Астап і "шкап”

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Калі шукаць самы нечаканы і багаты на прыдумкі музычны спектакль мінулага сезона, годны вылучэння на Нацыянальную тэатральную прэмію-2016, нельга абмінуць “12 крэслаў”, пастаўленыя Тэатрам Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла”.

/i/content/pi/cult/548/11950/9-1.jpgГэта не балет (дарэчы, тых жа аўтараў і пастаноўшчыкаў па тым жа неўміручым рамане Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова), які раней ішоў у нашым Музычным тэатры. Спектакль азначаны як мюзікл-містыфікацыя, але апошняе слова мае дачыненне не столькі да жанра — сапраўднага мюзікла, колькі да падзей самога спектакля — сюжэтных і пастаноўчых.

Спачатку быў чатырохсерыйны тэлефільм з музыкай Гладкова, праз дзевяць гадоў — аднайменны балет з тымі ж мелодыямі, а пазней — згаданы мюзікл, які ні ў якім разе нельга лічыць “паўторам” мінулых прац. Змянілася ўсё, пачынаючы з сюжэта. Дзеянне перанесена ў сучаснасць, з’явіліся новыя лініі і нават персанажы — адпаведна, і новая музыка. Дый знаёмыя мелодыі атрымалі зусім іншае развіццё, ператварыўшыся з асобных песень у разгорнутыя сцэны. Такім жа прафесійным падыходам пазначана лібрэта Марка Захарава (ён ставіў згаданы фільм) і Юлія Кіма. Песенныя вершы — яркія, трапныя, каларытныя, уровень з сакавітай музыкай (ці музыка — пад стаць вершаваным радкам і запамінальным рыфмам). Драматургія закручана так, што сумаваць не давядзецца — ні дапытлівым знаўцам рамана, ні тым, хто з творам увогуле не знаёмы.

А як “закручана” рэжысура Настассі Грыненка! Што ні сцэна — усё новыя пастаноўчыя і акцёрскія знаходкі (нават усе крэслы распатрошваюцца па-рознаму), сапраўдны феерверк ідэй, асацыяцый, думак. Спектакль вырашаны як фантасмагорыя, у ім раз-пораз узнікаюць элементы тэатра абсурду, а адным з галоўных вобразаў-пярэкрутаў становіцца люстэркавы “шкап” (мастак-пастаноўшчык — Андрэй Меранкоў). Са “шкапа” з мноствам патаемных скрыняў, бы праславутае чарцяня з табакеркі, з’яўляюцца героі. А сам ён, часам нагадваючы касмічную “чорную дзірку”, паварочваецца рознымі бакамі-гранямі, каб потым схаваць у сабе забойства Астапа Бэндэра (Дзмітрый Якубовіч), а далей, нібыта ператварыўшыся ў шырму лялечнага тэатра, прадэманстраваць героя, бы Пятрушку, “несмяротна жывым”. Люстэркі вымушаюць узгадаць і залюстроўе, і крывыя люстры, а іх наступленне на глядацкую залу ў канцы абодвух дзей адсылае нават да фінала шэкспіраўскага “Макбэта”, дзе на героя рушаць дрэвы — прадказаны вядзьмаркамі Бірнамскі лес. Усё гэта надае аповеду, пры яго знешняй забаўляльнасці і гумары (смех у зале не сціхае), глыбокі філасофскі падтэкст. А героі, уключаючы Кісу Вараб’янінава (Аляксандр Асіпец), атрымліваюць трагічнае адценне.

Спектакль не пераказвае вядомую гісторыю, а вымушае задумацца над вечнай рускай праблемай “лішніх людзей”, узнятай яшчэ ў рускай жа літаратурнай класіцы. У той час, як грамадства апантана змагаецца з актыўна-крэатыўнымі астапамі бэндэрамі (замест таго, каб выкарыстаць іх энергію здзяйснення ў мірных мэтах, скіраваўшы яе ў патрэбнае рэчышча і зацікавіўшы іх матэрыяльна), іншыя “не астапы” — асталопы-ёлупні — ціха, без залішняй валтузні займаюць іх месцы.

Акцёрскае майстэрства — выключнае. Ансамбль — ідэальны, хаця артысты, выключна маладыя і зусім маладыя, сабраны з шасці розных тэатраў. Практычна кожны ўдзельнік спектакля пачувае сябе бенефіцыянтам, многія выконваюць адразу па некалькі рознахарактарных і рознаўзроставых роляў, ажно да бабулек у Доме састарэлых. І ніякай масоўкі: характары нават тых, хто застаецца ў натоўпе, прапісаны вельмі добра. У тым ліку, і з дапамогай сцэнічных строяў Юліі Бабаевай, выкананых з фантазіяй і густам. Тое ж тычыцца трапнай, востра-бліскучай, бы клінок рапіры, харэаграфіі Дзмітрыя Якубовіча, выкананне якой ні на імгненне не страчвае нерва. У спектаклі шмат гуллівых сцэн: тое ж танга з распрананнем Мадам Грыцацуевай (непазнавальная Алена Дуброўская) ці перанясенне дзеяння ў фотастудыю з падазрона эратычным адценнем. Але ўсё вырашана з густам, іроніяй, нідзе не парушаючы мастацкасці. А створанае Юліяй Шпілеўскай пластычнае аблічча Жанчыны-мары застаецца ўвасабленнем сапраўднага ідэалу “паспяховай жанчыны” ХХІ стагоддзя.

Вядома, музычнай пастаноўцы, дзе ўсе спяваюць жыўцом, не перашкодзіў бы жывы аркестр ці хаця б ансамбль. Але аранжыроўка Уладзіміра Ткачэнкі зроблена настолькі стыльна, што пра гэта пачынаеш забываць. Як і пра тое, што дадзены спектакль — па сутнасці, антрэпрыза. Але ж якая!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"