Амаль патрапілі

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Нават у мястэчках, збудваных у чыстым поле паводле тыпавых праектаў, раней ці пазней абавязкова з’яўляюцца аб’екты з арыгінальнымі рысамі. Яны і становяцца архітэктурнымі сімваламі паселішчаў. Бо памкненне вонкава вылучацца з ліку сабе падобных зыходна закладзена ў чалавечай натуры і псіхалогіі супольнасцей ды непазбежна адбіваецца ў ладзе жыцця, які, у сваю чаргу, фарміруе эстэтычны вобраз наваколля. Так што пры жаданні знайсці штосьці вартае ўвагі можна і ў вялікім горадзе, і ў маленькай вёсачцы.

/i/content/pi/cult/549/11969/4-28.jpgПры тым, што у гарадах са шматвяковай гісторыяй і шукаць асабліва не давядзецца: усе архітэктурныя брэнды звычайна навідавоку. Таму праца дызайнера, які працуе ў сферы візуальнай інфармацыі для турыстаў, не падаецца мне вельмі цяжкай. Каб зрабіць нешта на тэму “Запрашаем ў Беларусь!” дастаткова ўдала скампанаваць фотаздымкі архітэктурных славутасцей краіны. Ці, прынамсі, проста іх спампаваць. Гэта, зразумела, просталінейны ход, але звычайна ён якраз і спрацоўвае. Але, на жаль, здараецца, што адмыслоўцы згаданай вышэй дызайнерскай спецыялізацыі непрыдатныя і да такой простай справы.

З месяц таму ў “duty free” аэрапорта “Мінск-2” я бачыў плакат, які знаёміць пасажыраў з архітэктурнымі сімваламі абласцей Беларусі. Прысутныя на ім фотаздымкі Брэсцкай крэпасці, абеліска на сталічнай плошчы Перамогі, гомельскага Палаца Румянцавых і Паскевічаў ды будынак Магілёўскага абласнога тэатра і сапраўды могуць прэзентаваць замежным гасцям рэгіёны краіны. А вось праваслаўны кафедральны сабор Гродна, пабудаваны на пачатку мінулага стагоддзя, наўрад ці можа адпавядаць такому статусу, бо Гродзеншчына вядомая найперш шэдэўрамі каталіцкай архітэктуры, перліна сярод якіх — барочны Езуіцкі касцёл на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра. Зрэшты — хай сабе… Ды зусім незразумела, чаму ў якасці сімвала Віцебшчыны аўтарам плаката абраны… Віцебскі вакзал Санкт-Пецярбурга. Гэта ўжо, як кажуць, “апафігей” недасведчанасці і прафесійнай неадпаведнасці.

Аўтар плаката, відаць, у Віцебску ніколі не быў, а ўважліва пагартаць Інтэрнэт паленаваўся. Вось і атрымалася ў выніку тыражаванае глупства. Аднак, наколькі я разумею, візуальная інфармацыя, у тым ліку і рэкламная, перш чым трапіць у Нацыянальны аэрапорт, праходзіць некалькі стадый узгаднення. Дзіўна, што на гэтым шляху з некалькіх подпісаў кіраўнікоў розных узроўняў ніхто не звярнуў ўвагу на відавочную памылку. Ды і потым ніхто з супрацоўнікаў аэрапорта, якія бачаць гэты выяўленчы опус штодня, памылкі не заўважыў. Відаць, таму што ў Пецярбург яны лятаюць самалётамі, а не ездзяць на цягніку.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"