Першы крок на шляху да з’яўлення афіцыйнага Дома-музея кампазітара вельмі лагічны: вырашыць усе пытанні з дакументацыяй і вызначыцца, у юрысдыкцыі якой установы ён будзе знаходзіцца. На сёння дом і зямля — ва ўладанні Лучанка.
— На Пухавіччыне з хваляваннем ставяцца да Ігара Міхайлавіча, адно яго імя для любога работніка культуры азначае вельмі многае, — распавяла карэспандэнту “К” намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пухавіцкага райвыканкама Таццяна Бардыер. — Аднак любы чалавек, які працуе ў сістэме, разумее, што існуе пэўны парадак. Калі Ігару Міхайлавічу хочацца, каб Дом-музей стаў афіцыйнай установай культуры, то будынак, як мінімум, павінен быць пераведзены на дзяржаўны баланс. Яму неабходна мець штатны расклад, план работы, фонды — патрэбна выканаць дакументальна вызначаныя працэдуры. Мы не ведаем, у якім стане паперы з правам ўласнасці на дом, на зямлю... Зразумела, гэта — пытанне не аднаго дня. Але ўсё ажыццяўляльна, калі ўласнік пажадае і сур’ёзна возьмецца за справу.
Прыкладаў стварэння падобнай мемарыяльнай установы ў нашай краіне дастаткова. Дырэктар Пухавіцкага раёнага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч нагадаў пра музеі у палескай вёсцы Тонеж, прысвечаны Міхаілу Дрынеўскаму, у Капыльскім раёне — у гонар Міхаіла Высоцкага, колішняга генканструктара МАЗа а таксама вядомую гісторыю лецішча Васіля Быкава. Як бачым, прэцэдэнт існуе. Аляксандр Аляксандравіч ўпэўнены: раёну неабходна такая установа.
Не магу не адзначыць, што і сёння на Пухавіччыне нямала адзнак таленту Ігара Лучанка. На доме ля вакзала колькі гадоў таму з’явілася мемарыяльная дошка, дзе зазначана, што тут прайшлі некалькі гадоў дзяцінства будучага кампазітара. У краязнаўчым музеі ў аграгарадку “Блонь” земляку прысвечана экспазіцыя, у якой можна пабачыць пласцінкі, кнігі, архіўныя фотаздымкі. У Мастацкай галерэі ёсць выстаўка палотнаў, што былі падараваны маэстра, яго асабістыя рэчы. Штогадова праводзіцца Рэгіянальны фестываль песні і музыкі “Майскі вальс” на прызы Лучанка — ганаровага грамадзяніна горада. Дом-музей стаў бы наступнай прыступкай у дзейнасці культработнікаў. Тым больш, па іх завярэнні, зараз у фондах краязнаўчага музея знаходзіцца мноства экспанатаў, звязаных з маэстра. Праблем з насычэннем музейнай прасторы не паўстане.
— Пакуль у дома Лучанка няма афіцыйнага статусу ўстановы культуры, мы не можам ладзіць там выстаўкі. Каб прывезці туды рарытэты, неабходна паклапаціцца аб пажарнай бяспецы, правесці сігналізацыю. Узнікнуць і заканамерныя пытанні ў адпаведных структур: якое права мы маем выдадкоўваць на прыватныя ўладанні бюджэтнае фінансаванне, — тлумачыць сітуацыю Аляксандр Аляксандравіч.
Зазначу, разам з тым: пухавіцкія культработнікі і зараз на валанцёрскіх пачатках даглядаюць хату, дапамаглі гаспадару разабрацца з праводкай, паставіць лічыльнікі электрычнасці, павесілі ўнутры копіі фотаздымкаў, каб было што паказаць, калі шыльда ўжо зіхаціць на ўсю вуліцу. Дарэчы, некаторыя мерапрыемствы з названага шэрагу падтрымаў сябар Ігара Лучанка генерал-маёр Генадзь Данілаў.
Наогул, па словах спадара Прановіча, задума кампазітара не абцяжарыць культуру раёна вялікімі фінансавымі ўліваннямі. Будынак у добрым стане, пастаўлены новы плот, добраўпарадкавана прыдамавая тэрыторыя, зроблена вулічнае асвятленне падвор’я. Можна паспрабаваць абысціся без асобнай адзінкі экскурсавода ў штаце. Да турыстаў гатовы выпраўляць работнікаў з іншых філіялаў музея: горад невялікі, дабрацца з аднаго ў другі канец можна за вельмі кароткі час. Узімку дзеля эканоміі ацяпляць памяшканні плануюць непасрэдна перад прыходам наведвальнікаў. Ды ўсё ж неабходны ахоўнік, для якога можна выдаткаваць палову стаўкі.
Суразмоўца праводзіць мяне па пакоях, дэманструе, што у дзвюх пакоях лёгка стварыць мемарыяльную частку, а ў вялікім памяшканні ладна размесціцца экспазіцыя прадметаў побыту, дакументаў, фатаздымкаў. Ды само месца сапраўды шыкоўнае! У двары можна ладзіць вечаровыя імпрэзы, у тым ліку ў рамках акцыі “Ноч музеяў”, інсталяцыі, перформансы. Аляксандр Аляксандравіч адразу падхоплівае мае разважанні: адсюль можна пачынаць афіцыйныя мерапрыемствы “Майскага вальса”, нават паспрабаваць вынесці на вуліцу старое піяніна маэстра, каб праводзіць тэматычныя музычныя вечары на свежым паветры. Сапраўды, у пухавіцкіх музейшчыкаў безліч варыянтаў, як эфектыўна выкарыстаць плошчы магчымага мемарыяльнага будынку. Але апошняе слова ўсё ж за ўласнікам дома.
— Калі Ігар Міхайлавіч жадае стварыць сапраўдны дом-музей, то проста неабходна прыйсці ў райвыканкам і агаварыць усе моманты. З нашага ж боку не будзе ніякіх прамаруджванняў, — запэўнівае Таццяна Бардыер.
Мінск — Мар’іна Горка — Мінск
Фота аўтара