З "Дыярыушаў"Акадэміі...

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Дзмітрый Мохаў, Леў Талбузін, Уладзімір Тоўсцік, Павел Татарнікаў: мастакі — студэнтам пра час навучання з першых вуснаў
Праект “Дыярыушы”, прымеркаваны да 70-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, засведчыў вельмі важную для нашай нацыянальнай культуры акалічнасць: сёння новае пакаленне прафесіяналаў сферы рыхтуюць тыя, хто атрымаў прафесійную адукацыю ў Беларусі. Сёння, бадай, усе значныя асобы ва ўсіх галінах беларускага мастацтва — выхаванцы Акадэміі. А “Дыярыушы” (куратары — студэнты-мастацтвазнаўцы кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў БДАМ) — успаміны тых, хто вучыўся ў БДАМ / БДТМІ. Гэта прыватныя лёсы ў кантэксце вялікай з’явы. Да гэтых успамінаў навучэнцы творчых спецыяльнасцей стварылі свае работы. Цягам некалькіх нумароў "К" працягне знаёміць з яскравымі фрагментамі "Дыярыушаў". Мяркуем, гэта будзе вельмі своечасовым "задзелам" перад пачаткам новага навучальнага года.

/i/content/pi/cult/549/11978/8-1.jpgДзмітрый МОХАЎ, мастак тэатра і кіно, выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута 1968 года па спецыяльнасці “інтэр’ер і абсталяванне”, сёння — прафесар кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Гады навучання ў Акадэміі асацыяваліся з вясной, тым абуджэннем і ажыўленнем, якое панавала вакол. Вызначаўся подых хрушчоўскай “адлігі” — так званага савецкага “рэнесансу”. Ён закрануў усе сферы культуры і мастацтва: жывапіс, скульптуру, літаратуру. На жаль, ён падоўжыўся нядоўга. Своеасаблівым Рубіконам для яго сталі 1960-я, па сканчэнні якіх культура зноў апынулася ў цісках цэнзуры і ідэалагічнай прапаганды.

Ва ўспамінах захаваліся шматлікія студэнцкія паездкі, геаграфія месцаў якіх уражвала разнастайнасцю: ад Масквы да Урала, Сібіры, Далёкага Усходу. З кожнага сумеснага падарожжа прывозілі дзясяткі эцюдаў, накідаў. Часу заўсёды бракавала, вучоба займала большую яго частку. На апошніх курсах пачалася праца на кінастудыі «Беларусьфільм» пад кіраўніцтвам вядомага мастака Аляксандра Боэм. Адзінай магчымасцю тварыць для сябе былі святочныя дні і, вядома ж, начны час.

Колькі шумных вясёлых святаў было адзначана ў сценах Акадэміі! Неяк на Восьмага сакавіка мы з аднакурснікамі сабраліся ў аўдыторыі, вокны якой выходзілі на Ленінскі праспект, і адна з натуршчыц з чароўнымі формамі вырашыла з акна павіншаваць жанчын з вясновым святам, агаломшваючы здзіўленую грамадскасць адкрытым ню... І колькі яшчэ гісторый здаралася! Яны і з’яўляліся тым, што змацоўваюць пазлы успамінаў, афарбаваных у тоны радасці, маладосці, нястрымнай энергіі.

Меў за плячыма “політэх”, і ў Акадэміі набываў веды, адточваў майстэрства па жывапісе, кампазіцыі, гісторыі мастацтваў. Традыцыі гэтай установы дазвалялі ўсебакова развівацца асобе, набываць класічную базу, якой і ў наш час яна можа ганарыцца. Мноства праектаў знайшло сваю рэалізацыю ў перыяд навучання, але, на жаль, некаторыя засталіся не ажыццёўленымі. Напрыклад, тэма маёй дыпломнай працы “Комплекс рускіх лазняў” не знайшла належнага водгуку ў той перыяд. Для мяне ж, які нарадзіўся ў Сібіры, лазня з’яўлялася сакральным месцам, нейкім сімвалам, дзе чалавек з’яўляўся на свет. Там жа яго праводзілі ў апошні шлях. Атрымаўся аб’ект, што, з аднаго боку, аб’ядноўвае чалавечыя душы, а ў той жа час — не пазбаўлены сучаснага прызначэння. Да гэтага мной быў спраектаваны драўляны храм у Новасібірску, які паклаў пачатак надзвычайнаму захапленню архітэктурай рускай Поўначы. Аднак у далейшым эскізы да дыпломнай працы атрымалася паказаць на выстаўках у Празе, Будапешце і іншых гарадах.

