Навошта вам, культура, мецэнат?

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Супрацоўніцтва на шляху “з вараг у грэкі”
Журналісты “К” пастаянна дзеляцца з чытачамі вопытам музейшчыкаў, бібліятэкараў, дырэктараў сельскіх дамоў культуры, якія змаглі прыцягнуць увагу прыватных прадпрыемстваў ці індывідуальных прадпрымальнікаў да сваіх цікавых ідэй ды ўвасобіць іх у жыццё… Але ж, думаю, не памылюся, калі скажу, што чытачам цікава не толькі даведацца пра пэўныя праекты, рэалізаваныя з дапамогай фундатараў, але і пачуць пра саміх гэтых людзей: пра тое, чым яны жывуць, чаму звяртаюць увагу на сферу культуры свайго раёна ці нават рэгіёна... Бо без гэтага ведання рэальнага “аблічча” беларускага мецэната немагчыма зразумець, чым сёння можна яго зацікавіць, чым можна яго закрануць “за жывое”… Пасля наведвання Браслаўскага раёна Віцебшчыны і знаёмства з Юрыем Жэрко, які ўкладае ў развіццё тамтэйшай сферы культуры даволі вялікія грошы, я зразумеў, што аднаго такога чалавека я адшукаў. Дадам, што герой артыкула з’яўляецца ўладальнікам дзвюх аграсядзіб, якія заваявалі прыхільнасць як у турыстаў з Беларусі, так і з замежжа. Але гаворка будзе пра тое, як Юрый Жэрко з дапамогай гэтых аб’ектаў шчыруе на ніве культуры…

Вясковы мецэнат

Названыя аграсядзібы знаходзяцца ў вёсцы Вусце, каля прыгожага возера Недрава. Летась Юрыем Жэрко за ўласныя сродкі тут быў абсталяваны грамадскі пляж з лавачкамі ды сметніцамі, які паспелі ўжо ўпадабаць мясцовыя жыхары. Да таго ж на беразе ўжо некалькі гадоў запар вясковы мецэнат ладзіць “Усцянскія музычныя вечары”, на якія запрашае артыстаў з Мінска і наваколляў, гасцей сваіх аграсядзіб, а таксама жыхароў вёсачкі.

Цікава, што свята, — да слова, таксама зладжанае і прафінансаванае прыватнікам, — было яшчэ летась аб’яднана з афіцыйным святам вёскі Вусце. У мінулыя гады, да прыкладу, на культурнай імпрэзе на беразе возера з дзвюхгадзіннай праграмай выступаў ансамбль народнай творчасці “Браслаўскія весялухі”, а сёлета гасцей радаваў мясцовы народны ансамбль песні “На панадворку” ды аніматарская каманда “Майстэрня ўражанняў”. Калектывы, натуральна, мелі фінансавы інтарэс — іначай наўрад ці сюды паехалі б. І гэта зразумела: план платных паслуг ці ганарараў для іх ніхто не адмяняў…

А гасцей свята, акрамя спеваў і танцаў, чакалі аповеды пра гісторыю Браслаўскага краю, традыцыйныя вусцянскія прысмакі, — прычым пераможцам кулінарных конкурсаў уручаліся каштоўныя прызы, — наварыстая юшка, плаванне па возеры на маторнай лодцы (летась — на своеасаблівым “караблі вікінгаў”), а таксама вечаровы феерверк… Не толькі жыхары вёскі Вусце, а і шматлікія госці аграсядзіб з дапамогай такога свята даведаліся пра Беларусь многа цікавага…

Што ж, як па мне, дык усё, пералічанае вышэй, — выдатны прыклад узаемадзеяння прыватніка з мясцовай сферай культуры. Прычым, заўважце, кожны бок з гэтага супрацоўніцтва мае свае пэўныя — і фінансавыя, і маральныя, і іміджавыя — дывідэнды. Таму браслаўскі вопыт, мяркую, можна і нават трэба пашыраць па ўсёй Беларусі…

Экскурсавод ці даследчык?

Юрый Жэрко неаднаразова падтрымліваў культурныя ініцыятывы ў сваім раёне: пачынаючы ад агульнагарадскіх імпрэз — напрыклад, Свята сярэдневечнай культуры “Меч Брачыслава” — да праектаў мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея — прафінансаваў акцыі сёлетняй “Ночы музеяў”. Чаму ён гэта робіць, навошта? Як кажа прадпрымальнік, ён хоча, каб у Браславе і ў Браслаўскім раёне нікому не было сумна.

Прычым ён і сам можа распавесці пра гісторыю той жа Браслаўшчыны вельмі шмат. Корпаецца ў гістарычных архівах, з’язджаючы дзеля гэтага то ў Мінск, то ў Вільнюс, ладзіць вандроўкі для насельнікаў сваіх аграсядзіб па пяці мясцовых азёрах, апавядаючы ім то пра шлях “з вараг у грэкі”, то пра гарадзішча Масковічы, дзе быццам бы пахаваны вараг-прапаведнік, які хрысціў Полацк, то пра былы каталіцкі кляштар, які стаяў на адным з астравоў сярод возера Неспіш і адкуль у Браслаў перавезена цудадзейная ікона, укаранаваная ў нашы дні…

Карацей кажучы, некалькі гадзін на возеры з Юрыем Жэрко — гэта сапраўдная гісторыка-культурная вандроўка ў мінулае з навукоўцам-экскурсаводам за лодачным румпелем... Ведаю гэта, бо сам браў удзел у падобнай экскурсіі, аглядаючы Браслаўскія азёры. І вясковы мецэнат пра гісторыю роднага краю распавядае, цытуючы словы Уладзіміра Караткевіча з эсэ “Зямля пад белымі крыламі”: “Любiце гэтую сваю святую зямлю аддана i да канца. Іншай вам не дадзена, ды й непатрэбна”.

Дадам, што ў планах Юрыя Жэрко зладзіць у вёсцы Вусце ў пачатку кастрычніка фотапленэр, на які ён запросіць мясцовых і сталічных фотатворцаў. Мяркуецца, што пасля работы будуць выкарыстоўвацца для рэкламы браслаўскіх краявідаў, а таксама будуць прадстаўлены на выстаўках.

Калі ў нашай краіне з’явіцца шмат людзей, падобных Юрыю Жэрко, дык і працаваць супрацоўнікам сферы культуры з імі будзе вельмі лёгка. Але такіх мецэнатаў-гісторыкаў, улюбёных у свой край, пакуль што на Беларусі яшчэ трэба пашукаць. Хаця, хто ведае, можа з цягам часу іх сапраўды стане больш, і не толькі на Браслаўшчыне. Прынамсі, Міністэрства культуры Беларусі сёння многім айчынным мецэнатам уручае падзячныя лісты Міністра культуры, пра такіх людзей пішуць сродкі масавай інфармацыі, іх запрашаюць на культурныя мерапрыемствы, каб яшчэ і яшчэ раз іх угаранаваць ці добрым словам, ці памятным падарункам. І гэта трэба і важна, бо, як сведчыць вопыт браслаўскіх культработнікаў, супрацоўніцтва з мясцовымі прыватнікамі прыносіць карысць усім. Таму перспектывы ў падобнага ўзаемадзеяння ёсць. Прычым — істотныя.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"