Што па-за мурамі?

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Твор мастацтва і помнік гісторыі — адначасова месца яго знаходжання — Чарнагорыя, старажытны Пераст, Марскі музей.

/i/content/pi/cult/548/11957/13-1.jpg

(Працяг. Пачатак у № 31.)

Счарнелы ад часу, даўно ці ўвогуле ніколі не рэстаўраваны групавы партрэт ХVІІІ стагоддзя: расійскі герб і тэкст кірыліцай, які праслаўляе цара Пятра І. А вакол галоўнай постаці — нейкага сталага Марка Марцінавіча — маладыя твары, каля іх — подпісы: “Барыс Іванавіч Куракін, Якаў Іванавіч Лабанаў, Пётар Галіцын, Феодар Галіцын, Іван Даніловіч, Андрэй Іванавіч Рэпнін, Абрам Фёдаравіч — брат царыцы Маскоўскай, Уладзімір Шарамеціеў, Міхайла Рцішчаў, Міхайла Мацюшкін, Мікіта Бутурлін”. Невядома, хто гэта такія і што занесла групу рускай моладзі ў маленечкі міжземнаморскі гарадок ля амаль што закрытай ад мора бухты? І пры чым тут Пётр І?

Царква ў Перасце — скарбніца. Венецыянскія майстры па замове мясцовых мараходаў адлілі сярэбраны алтар вагой у 160 пудоў; там жа былі срэбраныя статуі святых, 68 вялікіх фрэсак жывапісца Трыпа Кокаля — вучня славутага Каналетта, больш за дзве тысячы сярэбраных пласцін з падзякай Усявышняму за поспехі ў справах (не ўдакладняецца, у якіх). Нешта не верылася, што багацце тое зароблена сумленным гандлем.

І нездарма! Высветлілася, што мараходы з Пераста былі марскімі рабаўнікамі, піратамі. “Пашчыпаўшы” купецкія судны, яны хаваліся ў сваёй бухце, працягнуўшы праз яе вузкі ўваход моцны ланцуг! Слава пра іх “подзвігі” кацілася па свеце і дайшла да Расіі. Цар Пётр скіраваў частку маладых у Амстэрдам — вучыцца будаваць караблі, а другую частку — у Пераст, да старога пірата Марка Марцінавіча: каб вучыліся ваяваць на тых караблях, засвойвалі ўменні абардажу. Вывучыліся і тыя, і гэтыя — чым і тлумачацца слынныя перамогі малатанажнага пятроўскага флота ў марскіх баталіях са скандынавамі.

...Я не меў магчымасці наведваць у замежжы дамы з “фамільнымі” зборамі твораў мастацтва. Можна ўявіць, што там знаходзіцца! Тым больш, што іншаземцы ўмеюць захоўваць спадчыну.

Ды што цікавага можна напаткаць па-за сценамі музеяў у нашай Беларусі? О, тут толькі трэба быць уважлівымі і цікаўнымі!

Там, на нашай зямлі — войны, рабаванне мастацкіх каштоўнасцей, абыякавасць да іх… Але: Дзяржаўны мастацкі музей, збор Палаца мастацтваў, Нясвіжскія залы, Магілёўскі музей імя Паўла Масленікава — шмат чаго цікавага захавалася. Да ўсяго, творы высокага мастацтва маюць асаблівасць “асядаць” у самых незвычайных месцах: часам знаходзіш іх у божых храмах, у прыватных зборах, нават у пакінутых хатах.

Яшчэ да чарнобыльскай бяды здымаў я фільм “Тры тысячы песень” у вёсцы Барталамееўка на Веткаўшчыне. Там краязнаўца Фёдар Шкляраў вазіў мяне па хатах старавераў, дзе было шмат рукапісных кніг, старажытных ікон. Аднойчы ён заўважыў дошчачку, што накрывала цабэрак з варывам для жывёл. Атрымаўшы дазвол ад гаспадыні, Шкляраў узяў дошчачку і за ноч адчысціў на ёй невялікі куточак — і выявілася частка іконы!

У якойсьці хаце Шкляраў паказаў незвычайную выяву маці Божай прыкладна ХVІІ стагоддзя: у блакітных тонах, вертыкальна выцягнутая, яна прадстаўляла постаць Святой ніжэй кален, па-кіношнаму — амерыканскім планам. Ён патлумачыў: “Чатыры гады важу маларухомаму дзеду ежу на свае грошы, калю яму дровы, каб толькі перадаў каштоўнасць у музей — аніяк! Кажа, як памру, табе завяшчаю”. У той візіт прывёз Шкляраў незгаворліваму дзеду пакеты рысу, грэчы, цукру, бутэлькі масла. Той падзякаваў і падцвердзіў: “Як памру, ікона, Фёдар, твая”.

Праз некалькі дзён скончылі здымаць, зайшлі развітацца. Шкляраў, заўсёды ветлівы, быў разгублены і нейкі зласлівы:

— Сплыла тая ікона ў Ленінград! — сказаў ён. — Пазаўчора прыйшла да дзеда студэнтачка запісаць ад яго нейкія стараверскія канты і сказала, як ёй да спадобы блакітная ікона. Яе кароткая сукеначка зрабіла сваю справу: дзед аддаў ёй тую унікальную ікону!

Спадзяемся, што ў Пецярбургу трапіла яна да цаніцеляў, а тут — засталася б у пакінутай хаце ў зоне адсялення. А з Ленінграда — цяпер Санкт-Пецярбурга — прыйшла і добрая вестка: там, быццам, выявілася нейкая карціна Юдэля Пэна. Рэстаўратар прац віцебскага класіка жывапісу Валерый Кегелеў выказаў гіпотэзу, што гэта адна з работ, якія пры бамбёжцы немцамі Віцебска ў чэрвені 1941-га супрацоўнікі музея проста раздавалі блізкім і знаёмым. Застаецца чакаць і спадзявацца, што з часам “усплывуць” і астатнія.

Велічны каменны будынак касцёла ХVІІ стагоддзя ў Імя Маці Божай Марыі на Валожыншчыне ў вёсцы Вішнева. Тут шмат цікавага: асабістая лава і радзінны герб графаў Літавор-Храптовічаў, у сутарэнні — саркафаг Сымона Буднага. А на сцянах злева і справа ад увахода фрэскі, як сцвярджае легенда, пэндзаля Фердынанда Рушчыца. Грунтуецца мясцовае паданне на тым, што нарадзіўся мастак і пахаваны ў васьмі кіламетрах ад Вішнева, у радзінным маёнтку ў вёсцы Багданава.

Правая фрэска “Уваскрашэнне Хрыстом” — ці то Лазара, ці то сына ўдавы. Тэма левай: блудніца ўцірае ногі Хрыста ўласнымі валасамі. Рэстаўратар трэцяй, алтарнай фрэскі “Вяртанне блуднага сына” мастак Алесь Пушкін перакананы, што гэта — не манера Рушчыца. Але мясцовы ксёндз-пробашч Юзаф Мяльдзюк схільны не абвяргаць легенды: з ёй цікава жыць, і яна прыцягвае народ, турыстаў. (Дарэчы, пра новыя знаходкі ў вішнеўскім касцёле “К” пісала ў № 29.)

(Заканчэнне аповеду — у адным з наступных нумароў "К".)

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр