодарам карціну маслам: койкі ў гасцявой хатцы, у падгалоўі якіх на сценах вісяць невялікія фотаздымкі тых, хто спаў у ложках — Віктар Жыбуль, Алег Хаменка, Джо Лін Тэрнер...

Уважліва агледзеўшы тэрыторыю, абкрочыўшы яе, вырашыў, што турыстам мне б тут сапраўды захацелася яшчэ пабываць. Не збянтэжыла нават дарога, якая вядзе да хутара: асфальтаваны шлях, вядома ж, быў бы пажаданы, але затое як узнімаецца ў чалавека настрой, калі ён пасля калдобін і выбоін аказваецца ў хутарской ідыліі. Вялікую заклапочанасць выклікаюць у Дзмітрыя перабоі з электрычнасцю, якія здараюцца ў летні перыяд, калі на хутарах і вёсках на поўную магутнасць пачынаюць працаваць электрапрылады. Таму аб набыцці міні-электрастанцыі ён задумаўся. Натуральна, хвалюе магчымае павелічэнне падатковай нагрузкі. У гэтым пытанні, мяркуе суразмоўца, неабходны дыферэнцаваны падыход: адна справа, калі хтосьці займаецца падобнай дзейнасцю непадалёк ад буйных гарадоў, іншая, калі яна вядзецца дзесьці ў глыбінцы. Да ўсяго, калі не канвеернымi цацкамі ў якасці сувеніраў тут гандлююць, а прапануюць рэальны нацыянальны культурны прадукт. “З мясцовымі ўладамі праблем няма ніякіх, жывем у міры і згодзе, сябруем, — кажа Дзмітрый. — Можа, калі-небудзь і афіцыйную падзяку ад іх атрымаю. Лепельскі ж райвыканкам нядаўна ўзнагародзіў мяне граматай за ўдзел у фестывалі “У госцi ды лепельскага цмока”.

Не па справе. Напэўна

Не ўпэўнены, што наступнае адносіцца да профілю нашага выдання... Мяркую, што сёння з усіх “мастацтваў” Бярозаўкі найважнейшымі з’яўляюцца “кіслотныя”. З нядаўніх часоў у горадзе вырабляюць шклавату. І ўявіце сабе такі нацюрморт: цэнтр, жылыя дамы, крамы, гарвыканкам, гасцініца, мамы з дзецьмі, з труб струменіцца дымок, які пад уздзеяннем ветру сцелецца па вуліцах. У паветры пахне, вочы слязяцца, нос шчыпле, у горле пяршыць, грудзі закладвае, галава цяжэе. Мендзялееў, не гаруй, карацей. Верыцца, што спецыяльнае абсталяванне адпаведным чынам мінімізуе, а то і зусім нейтралізуе непазбежныя выкіды з выхлапамі. Але — пах… І вочы слязяцца...

Мінск — Бярозаўка — Мінск

Фота аўтара
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"