Віцебшчына, Маларытчына, Слаўгарадчына, Касцюковіччына...

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г


/i/content/pi/cult/548/11965/11-1.jpg

Віцебшчына / У кадры — яблык

Падведзены вынікі абласнога конкурсу фотаздымкаў “Яблычны мікс”, які быў арганізаваны спецыялістамі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Конкурс зладзілі ў рамках Абласнога свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст”, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння вядомага селекцыянера Івана Сікоры, які будзе ладзіцца сёння ў вёсцы Алашкі на Шаркаўшчыне, дзе садавод жыў і працаваў. У свяце прымаюць удзел калектывы мастацкай самадзейнасці з Віцебскага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Лёзненскага, Пастаўскага і іншых раёнаў вобласці… Усяго ж ў конкурсе фотаздымкаў паўдзельнічалі 25 фотааматараў з 11 раёнаў і гарадоў Віцебшчыны.

Лепшыя здымкі на яблычную тэматыку ад кожнага ўдзельніка конкурсу змешчаны на выстаўцы “Яблычнага фэста”. Пераможца ў намінацыі “Фота дня” будзе адзначаны па прынцыпе “народнага галасавання”. Адбудзецца і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў “Яблычнага міксу”, для вызначэння якіх было створана журы. Гран-пры было прысуджана Ілью Цюлькевічу з Наваполацка, лаўрэатам І ступені стала Наталля Сакалова з аграгарадка “Копці” Віцебскага раёна, лаўрэатам ІІ ступені — Васіль Мядзюха з Мёраў, лаўрэатам ІІІ ступені — Дзяніс Будкін з Оршы.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ


Маларытчына / І два павукі…

Раённае аматарскае аб’яднанне “Скарб талентаў” існуе пры Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці з 2009 года. Ім кіруе Ала Назарук, метадыст-майстар МРЦНТ.

— У аб’яднанні — 15 чалавек рознага ўзросту, жыхары Маларыта, вёсак Ужова, Хаціслаў і Дарапеевічы. Яно згуртоўвае народных умельцаў і прыхільнікаў традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Ала Назарук — саломкапляцельшчыца. А яшчэ любіць спяваць. Менавіта любоў да песні і прыняла Алу Назарук у Гродзенскае музычнае вучылішча, дзе яна стала набываць спецыяльнасць “Кіраўнік акадэмічнага народнага хору”. Вучылася і адначасова ўладкавалася на працу дырэктарам Макранскага СДК. На гэтай пасадзе шчыравала ажно 12 гадоў.

— У Макранах змагла рэалізоўваць захапленні: і спявала, і вяла гурток “Крынічка” па саломкапляценні, — распавядае Ала Сцяпанаўна.

Затым Ала Назарук пераязджае на сталае жыхарства ў Маларыту, дзе ўладкоўваецца на працу ў Раённы цэнтр народнай творчасці. Тут жанчына працягвае займацца сваёй любімай справай.

Работы Алы Назарук бачылі ў Польшчы, Украіне, краінах Балтыі. Цяпер Ала ўдзельнічае ў конкурсе саломкапляцення, што ладзіцца ў рамках штогадовага “Ягелонскага кірмашу” ў польскім Любліне. На суд журы будзе прадстаўлена 47 работ майстрыхі, у тым ліку і 2 вялікія саламяныя павукі-абярэгі.

А нядаўна Ала Назарук пашырыла кола сваёй творчасці. Майстрыха з задавальненнем пачала асвойваць пляценне з лазы і берасты. Ужо з’явіліся першыя творы.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара

 

Слаўгарадчына / Свята з мядовым водарам

Кожны год 14 жніўня на Слаўгарадчыне, у вёсцы Кліны, каля помніка прыроды рэспубліканскага значэння “Блакітная крыніца”, падчас Мядовага спасу праводзіцца свята Макавей.

Летапісная гісторыя “Блакітнай крыніцы” пачынаецца з 998 года, калі тут хрысцілі мясцовых радзімічаў. А народнае свята Макавей, таксама вядомае як Мядовы Спас, звязана з ушанаваннем Жыватворнага Крыжа Гасподняга, Божай Маці і святых мучанікаў сямі братоў Макавеяў. Традыцыя паломніцтва і пакланення “Блакітнай крыніцы” у 2012 годзе ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Вось і сёлета на свята прыехалі паломнікі з Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей Беларусі, а таксама з Расіі, каб прайсці хрэсным ходам вакол крыніцы, паўдзельнічаць у святочнай службе, паглядзець на абрад хрышчэння. Шматлікія госці, а іх з кожным годам становіцца ўсё больш, набываюць мёд, асвячаюць яго і, вядома, акунаюцца ў крыніцу. Цікавы факт: вада ў ёй мае пастаянную тэмпературу — 8 градусаў вышэй за нуль: яна не замярзае зімой, не награваецца летам і мае блакітнаватае адценне.

У праграме свята ставала цікавых дзей. Была разгорнута выстаўка-кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Крычаўскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага, Быхаўскага, Слаўгарадскага раёнаў і Магілева, продаж мёду і прадукцыі пчалярства, прадукцыі сыравараў Слаўгарадчыны… Для самых маленькіх наведвальнікаў працавалі дзіцячыя атракцыёны.

Таксама ў межах свята быў праведзены II рэгіянальны конкурс “Спас — усяму час” сярод фальклорных гуртоў і ансамбляў народнай песні. Удзел у ім ўзялі калектывы Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Сярод фальклорна-аўтэнтычных гуртоў пераможцам стала “Вербіца” з Хоцімскага раёна. У намінацыі “Ансамблі народнай песні” пераможцамі стаў ансамбль “Чапурушкі” Слаўгарадскага раёна.

Ганна ТУЗЯНКОВА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР

Фота аўтара

 

Касцюковіччына / “Зноў з музыкай у дарогу”

У трэці раз касцюковіцкіх артыстаў запрашае на свята паселішча Унашава, што ў Гардзееўскім раёне Бранскай вобласці.

Самадзейныя артысты ведалі і ўлічылі музычны густ публікі, перавагу аддалі вясёлым беларускім і рускім народным песням. Выканалі іх узорны ансамбль народнай песні “Муравушка”, народны сямейны гурт “Радня” Муравільскага СДК і дырэктар Шарэйкаўскага СДК Таццяны Зайко.

Добра ўспрымалі гледачы і сучасныя эстрадныя песні, якія падаравалі ім лепшыя выканаўцы Касцюковіччыны Аляксандр Селіванаў, Арцём Парфененка, Андрэй Смалякоў і Святлана Захаранка.

На развітанне ў адрас калектываў і салістаў прагучала шмат добрых слоў падзякі ад кіраўніцтва Унашаўскай сельскай адміністрацыі.

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна