Чырвоны вінны: лаза і зямля

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка “Падарожжа ў арт-прастору Ашота Хачатрана” пецярбургскага мастака армянскага паходжання. Мінск і Пецярбург перыядычна абменьваюцца экспазіцыямі сучасных мастакоў розных кірункаў, і такія праекты становяцца цікавымі ды пазнаваўчымі як для профі (“як цяпер пішуць там, у Піцеры?”), так і для шырокай публікі.

/i/content/pi/cult/548/11956/12-3.jpg

Ашот Хачатран. "Раніца".

Каля 40 гадоў Ашот — пецябруржац, а вось як мастак мае “падвойнае грамадзянства”: расійскае і армянскае. Гэта становіцца зразумелым кожнаму, хто ўбачыць яго карціны. Нават не ўзіраючыся ў іх, не ўнікаючы ў сюжэт, адчуваецца “каранёвы” армянскі каларыт. Гады жыцця ў паўночнай сталіцы Расіі не змаглі нівеляваць і адаптаваць, асіміляваць магутны ўнутраны стрыжань, само светаадчуванне яго як мастака поўдня, а не поўначы.

У майстэрні на Маскоўскім праспекце ў Пецярбургу Ашот выгадаваў цэлую аранжарэю экзотаў — пальмаў, гранатаў, кітайскіх руж, інжыра... Побач — бутлі з чырвоным самаробным віном з прывазнога вінаграду. Ён шануе насычаны колер гэтага напою: чырвоны вінны — колер жыццёвай сілы лазы і зямлі. Дарэчы, у 2013 годзе ў арт-холдынгу “Рахманінаў” у Санкт-Пецярбургу прайшла выстаўка Хачатрана, якая называлася акурат “Вінатэрапія”.

Ён стварыў свой астравок поўдня ў суровым паўночным горадзе. Але — парадокс! — пісаць, тварыць, ён ужо не можа нідзе, акрамя Пецярбурга (нават на радзіме ў Арменіі). З Пецярбургам ў Ашота сапраўдная сувязь: тут пражыта творчае жыццё, тут ён вучыўся вольным слухачом ў Акадэміі мастацтваў у выбітных савецкіх жывапісцаў Юрыя Няпрынцава і Барыса Угарава, тут упершыню выставіў свае працы, тут-сустрэў сваё каханне на ўсё жыццё, тут, працуючы ў Саюзе мастакоў, за ўласныя грошы выдае газету “Мастак Пецярбурга”... Таксама Ашот актыўна ўдзельнічае ў жыцці армянскай дыяспары Пецярбурга, служыць амбасадарам армянскай культуры ў гэтым горадзе. Ён стаў ініцыятарам перадачы ў дар твораў пецярбургскіх мастакоў Нацыянальнай галерэі Арменіі.

На выстаўцы ў Мінску прадстаўлена 30 твораў Ашота Хачатрана — кампазіцый, партрэтаў і нацюрмортаў, пейзажаў і абстрактнага жывапісу. Экспазіцыя — рэтраспекцыя, якая знаёміць гледача з эвалюцыяй стылю майстра ад самых ранніх твораў “Аўтапартрэт з белай павязкай” (1979 год) і “Нацюрморт з бананамі” (1980).

“А дзе ж пейзажы Пецярбурга?” — пытаюцца наведвальнікі, якія прывыклі да абавязковасці такога матыву ў тамтэйшых мастакоў. Тым часам, пейзажы Ашота ў асноўным прысвечаны Арменіі, яе старой каменнай архітэктуры, яе гарам і землям. Галоўнае ў іх — гістарычная памяць, грунтоўнасць жывапісу і дэкаратыўнасць, асэнсаванне творчай спадчыны выбітных армянскіх мастакоў. Асабліваму пачуццю дэкаратывізму Хачатрана спрыяла навучанне ў Ерэванскім вучылішчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Акопа Ананікяна. Каларыт і буянне колеру дала радзіма — Арменія, а культуру жывапісу выхаваў Пецярбург, яго музеі і выстаўкі.

Дарэчы, буянне чырвонага — другая іпастась жывапісу Хачатрана. Чырвоны і яго вытворныя — асаблівая любоў Ашота. Некаторыя са сваіх выставак у Пецярбургу і Нацыянальнай галерэі Арменіі ў Ерэване ён і называў у падобным рэчышчы: “Чырвоная гісторыя”, “60 адценняў чырвонага”…

Надзея УСАВА, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, мастацтвазнаўца