Тэмп allegro ў дамінанце рэканструкцыі

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

21 сакавіка Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, у якім зараз вядзецца рэстаўрацыя і рэканструкцыя. Будаўнічыя работы ў помніку архітэктуры 1930-х гг. мінулага стагоддзя распачаліся ў 2006 годзе. Цяпер праца выходзіць на фінішную прамую.

 /i/content/pi/cult/154/1197/Operny1.jpg
Прэзідэнта сустрэлі намеснік Прэмер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Валерый Гедройц, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Валянцін Елізареў.
У.Матвейчук азнаёміў Прэзідэнта з ходам рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка і працэсам добраўпарадкавання тэрыторыі вакол тэатра. У прыватнасці, Кіраўніку дзяржавы было паведамлена аб неабходнасці пераносу помніка Максіму Багдановічу на тэрыторыі тэатральнага сквера ў бок вуліцы імя паэта, на што Прэзідэнт даў сваю згоду. Прэзідэнта азнаёмілі з тым, якім будзе фантан каля галоўнага ўвахода ў тэатр.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб усе будаўнічыя работы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі на абекце былі завершаны да 1 студзеня 2009 года, а на пачатку сакавікаправесці ўрачыстае адкрыццё тэатра. А.Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, каб мэбля, люстры і свяцільнікі, іншыя рэчы, якія будуць аздабляць інтэреры тэатра, былі беларускай вытворчасці.
Прэзідэнт наведаў залу, дзе знаходзяцца макеты аднаўлення Вялікага тэатра, скульптур, якія павінны быць усталяваны на фасадзе будынка паводле першапачатковай задумы архітэктара І.Лангбарда. Кіраўнік дзяржавы пабываў таксама ў новай, абсталяванай па апошнім слове тэхнікі, балетнай рэпетыцыйнай зале, дзе якраз ішла рэпетыцыя, у класе заняткаў па вакале і ўдзячна паапладзіраваў артыстам. Прэзідэнт наведаў таксама
 /i/content/pi/cult/154/1197/Operny2.jpg
грымёрныя і артыстычныя памяшканні, тэатральную кавярню і буфет, пацікавіўшыся асартыментам і меню.
Напрыканцы візіту ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наступная сустрэча адбудзецца падчас здачы абекта. 
Як запэўніў карэспандэнтаКнамеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, тэмп будаўнічых работ у Тэатры оперы і балета несупынна нарастае, набліжаючы доўгачаканую кульмінацыю і шчаслівы фінал. Запланаваны ён на снежань, калі будзе здадзены апошні, трэці пускавы комплекс. А адтуль ужо і да першых удзячных апладысментаў гледачоў і слухачоў у новым, па сутнасці, тэатры рукой падаць.

Зрэшты, і раней выкананне гэтага ўзнёсла-эпічнага архітэктурнага твора адбывалася ў поўнай адпаведнасці з пастаўленымі дзяржавай задачамі. У верасні мае быць здадзены другі пускавы комплекс, які ўключае службовыя і рэпетыцыйныя памяшканні Тэатра оперы, у тым ліку і дакладную копію Вялікай сцэны. Неўзабаве пасля гэтага чакаецца завяршэнне ўсяго будаўніцтва ўвогуле, уключна з аздобай фасадаў. Наступныя месяцы спатрэбяцца на ляпніну, дэкор і роспісы, усталяванне крэслаў у глядзельнай зале, мантаж “адзення” сцэны ды іншыя, здавалася б, “дробязі”.

 /i/content/pi/cult/154/1197/Operny3.jpg
“Дробязей” жа гэтых, аднак, не бракуе, аб чым сведчаць нават сухія лічбы. Скажам, свяцільнікаў розных мадыфікацыйу будынку тэатра будзе 1132. Фае ўпрыгожаць 326 квадратных метраў сусальнага золата, а плошча ўсёй ляпніны перавысіць чатыры тысячы квадратных метраў. Мэбля ў глядзельнай зале будзе дзевяці відаў. Крэслы ў партэры і на балконах будуць адрознівацца: тэндэр на іх стварэнне ўжо ў поўным разгары, прычым праводзіцца ён выключна сярод беларускіх вытворцаў.

А ў сэрцы тэатра — глядзельнай зале — ізноў узведзены будаўнічыя рыштаванні: ужо для рамонту і роспісу столі. А першы раз яны спатрэбіліся для таго, каб падперці столь падчас замены металічных канструкцый пяцідзесяціметровай даўжыні. Дарэчы, значна спрасціць гэтую складаную працэдуру дапамагла новая ў айчыннай будаўнічай справе тэхналогія: адзіны на Беларусі 500-тонны кран “Дэмарк”, які прыехаў дапамагчы будаўнікам з Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, дазволіў зэканоміць 3-4 месяцы часу і неймаверны аб’ём высілкаў.

Без інавацый не абыдзецца і такі складаны тэхналагічны працэс, як усталяванне сцэнічнага комплексу. Каб падрыхтаваць катлаван для гідранасоса, з-пад тэатра трэба будзе дастаць прыкладна дзве з паловай тысячы кубічных метраў зямлі. І зрабіць гэта надзвычай далікатна, у вельмі складаных умовах.

Сам сцэнічны комплекс варты асобнай увагі: гэта звышскладаны агрэгат з 21 рассоўнай пляцоўкай, бягучымі дарожкамі, ліфтамі і мноствам іншых прыстасаванняў. Кошт яго — 16 з паловай мільярдаў рублёў. Сцэна будзе нахілена пад вуглом у 4% — каб у зале не было “мёртвых зон” і ўсе гледачы маглі адчуць паўнакроўную далучанасць да спектакля.

Чакаецца, што пастаноўка спектакляў можа пачацца ўжо ў першай палове наступнага года — пасля карпатлівага працэсу наладкі гэтага складанага абсталявання.

Уладзімір Грыдзюшка ўпэўнены, што імклівыя тэмпы рэканструкцыі ніяк не адбіваюцца на якасці працы: за кожным крокам будаўнікоў сочыць строгі тэхнагляд.

Адзіная праблема цяпер — гэта пэўная нястача рабочых рук. Сёння на будоўлі працуе 630 чалавек, а каб праца ішла на ўсім аб’екце адначасова, патрэбна яшчэ 500 рабочых. І колькасць будаўнікоў ці не з кожным днём павялічваецца. Літаральна днямі да працы прыступілі 120 тынкоўшчыкаў. Задачы ў іх немалыя — атынкаваць больш за 10 тыс. квадратных метраў. І гэта ўсяго толькі адна пятая ад агульных плошчаў, якія патрабуюць тынкоўкі!

Той факт, што ад самага пачатку рэстаўрацыйных работ стаўка рабілася амаль выключна на айчынных вытворцаў, сведчыць не толькі пра дзяржаўную палітыку, але і пра імпартазамяшчальны патэнцыял нашых прадпрыемстваў. Нават шыкоўныя жырандолі для глядзельнай залы не давялося замаўляць за мяжой — як і ўсе іншыя свяцільнікі, яны будуць зроблены на лідскім заводзе “Каскад”.

Таму сёння не без падстаў можна канстатаваць, што разлік на айчынных вытворцаў спраўдзіўся: услед за Нацыянальнай бібліятэкай, Оперны тэатр стане чарговым узорам таго, як можна і як трэба падыходзіць да будаўнічай справы. І адзін аб’ект, і другі сведчаць, што беларусы ўмеюць працаваць выдатна.


Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Ілля СВІРЫН
На здымках: вядуцца работы
па рэканструкцыі і рэстаўрацыі тэатра.
Фота Юрыя ІВАНОВА