Педагогі тых гадоў, той пасляваеннай пляяды, вылучаліся цеплынёй і разуменнем, бацькоўскім клопатам, прафесіяналізмам і вялікай эрудыцыяй. Сярод іх Павел Масленнікаў, Павел Крохалеў, Анатоль Анікейчык. Памятаю, як Павел Масленнікаў, які выкладаў на маім курсе, змяшчаў нашу невялікую групу з пяці чалавек у свой аўтамабіль і адвозіў на эцюды ў паркі. Яго стаўленне да студэнтаў, жаданне перадаць вопыт засталося ў памяці на доўгія гады. Быць можа, дзякуючы такім педагогам, Настаўнікам з вялікай літары ніколі не ўзнікала жаданне сысці з абранага шляху і змяніць мастацтву.

Занатавала Ксенія КУНІЦА, студэнтка 2 курса БДАМ спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства (выяўленчае мастацтва)”

 

Леў ТАЛБУЗІН, дызайнер, выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута 1970 года па спецыяльнасці “прамысловае мастацтва”, сёння — дацэнт кафедры прамысловага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Маё навучанне прыпала на тыя часы, калі у Акадэміі (у 1965 годзе — яшчэ Тэатральна-мастацкім інстытуце) толькі пачаў фарміравацца такі напрамак, як “дызайн”. Сам тэрмін з’явіўся нашмат пазней, а ў той час выкарыстоўвалася іншае словазлучэнне — прамысловае мастацтва, а больш дакладна — тэхнічная эстэтыка і мастацкае канструяванне.

Асноўныя кірункі, якія ўхваляліся і складалі пераважную большасць, на той час — гэта ўсё тое, што мела непасрэднае дачыненне да сацрэалізму, сюжэтна-тэматычнага мастацтва і “асноўнай лініі партыі”. Больш-менш станоўча прымалася сцэнаграфія. У той жа час, амаль усё дэкаратыўна-прыкладное мастацтва знаходзілася пад негалоснай забаронай. Толькі на некаторыя напрамкі, напрыклад, мэблю і кераміку, паглядалі больш прыязна.

Напэўна, не было б такіх значных для свайго часу змен у Інстытуце, каб не асоба Валянціна Гусева, шаноўнага архітэктара, супрацоўніка “Ваенпраекта”, аўтара праектаў шматлікіх будынкаў у пасляваенным Мінску. Менавіта ён стаў адным з пачынальнікаў новай беларускай архітэктурнай школы, таксама быў ініцыятарам з’яўлення і развіцця прамысловай графікі ў Тэатральна-мастацкім. З’яўляючыся загадчыкам кафедры інтэр’ера і абсталявання, ён аказаў непасрэдны ўплыў на наша навучанне і “сталенне” як мастакоў. Пад яго кіраўніцтвам, з першага па трэці курс, мы займаліся, у асноўным, праектаваннем інтэр’ераў.

У тыя часы сістэма выкладання дысцыплін не была выпрацавана, і самі дысцыпліны не былі дакладна вызначаны. Праз гэта мы, пэўным чынам, сталіся больш вольнымі ад жывапісцаў ці графікаў. Мы мелі магчымасць выбіраць любы праект, практыкавацца ў любым з кірункаў мастацкага канструявання. Адзінае, што дакладна было вядома: нам, як і ўсім мастакам, патрэбны добры малюнак, кампазіцыя... Відавочна, што без гэтага і сёння ў дызайне не абысціся.

Шмат часу займала праца ў макетнай. Якраз яна і была тым месцам, што звязвала нас з іншымі студэнтамі: тут можна было пазнаёміцца і з новымі творамі, і з сучаснымі тэхналогіямі. На трэцім курсе канчаткова аформіліся дысцыпліннарныя патрабаванні і праграмы.

Неабходна згадаць ячшэ адну асобу, без якой немагчыма ўявіць з’яўленне сучаснай кафедры дызайна: Ігар Герасіменка. Ён быў ахітэктарам, як і Гусеў, заахвочваў студэнтаў да пошукаў у фармальнай кампазіцыі і нефігуратыўным мастацтве.

Як прыгадваю, толькі ў нас на курсе на той час можна было пабачыць нейкія абстрактныя творы. Да гэтага ж часу адносіцца і першае блізкае знаёмства з замежным мастацтвам: нейкім чынам да нас трапілі копіі твораў Сальвадора Далі. Для той пары гэта быў найвялікшы скарб!

Яшчэ з адной асобай звязаны пэўныя змены у Тэатральна-мастацкім інстытуце. Кажу пра Геннадзя Мурамцава. З часу яго выкладання пачаўся выразны падзел паміж дызайнам і скульптурай. Праз яго выказаванні пачалі “нефігуратыўнае пластычнае мастацтва” адносіць да дызайну (мастацкага канструявання), а фігуратыўную пластыку — да скульптуры. І, калі не памыляюся, менавіта з яго часоў пачаліся “пошукі ўзаемаадносін” формы і зместу. Я і дагэтуль упэнены ў адсутнасці пастулатнага сэнсу ў выразе “змест вызначае форму”. Ад яго вее нейкім сацрэалізмам, неабходнасцю абавязковай функцыянальнай (практычнай) прыдатнасці твора.

Пра натхненне. Нягледзячы на існаванне адмоўнага стаўлення да абстрактнага мастацтва, а тым больш да мастацтва замежнага, новыя крыніцы шукаліся якраз у ім. Гэта былі пераважна польскія, венгерскія, чэхаславацкія выданні і часопісы. Адзін з самых асноўных на той час часопісаў, праз старонкі якога мы мелі магчымасць знаёміцца з перадавымі напрацоўкамі дызайну, існуе і дагэтуль. Гэта італьянскі “Domus”. Зразумела, браць іх была магчымасць толькі ў адной з дзвюх бібліятэк — Ленінскай і Дома Ураду. Пры Саюзе мастакоў таксама існаваў збор найлепшых (эталонных) рэчаў. Тут можна было пабачыць лепшыя прыклады замежнага дызайну. Некаторыя з іх нават капіраваліся і потым запускаліся ў вытворчасць.

Канешне, нягледзячы на такі моцны ўхіл у бок нейкіх абстрактных форм, існавалі праекты і цалкам фігуратыўныя. Тыя ж медалі, рэльефы і іншыя рэчы. Наогул, час навучання набольш дакладна можна выявіць, як арганічную сумесь акадэмічных (ухвальных) напрамкаў — жывапіс, графіка, скульптура — і свабоднага пошуку. І, калі параўноўваць саму Акадэмію тых часоў, то напэўна найбліжэйшае параўнанне “гэта не нейкая форма, колер і іншае”, а сам працэс пошуку. Пошуку, у час якога адбываецца паступовы пераход ад сацыяльна-патэтычных тэм і фігуратыўнасці да простай і вытанчанай фармальнай кампазіцыі.

Занатаваў Тарас КУЧЫНСКІ-ПАРАВЫ, студэнт 2 курса БДАМ спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства (выяўленчае мастацтва)”


Уладзімір ТОЎСЦІК, мастак, выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута 1972 года па спецыяльнасці “станковы жывапіс”, загадчык кафедры малюнка БДАМ, прафесар, народны мастак Беларусі:

— Якія вашы значныя ўспаміны пра час навучання ў Акадэміі?

— Памятаю, як першы час мяне ўражвалі велізарныя гіпсавыя злепкі. За гэтыя гады нібы зрастаешся з Акадэміяй. За час вучобы я прайшоў розныя этапы. Напрыклад, першы курс для мяне — нясмеласць, другі — адаптацыя, потым спасцігалі і расчараванні. Але што самае важнае — тут была атмасфера дапытлівага навучання. Выкладчыкі былі патрабавальнымі, хацелі, каб мы малявалі кампазіцыі на сацыяльна значныя тэмы. Малявалі кожны дзень да позняга вечара, самі бралі натуру. Усе імкнуліся тварыць і спасцігаць майстэрства. Усе паміж сабой сябравалі. Была свая аўра, свая мова. З нашага курса выпусціліся найцікавыя людзі.

— Ці ёсць у вас абагульнены вобраз тых часоў?

— Людзі былі вельмі розныя: дызайнеры, жывапісцы. Адны спрабавалі што-небудзь праектаваць, другія — пісалі станковыя творы. Я лічу, што мастацкая творчасць не ўніфікуе чалавека, яна паклікана выяўляць індывідуальнасць кожнага. Памятаю, як скульптары нават стралялі з лука, ездзілі на роварах. Па вечарах у інстытуце было шмат руху. Аб’яднаць усё гэта ў агульны вобраз даволі складана, навошта абстрагаваць жыццё, яно ж складаецца з лапікаў.

