Коленька

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Словы пра графіка Міколу Селешчука
Калі Адам Глобус прынёс у рэдакцыю для пераводу ў “лічбу” раней не друкаваныя работы Міколы Селешчука, якія ілюструюць гэтыя нататкі, яго згадкі пра мастака гучалі з рэфрэнам “Коленька… Коленька… Коленька…” Таму і вырашылі назваць гэтую публікацыю акурат гэтак: “Коленька”.

/i/content/pi/cult/548/11952/14-2.jpgМода

Мікола Селяшчук быў мастаком модным. Бадай што ён першы ў Беларусі, хто змог атаясамліваць з сабой гэта вызначэнне — модны мастак. Да Селешчука спрабавалі быць моднымі Барыс Забораў і Георгій Скрыпнічэнка, але ў іх працах і ў іх саміх было зашмат сур’ёзнасці, каб зрабіцца моднымі. Зазвычай, мастакі жадаюць стаць вялікімі ці знакамітымі, багатымі ці любімымі. Быць модным у тагачасных мастакоўскіх асяродках лічылася кепскім густам. Селяшчук змяніў сітуацыю, сваім прыкладам ён давёў тутэйшым мастакам, што працаваць з манекеншчыцамі і хадзіць на паказы новых калекцый адзення — добра. Ён апранаўся згодна з часопісамі моды. Ён пісаў карціны на модныя тэмы — бары, матылькі, жанчыны-матылькі. Ён сам быў моднікам і вакол яго круціліся модніцы. Яны і зрабілі яму вядомасць. Яны і зацвердзілі ягонае пакліканне і званне — модны мастак.

Выдатніцтва

Мікола Селяшчук быў выдатнікам. Яго грэлі добрыя адзнакі і ўхваленні. Усё, за што браўся Мікола, ён стараўся зрабіць добра і на “пяцёрку”. Таму яму давалі шмат замоў, таму замоў у Селяшчука было значна болей, чым ён мог зрабіць на выдатна. Мікола многа халтурыў. Рабіў эстампы з кабінетамі, дзе працаваў Ленін. Аздабляў малюнкамі кнігі малаталенавітых паэтак. Ілюстраваў пасрэдныя раманы. Такім правалам, мяркую, былі ў яго ілюстрацыі да рамана-эсэ Алега Лойкі пра Янку Купалу. Ці перажываў Селяшчук за свае халтуры і правалы? Так. Перажываў, але свае перажыванне ён хаваў за добразычлівы смех. У Міколы Селешчука была прыязная ўсмешка і прыемны мяккі смех. Калі я з кімсьці загаворваю пра Міколу, шмат хто згадвае ягоны смех і ягоную паспяховасць, ягонае выдатніцтва і жаданне спадабацца.

Вінілавыя кружэлкі

Ёсць мастакі, пра чые карціны расказваюцца гісторыі. Мастак яшчэ толькі працуе над палатном, а чуткі пра твор ужо ходзяць па нашай сталіцы. У Мінску шмат гісторый расказвалася пра палотны з канцэнтрацыйнымі лагерамі Міхаіла Савіцкага. З цікавасцю ўсе слухалі і пра карціны з аголенымі жанчынамі, якіх маляваў з натуры Аляксандар Кішчанка. Сярод гэтых гісторый з’явілася і новае імя — Мікола Селяшчук, які пісаў палатно з раскіданымі па падлозе вінілавымі кружэлкамі. Сюжэт карціны быў даволі нечаканы. І выкананне таксама здзіўляла першых гледачоў... “Селя ўсё выпісаў маленечкім пэндзлікам. Усё зрабіў так, як на фотаздымку. Раней у нас так ніхто не рабіў…” — расказваў мне пра карціну Міколы графік Анатоль Александровіч. Ён нават паабяцаў звадзіць мяне ў майстэрню да Селешчука. Ягоная тагачасная майстэрня была ў Палацы воднага спорту, што стаіць каля Батанічнага сада. Да той майстэрні я з Анатолем так і не дайшоў, карціну з раскіданым на падлозе вінілам ніколі ня бачыў, але я добра яе ўяўляю. Маё ўяўленне так выразна намалявала гэтае палатно, што яно і зараз з’яўляецца маім самым любімым творам Міколы Селешчука.

/i/content/pi/cult/548/11952/14-1.jpgТрускалкі

Свае майстэрні мастакі абсталёўваюць ці ў розных паўтэхнічных памяшканнях, ці пад дахамі на гарышчах, ці ў сутарэннях і па цокальных паверхах. Адзін час я працаваў з Селешчуком у адным будынку. Мая майстэрня была ў прасторным трохпакаёвым паўпадвале, а ягоная на мансардзе. Майстэрня Селешчука была шыкоўная, бо мела ажно тры вялікія вокны. Праўда, кожнае з вокнаў належыла розным мастакам. Пад сярэднім працаваў Вова Савіч. Пад правым — Валодзя Тоўсцік. І толькі левае акно ліло святло на жывапісныя палотны і графічныя аркушы Міколы. Тоўсцік, Савіч і Селяшчук сябравалі. У мяне з імі былі даволі прыязныя, а калі па-простаму — добрасуседскія адносіны. Мы не толькі віталіся ў двары і заходзілі адзін да аднаго на гарбату, мы яшчэ разам святкавалі Дзень Трускалак. Маці Селешчука жыла на самым поўдні Беларусі. Там трускалкі чырванелі значна раней чым у іншых нашых мясцінах. Селяшчук прывозіў цэлыя скрыні з салодкімі ягадамі і запрашаў усіх знаёмых пачаставацца. Селешчукоўскімі трускалкамі частаваўся і я. Таму трускалкі знітаваны ў мяне з успамінамі пра Міколу. Убачу чырвоную трускалку і згадваю суседа Селю — майстра, які рабіў малюнкі да казак і шматколерныя казачныя малюнкі...

Стараннасць

Мікола маленькім пэндзлікам старанна прамалёўваў кожную дэталь на карціне. Ён вылізваў, выгладжваў, выточваў усе як ёсць драбніцы. “Нашто ты так усё 
дэталізуеш? Нашто вызуджваеш? Нашто ты выточваеш кожную драбязу?” — аднаго разу папытаўся я ў Міколы, калі мы пілі гарбату на ягонай варэльні ў Серабранцы. Там у Міколы быў пакой у камуналцы і палова варэльні. “Потым зразумееш!” — аджартаваўся Селяшчук. Я не стаў настойваць. Потым дык потым. Праўда, я так і не знайшоў адказы на тыя пытанні. Для пакалення сур’ёзных мастакоў “суровага стылю” Селяшчук быў сімвалам новага мастацтва. Ягоныя жанчыны ў бліскучых портках, ягоныя вясёлкавыя пташачкі, ягоныя аўтааварыі для старэйшых мастакоў выглядалі не толькі адкрыццямі, яны выглядалі яшчэ і маласур’ёзна. Старэйшыя не любілі Міколу, зрэшты і для маладзейшых нонканфармістаў і авангардыстаў ён не стаў прыкладам. Селяшчук быў зоркай і любімцам менавіта свайго пакалення. Змагарныя дарогі наступнікаў яго палохалі. Калі са старэйшымі Мікола яшчэ змагаўся за сваё месца пад выдавецкім і музейным сонцам, дык маладзейшых ён разумеў кепска і нават крыху пабойваўся іх жорсткіх нораваў.

Адам ГЛОБУС, пісьменнік

(Заканчэнне нататак Адама Глобуса пра Міколу Селешчука чытайце ў адным з наступных нумароў “К”.)

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар