Эка... на дэсерт

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Эфекты памежнага стану ў прыродзе і ў чалавечай псіхіцы — даследаваць гэту далікатную тэрыторыю “паміж” паспрабавалі ўдзельнікі эка-пленэру, што ладзіцца Галерэяй сучаснага мастацтва “Ў”, і становіцца штогадовай практыкай для мастакоў, куратараў, эколагаў і ўсіх, адкрытых для “зялёнага” светапогляду. Тыдзень прабывання ў абшарах Блакітных азёр — і плён тых занурэнняў “into the wild” апынуўся перад публікай галерэі. “Памежны стан” — менавіта з такой назвай сёння працуе выстаўка ў мінскай інстытуцыі.

/i/content/pi/cult/548/11951/9-2.jpgУ ёй прымаюць удзел толькі пяць мастакоў — чатыры з Беларусі і адзін з Літвы, тым не менш, пасланне трох куратораў — Ганны Чыстасердавай, Валянціны Кісялёвай і Сафіі Садоўскай нельга назваць неясным ці няпэўным. Гэта акурат той выпадак, калі сказана дастаткова, каб зразумець галоўнае: памежны стан — гэта не толькі ўмоўная прастора паміж прыродай і цывілізацыяй, нашым знешнім і ўнутраным. Гэта і даволі хісткае становішча, якое абяцае як і адкрыцці, так і адчуванне канечнасці пэўнага стану, прасторы ці свету. Так, гэта пасланне пра крохкасць нашай экалогіі — прыроднай і ментальнай.

Да прыкладу, мастак Bazinato малюе на сцяне кола, звяртаючыся да ўніверсальнай “формы светабудовы” — кола, зерне, партал; да натуральнасці, арганічнасці матэрыялаў, якімі да гэтай пары карыстаецца сучаснае грамадства, збалаванае цэлафанам і пластыкам, — тое кола маляванае вуглём. Але вугаль ператварецца ў попел, а той самы партал — у трубу фабрык, заводаў, станцый, у тунэль, які вядзе ў пустэчу. Ці думае грамадства здабываючы прыродныя рэсурсы, выкарыстоўваючы іх, пра наступствы, знішчаючы аснову, тканіну жыцця? Простая работа мастака выкрывае лёгкадумнасць і спажывецкі характар чалавечых дзеянняў.

Крохкасць мікракосмасу лясных абшараў выяўляе і інсталяцыя Святланы Гусаковай з Брэсту “Балдукская кухня”. Мастачка запрашае публіку да імправізаванага стала, дзе ў якасці пачастункаў — гарбата і пірожныя з… рэчываў, сабраных у ваколіцах славутага возера. Што гэта? Молатыя лішайнікі, драўніна, пігменты парэчак, маліны, буякі, зёлкі, старая лістота… Святлана як у дзіцячай гульні робіць з гэтых рознакаляровых матэрыялаў невялічкія вежкі-пачастункі. Але ў адсылцы да дзіцячых гульняў “у кухню” важны сэнс — мікракосмас лесу складаецца з гэтых звыклых і незаўважных інгрэдыентаў  — кожны з якіх мае свой пах, колер, эсэнцыю. Магчыма, іх нельга з’есці ў прамым сэнсе, і яны выклікаюць для кагосьці агіду, але чалавек спажывае іх праз свае пачуцці ў лясных ці азёрных абшарах тым альбо іншых чынам. Але ці з’яўляюцца адкіды, якія пакідае чалавек, падобнымі да тых рэчываў, што перарабляе лес, балота? Ці не ставіць пад пагрозу гэту экасістэму чалавек, звыкла ператвараючыся ў безапеляцыйнага “дарагога госця”? Мяркую, што гэтыя пытанні — цалкам у рэчышычы работы, якая, зманліва запрашае ўсяго толькі да “дэсертнага стала”.

Асаблівасць успрымання гарадскім чалавекам прыродных краявідаў — гэтаму эфекту прысвечана ўжо інтэрактыўная інсталяцыя “Гукі возера” куратарскай групы выстаўкі.

Фатаграфіі берагавой лініі Балдука (аўтар — Вікторыя Шчарбакова), зрыфмаваныя адмысловым чынам, адкрыта нагадваюць рухомы эквалайзер відэаплэера. Агучыць гэтую берагавую “дарожку” і прапануецца ўсім жадаючым. Яна і Марта Шчарбаковы запісалі сваю, да прыкладу, версію “трэка” акапэлла, а мастак Антон Сарокін — абраў некалькі выяў і паклаў на іх свае электронныя п’есы.

Тэхнагеннасць погляду сучаснага гараджаніна, яго медыйная, камп’ютарная дасведчанасць, заангажаванасць — такі памежны стан раскрывае “работа ў працэсе”.

Ды ніяк нельга прайсці міма твораў вядомага “гарадскога ляснічага”, мастака Ігара Корзуна. Іх на выстаўцы прадстаўлена дзве — “Верх. Ніз” і “Nosce te ipsum”. Апошняя, якая перакладаецца з лацінскай як “спазнай сябе”, уяўляе сабой інсталяцыю з трох вялізных корабаў з начыненнем. Ігар прапануе даследаваць уласных страх, засунуўшы руку ў закрытую скрыню: што ж там? штосьці небяспечнае? цікавае? У атачэнні аб’ектаў — люстэркі, дзе можна прасачыць сваю рэакцыю. Можна сказаць, што лес — гэта, вядома, тактыльны праваднік. Але праект мастак не толькі пра тое, але пра экалогію думкі. Пра што мы сабе дазваляем думаць, а пра што — не. І што робім у выніку.

Стваральнікі выстаўкі зрабілі летні праект, але ігравыя элементы тут ўсяго толькі падстава для адкрытага гледача паразважаць, у якім стане — ці памежным? — ён зараз знаходзіцца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"