— Можа, меліся ў вас планы або мары, якія не рэалізавалі за час навучання ў Акадэміі?

— Маладосць — гэта ў некаторым сэнсе час расчараванняў. Калі нешта не атрымлівалася, я павялічваў колькасць працоўных гадзін. Колькасць пераходзіла ў якасць. Пад канец навучання пачынаеш параўноўваць свае працы з іншым асяроддзем. Напрыклад, у Баку я пазнаёміўся з іншай школай, з іншай ментальнасцю, тэмпераментам. Параўноўваючы вопыт, мы разумелі, чаго нам не хапае, і што мы атрымалі.

— Ці магчыма размежаваць творчасць і жыццё?

— Для мастака творчасць — не значыць адпрацоўваць гадзіны на станку, — гэта яго перажыванні, яго жыццё. Чалавек ўбірае веды і нараджае новае.

— Ці існуе ў Акадэміі мастацтваў сувязь традыцый?

— Канешне. Акадэмія “ставіць вока” чалавеку, вучыць прафесіяналізму, а гэта дае яму магчымасць паўнавартасна выказвацца. Трэба выкладаць так, каб студэнт табе паверыў, і станавіўся лепш і лепш.

Занатавалі Тарас КУЧЫНСКІ-ПАРАВЫ і Алена РУСАКЕВІЧ, студэнты 2 курса БДАМ спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства (выяўленчае мастацтва)”


Павел ТАТАРНІКАЎ, мастак, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 1995 года па спецыяльнасці “графіка”, дацэнт кафедры графікі БДАМ

— Распавядзіце, калі ласка, як паступалі ў Акадэмію.

— Я вучыўся ў “Парнаце” (Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка), таму з Акадэміяй мы былі пэўным чынам знаёмыя. Мы хадзілі туды на “капуснікі” і прагляды. За год-два да паступлення кожны ведаў, куды ён стане падаваць дакументы. Я дык дакладна вызначыўся: на графіку. І зразумела, мы ўжо ведалі выкладчыкаў: гэта былі нашы куміры. Але, атрымлівалася, што мы — канкурэнты адзін аднаму. Падчас іспытаў жылі ў інтэрнаце, дзе нам свой пакой аддаў Алесь Пушкін — старэйшы “парнацкі” знаёмы… Ён яшчэ ў школе быў нашым “шэфам”: мы былі пятым класам, а ён — адзінаццаты. Дык вось, на момант паступлення нам не было дзе жыць. Грошай, каб квартэру здымаць, няма, пакой на экзамены ў інтэрнаце не давалі. Вось ён і кажа: “Жывіце ў мяне!”.

— Якія адносіны былі паміж аднагрупнікамі? Ці існавала здаровая канкурэнцыя?

— Што такое нездаровая канкурэнцыя ў працы, я нават і не ведаю. А канкурэнцыя ў творчасці ёсць заўседы, і гэта — нармальна. Ды і ў любой навучальнай установе яна ёсць. Калі ёсць лідары, амаль заўсёды яны вядуць за сабой: педагагічны факт.

— А ці вучыліся адзін у аднаго?

— Усе мастакі-студэнты вучацца адзін у аднаго. Не столькі ў выкладчыкаў, апошнія даюць агульнакарысную інфармацыю. Час ад часу, вядома, яны могуць падказаць, скіраваць. Тое, што дае акадэмічная адукацыя, — якасць рамяства. І гэта можна атрымаць толькі працуючы і назіраючы за працай сяброў.

— Многія ва ўспамінах адзначаюць рознаўзроставы склад груп.

— І ў нас было гэтак… Хлопцаў з “Парната” ўсе на кафедры звалі гарохам. Брацікамі і гарохам — малыя ўсе былі, худыя… Але вучыліся ў нас і старэйшыя. Віталь Дударэнка (нашмат старэйшы) быў жанаты, і дачка ў яго ўжо нарадзілася. Зміцер Локіць пасля вучылішча ў Акадэмію паступаў. І ў нас яшчэ адна дзяўчынка была — Лянуся Нядзелька, наша сястрычка.

— А як плэнэры праходзілі?

— Цудоўна! Самы цікавы час, між іншым. Яны былі даўжэйшыя, чым зараз — па два месяцы. Уяўляеце сабе: два месяцы на прыродзе?!. Ну гэта ж цуд, курорт! Ясна, што грошы там хутка заканчваюцца, а трэба думаць аб пражыцці. Тады яшчэ, акрамя стыпендыі, выдавалі натурныя грошы студэнтам, сродкі на матэрыялы. Даволі нармальная сума атрымлівалася, каб на вёсцы пражыць!

