Наперад у... этна

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

З чаго пачынаецца Беларусь для суайчынніка за мяжой?
У Малдове на сённяшні дзень афіцыйна зарэгістравана дзесяць этнакультурных грамадскіх аб’яднанняў. Адно з самых маладых — “Беларускі культурны рух Малдовы”. І хоць яно мае не надта працяглую гісторыю, але працуе вельмі актыўна і мае добрыя стасункі з Амбасадай Беларусі. Нездарма менавіта іх прадстаўніка накіравалі на Першы кансультатыўны савет пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа. Сваімі ўражаннямі ад змястоўнай дыскусіі на пасяджэнні, а таксама думкамі пра выхаванне нацыянальнай свядомасці ў моладзі, што часцяком ведае пра сваю гістарычную радзіму толькі па аповедах старэйшага пакалення, падзялілася старшыня названага грамадскага аб’яднання Ганна МАЗУР, якая перад ад’ездам у Кішынёў завітала ў рэдакцыю “К”.

/i/content/pi/cult/548/11955/12-2.jpgЧас збіраць…

— Запала ў сэрца метафарычнае выказванне міністра Міністэрства замежных спраў Уладзіміра Макея аб тым, што прыйшоў час збіраць гісторыю беларускага народа. Як слушна было зазначана, тая гісторыя пішацца не толькі ў межах адпаведнай дзяржавы, але і сумленнай, дабрачыннай працай яе парасткаў, якія аказаліся з той ці іншай прычыны за яе межамі. Мы, раскіданыя па розных куточках свету, на месцах таксама дбаем пра нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі, захоўваем карані. Упэўнена, падобная народная дыпламатыя сапраўды дапамагае рабіць больш значным імідж нашай краіны.

Першае пасяджэнне сталася свайго кшталту знаёмствам. Кожны прыехаў са сваёй гісторыяй, праблемамі. Але, канешне, як прадстаўнікі краін мы павінны ўсведамляць, што такія мерапрыемствы арганізуюцца не столькі дзеля гутаркі пра свае нягоды і радасці, колькі дзеля канструктыўнай супрацы.

Мы складалі план для далейшага супрацоўніцтва. Падчас пасяджэння прагучала шмат канкрэтных прапаноў. Прынамсі, вельмі слушнае выказванне па навучальных установах: было б добра, каб Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь нейкім чынам узяло пад свае крыло школьнікаў і студэнтаў нацыянальнай дыяспары. Гутарылі і пра сродкі масавай інфармацыі: у многіх суполак ёсць сайты, бюлетэні, некаторыя маюць нават сур’ёзныя друкаваныя перыядычныя выданні. Хацелася б, каб Міністэрства інфармацыі Беларусі дапамагло неяк аб’яднаць нашы СМІ, стварыла адмысловы партал для такіх інтэрактыўных стасункаў. Так, на сённяшні дзень ёсць газета “Голас Радзімы”, сайт і белютэнь згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, друкуе інфармацыю пра суайчыннікаў замежжа і газета “Культура”, але ж нам усё ж такі бракуе адзінай інфармацыйнай прасторы.

Пакуль яшчэ мы не вызначылі перыядычнасць сустрэч на высокім узроўні, але хацелася б, каб Кансультатыўнаму савету адводзілася больш за дзве гадзіны. У прадстаўнікоў дыяспары шмат пытанняў і прапаноў. Нездарма наша першае пасяджэнне не абмежавалася заяўленымі рамкамі і значна зацягнулася. Можа, ёсць сэнс у тым, каб кожнаму з аб’яднанняў дасылаць папярэдне свае прапановы і меркаванні па пэўных пытаннях, а МЗС структуравала б іх? На гэтай базе, верагодна, лягчэй распрацаваць тэмы дыскусій для наступных з’ездаў, а сумесная падрыхтоўка можа ўзняць на новую прыступку эфектыўнасць нашай працы.

Кансалідацыя згуртаванняў

— Ад некаторых прадстаўнікоў чула, што на месцах дыяспара не заўсёды магла растлумачыць, чаму быў абраны прадстаўнік той, а не іншай суполкі для ўдзелу ў Кансультатыўным савеце. Вельмі адказная роля — прадстаўляць краіну на такім сур’ёзным мерапрыемстве! У дзяржавах, дзе беларускіх згуртаванняў налічваецца дзясяткамі, існавала нейкая разгубленасць, бо не вельмі зразумелы прынцып, па якім прапаноўвалі кандыдатаў амбасады. Этнакультурныя аб’яднанні прагнуць большага дыялогу, празрыстасці. Такія мерапрыемствы павінны сапраўды аб’ядноўваць этнічных беларусаў, усебакова нас кансалідаваць.