Не абыходзілася без смешных выпадкаў… Практыка праходзіла ў Гальшанах. Тады не было яшчэ мяжы з Літвой. А ўжо крызіс пачаўся, з’явіліся карткі і талончыкі, па якіх у краме магчыма было нешта купіць. Але на вёсцы нам нічога не прадавалі, бо мы там не прапісаны. Што рабіць? Жылі ў будынку, дзе змяшчалася школьная бібліятэка, і тамтэйшы стораж-конюх выдаў нам мех бульбы. Але гэтага ўсё роўна аказалася малавата! А да нас сябры часта прыязджалі. Быў у нас такі таварыш, што ў Вільнюсе на той час жыў і працаваў. Гэта Сяргей Поклад — вядомы зараз мастак. На той час ён яшчэ не быў мастаком, прыехаў да нас з антычнай гіпсавай галавой і кажа: “Хлопцы, вучыце мяне маляваць! Я хачу таксама быць мастаком”. Прыехаў да нас, зайшоў у вясковую краму, там ужо тады даволі пуста аказалася, але на верхніх паліцах шэрагамі стаялі палатняныя мяхі з бразільскай кавай у зерні! Каштавала яна 2 рублі 55 капеек за кілаграм. Гэта амаль бясплатна, нават на тыя часы! Ясна, што вяскоўцы не куплялі гэтую каву ў зернях так шмат, як яе прывозілі. І нам Поклад кажа: “Гэта ж Кландайк! Збірайцеся, паедзем усе ў Вільнюс”. А тады рэйсавыя аўтобусы хадзілі туды з Гальшан. І мы набралі тых мяхоў ды паехалі. У Літве на той час ужо было шмат прадпрымальнікаў, кавярні адчыняліся. А кава з Бразіліі — гэта ж быў страшэнны дэфіцыт! Нідзе яе не было, а тут — на табе, мяхі гэтай кавы! І па нейкім неверагодным для нас кошце мы яе прадалі. Імгненна ў нас стала шмат грошай! І што з імі рабіць? Ну, паелі — наеліся, з сабой розных сыроў з булкамі набралі, а грошы ўсе не заканчваюцца. І вось мы знайшлі адзін рынак, а там — вайсковая амуніцыя з нейкіх савецкіх складоў. Глядзім — банкі-дымавухі вайсковыя. Мы і набралі гэтых дымавух. Назаўтра ў мяне дзень нараджэння, і вось хлопцы мне прэзентуюць бутэльку віна французскага, калекцыйнага, набытага на аўкцыёне. Грошы ж былі, дык яны пайшлі на аўкцыён. І вось яны набылі гэтую бутэльку. А нумар яе быў 163164. Ну цуд жа, хіба не?!.

Таксама ў Гальшанах, калі мы там былі, прызямляўся… НЛА. Сябры да нас часта прыязджалі, і амаль кожны вечар мы хадзілі на якое-небудзь новае месца вогнішча паліць. Пайшлі мы з нашымі гасцямі на ўзлесак, праз рэчку за млын, за горкаю. Там вогнішча і распалілі. А ў нас яшчэ захавалася вайсковая амуніцыя, якую з Вільнюса прывезлі. Спецыяльна ўсе гэта на Купалле пакінулі: дымавухі, фаеры розныя, ракетніцы, кожны абвесіўся ліхтарыкамі вайсковымі. Песні паспявалі і пачалі паліць, запускаць усё, што мелася. А на світанку вярнуліся ў веску. Там прыбягае да нас знаёмая маленькая дзяўчынка і кажа: “Ведаеце што? А ўчора у Гальшаны НЛА прылятала! Вось там, за гарой. Там вялікі шар пераліваўся. А вакол яго яшчэ другія маленькія лёталі палову ночы, а пасля ўляцелі!”. Толькі пасля мы зразумелі: гэта ж наша вогнішча і дымавухі такі эфект спарадзілі. Але не сталі расчароўваць дзяцей…

— Мабыць, памятаеце нейкіх натуршчыкаў?

— Была цудоўная натуршчыца Тамара — балерына на пенсіі, якая ранняя ў гэтай прафесіі. Такое ўражанне складалася, нібы яе спецыяльна рыхтавалі пазіраваць. Была яна ўжо не маладая, але — вельмі цікавая асоба. Быў у нас яшчэ адзін такі натуршчык — дзед. Здаравенны, прыгожы дзядзька. Яму было дзевяноста з нечым. Па прафесіі — шкловыдзімальшчык. Ён быў мінчанін і распавядаў нам розныя байкі пра даваенны Мінск. Казаў, сярод іншага, што людзі тады віталіся адзін з адным праз дарогу — нават незнаёмыя. Гэта лічылася натуральным. Пра Янку Купалу расказваў, як ён яго на вуліцы сустракаў і вітаўся з ім.

— Раскажыце, калі ласка, пра свой дыплом.

— Калі зноў вяртацца да нашага курса, ён лічыўся ўмоўна моцным. Але галоўнае — псіхалагічныя адносіны паміж людзьмі. Здараецца, не сябруюць, сварацца. Калі непрыемна прыходзіць у майстэрню, бо ты не сябруеш з чалавекам, ад гэтага пакутуеш. А калі сябруеш, дык сыходзіць дадому вечарам не хочацца. Хоць ты начуй у майстэрні з сябрамі. У нас так і склалася. Частка з нас яшчэ жыла ў інтэрнаце, і мінчане не хацелі сыходзіць ад нас да ночы. Лянуся таксама. “Ну куды ты адна пойдзеш?” — казалі ёй. І мы ўтрох праваджалі яе да тралейбуса. Урэшце, мы і зараз усе сябруем вельмі блізка, па-братэрску. Я лічу, што сябры са студэнцтва — гэта тыя сябры, якія застаюцца на ўсё жыццё. Вось у мяне не было так, каб з’явіўся яшчэ хоць адзін блізкі сябра не з таго перыяду. Знаёмстваў шмат, але ж еднасці, падобнай на кроўную, ужо не было. Да ўсяго, да дыплому мы падышлі як курс, які дае надзеі. І надзеі спраўдзілі. Кіраўніком майго дыплому быў тагачасны рэктар Васіль Шаранговіч. Паколькі чалавек ён быў заняты адмінстрацыйнымі справамі, то прыходзіць да нас часта не мог. Таму адносіны ў нас будаваліся на даверы: ёсць тэрмін, і за гэты час я павінен выканаць пэўную работу. Да і сама сістэма будавалася так, што спачатку абараняецца тэма, потым эскізы і гэтак далей. Адным словам праблем не было. Працаваць нам хацелася. Майстэрні былі.

Я рыхтаваў серыю літаграфій. Яшчэ на трэцім курсе трэба было зрабіць ілюстрацыі да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Прычым гэта заданне падавалася нецікавым, таму што маладым заўсёды хочацца чагосці свежанькага. Але ў тым творы ёсць настолькі адметныя філасафічныя абагульненні… І неяк так атрымалася, што я знайшоў цікавы вобраз, і ў мяне атрымалася работа “Дзедаў човен”: човен, а ў ім вёска плыве, дрэвы розныя. Ідэя легла ў аснову дыпломнай серыі “Падарожжа”, дзе асноўны сімвалічны элемент — човен.

— А ці есць у вас нейкія нерэалізаваныя планы?

— Дзяўчынку нарадзіць! Сыночак есць. Я лічу, што гэта абсалютна адэкватны план для дарослага мужчыны. А што да творчасці, дык тут заўсёды думаеш, што нешта яшчэ не зрабіў, не паспеў, ці не паспяваеш. Есць яшчэ такое паняцце, як крызіс сярэдняга ўзросту, але калі шмат працы, то ўсё спакойна мінае. Я лічу, што ў мяне даволі шчасліва складваецца лёс і творчы, і чалавечы. Мне пашчасціла і на сяброў, і на выкладчыкаў.

— Які від з майстэрні вы памятаеце?

— У нас майстэрня змяшчалася на пятым паверсе — вялікая, светлая, з высокай столлю… І вокны пачыналіся прыкладна з узроўню 1 метра 90 сантыметраў. Які, думаеце, там быў від? Неба. Птушкі лётаюць. А з акна — выхад на парапет, бо пяты паверх надбудаваны. І мы рэгулярна выходзілі туды ноччу, каб ножкамі пагайдаць. Людзі нас не заўважалі, але некаторыя і не глядзяць угару! І вось мы так групай выйдзем, сядзім і п’ём гарбату. Маладыя былі, нічога не баяліся. Зараз я туды не пайшоў бы.

Занатавалі Ганна БІЖЫК і Алена РУСАКЕВІЧ, студэнткі 2 курса БДАМ спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства (выяўленчае мастацтва)”