З дзесяці беларускіх этнакультурных аб’яднанняў Малдовы два — міжнародныя, адно мае рэспубліканскі статус, астатнія — муніцыпальны. Суполкі часам сутыкаліся з тым, што каардынацыя па вельмі важных пытаннях ішла праз адну ці дзве структуры, якія ўжо набылі аўтарытэт, а да іншых наогул не заўсёды даходзіць інфармацыя. Некалі ў нас на гэты конт існавала добрая практыка Каардынацыйнага савета беларускіх суполак пры Пасольстве Беларусі ў Малдове. Амбасада давала нам такую магчымасць: сустракаліся кіраўнікі згуртаванняў і абменьваліся інфармацыяй, абмяркоўвалі, рабілі сумесныя праекты, будавалі планы. На жаль, тая практыка знікла... Але, спадзяюся, сумеснымі высілкамі мы зможам змяніць сітуацыю.

Пікселі моўнага самавызначэння

— Звычайна на сустрэчах аўтэнтычнай суполкі трапляюцца людзі досыць сталага ўзросту. У большасці яны ведаюць беларускую мову не так упэўнена, як ім хацелася б. У старэйшага пакалення, на маю думку, часта ўзнікае комплекс выдатніка: ці размаўляць ідэальна, ці не размаўляць наогул, каб не абразіць родную мову. Відавочна, беларускамоўныя курсы карысталіся б сярод суайчыннікаў попытам. Але стварыць іх — гэта ж цэлая і сур'ёзная сістэма. Узнікаюць праблемы ўжо на этапе пошуку педагога. На Кансультатыўным савеце прадстаўніцы Італіі, Іспаніі і іншых краёў распавялі, што не знайшлі ў сваёй краіне кваліфікаванага выкладчыка. Як бачыце, праблема агульная.

На жаль, беларускамоўнае асяроддзе ў этнічных аб’яднаннях знікае. Другое-трэцяе пакаленне беларусаў замежжа не чуе роднай мовы, ім усё больш складана яе прыняць. Чалавек без мовы, як і без душы, жыць не можа. Магчыма, выйсце можна знайсці ў стварэнні інтэрнэт-курса беларускай мовы. Ведаю, тая практыка ўжо даўно ўжываецца іншымі краінамі і добра сябе зарэкамендавала. Прынамсі, у Малдове пры падтрымцы Еўрапейскага саюза праводзіліся інтэрнэт-курсы румынскай мовы для нацыянальных меншасцей. Былі распрацаваны заняткі, ажыццяўлена віртуальная сувязь з выкладчыкам. Мяркую, Міністэрству адукацыі Беларусі можна было б ўзяць той вопыт на заметку...

Змена з нацыянальным прысмакам

— Колькі разоў сутыкалася з сітуацыяй, калі дзеці ці ўнукі нават самых актыўных удзельнікаў нацыянальных аб’яднанняў не праяўляюць інтарэсу да спадчыны прашчураў... Таму першае пытанне, якое ў мяне паўстала, калі я стала маці: як зрабіць, каб мае трое сыноў усвядомілі і свой беларускі карэньчык. Выснова простая: кветачку нацыянальнага самавызначэння патрэбна расціць з самага маленства. Вось і “Беларускі культурны рух Малдовы” робіць акцэнт на выхаванні дзяцей, моладзі. Зараз мы сумесна з таварыствам па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” для адпаведных структур Беларусі распрацоўваем праект міжнароднага культурна-адукацыйнага форуму “Дзеці Бацькаўшчыны”. Ідэя ўжо атрымала падтрымку з боку суайчыннікаў з Літвы, Латвіі, Украіны.

Мы прапануем на базе беларускага летніка, напрыклад, “Зубраня”, зрабіць адпаведную змену для дзяцей беларусаў замежжа. Той форум уключаў бы і культурны аспект, і адукацыйны. У межах змены можна правесці моўныя курсы, арганізаваць экскурсіі па гістарычных мясцінах. Усё гэта дапаможа маладому пакаленню ўсвядоміць сябе беларусамі, пабачыць Радзіму бацькоў і прадзедаў. Моладзь сёння вельмі актыўная, тыя міжнародныя стасункі адразу б трапілі ў Інтэрнэт, была б натуральная рэклама для маладых беларусаў замежжа, каб яны далучаліся да аўтэнтычных згуртаванняў. Форум дапаможа вырашыць самае балючае для кожнага этнічнага аб’яднання пытанне: паспрыяе прытоку моладзі ў дыяспару і з’яўленню маладых лідараў.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"