Пагаворым пра культуру і пра... "К"

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Пяцёра пра падпіску, тэндэнцыі і рэдкія выключэнні

/i/content/pi/cult/548/11947/7-1.jpgМой унёсак у наасферу

Неяк са мной здарыўся амаль анекдатычны выпадак. На фуршэце ў адным з замежных пасольстваў у Мінску, які вянчаў недаравальна зацягнутую літаратурную вечарыну, жонка Амбасадара пацікавілася маімі ўражаннямі. І паколькі пры адказе выраз майго твару, пэўна, быў не да канца дыпламатычным (няглядзячы на ўсе старанні), візаві прамовіла сакраментальную фразу: “Але ж усё агучанае сёння не знікне — яно назаўсёды застанецца ў наасферы”.

Жарты жартамі, але... У наш век згаданае абстрактнае паняцце мае і досыць канкрэтнае вымярэнне. Гэта раней у напісаныя журналістамі словы загортвалі селядзец, бо ўчарашняя газета больш ні на што і не прыдавалася. Дзякуючы сучасным тэхнічным магчымасцям, напісанае сапраўды застаецца, і інтэрнэт-пошукавік можа падступна прыгадаць табе пра дапушчаныя дзесяць гадоў таму “ляпы”.

Не сакрэт, што Байнэт працэнтаў на 80 сатканы з “копіпэйстаў”. Адзін і той самы тэкст можна ўбачыць на добрым тузіне розных рэсурсаў. Па Сеціве качуюць таксама і памылкі — як гэта бывае пры спісванні школьных кантрольных. Тыражаванне інфармацыі стала вельмі танным — асабліва ў параўнанні са стварэннем арыгінальнага ды якаснага кантэнту, які не можа быць дармовым па вызначэнні, бо чалавека (журналіста, рэдактара, карэктара...) тут нішто не заменіць.

Тым больш, многія папросту не бачаць сэнсу надта пераймацца з гэтай нагоды. Куды зручней — плыць па інфармацыйнай плыні, якую спараджаюць нейкія амаль выпадковыя факты. Век такіх “мемаў” нядоўгі, але замест забытых неўзабаве з’яўляюцца новыя.

Вядома, гэта нядрэнна, што ўся Беларусь абмяркоўвае здымак немаладых кабет у рэстаране альбо жорсткае затрыманне нудысткі на пляжы. Гэта значна лепш, чым абмяркоўваць, напрыклад, кучнасць залпу рэактыўных установак. Аднак... калі ўсе будуць толькі рухацца па плыні, наш беларускі сегмент наасферы можа многага недалічыцца. Напрыклад, развагаў пра сучасны стан культурнага працэсу альбо партрэтаў тых асобаў, якія не выклікаюць імгненнага “ваў-эфекта”, бо ўражваюць перадусім сваёй грунтоўнасцю ды глыбінёй. Урэшце, проста рэцэнзій на выстаўкі ці спектаклі. Думаеце, шмат хто ў нас сёння публікуе рэцэнзіі?

І таму ўжо не здзіўляешся, калі ў адказ на твой запыт па той ці іншай тэме пашукавік выдае артыкулы твайго ж выдання. Значыць, без нас наасфера збяднее.

Ілья СВІРЫН


Зрабіць цукерачку з нічога

Звяртаюся не толькі да нашых чытачоў, але і да ўсіх работнікаў культуры. Бо разумею, не кожнаму мы цікавыя. У таго, хто адным днём жыве, у думках — зусім іншае… Як павялічыць падпіску на "Культуру"? Прыкладна гэтак жа, як паспрабаваць спыніць аптымізацыю сеткі ўстаноў культуры. Але хто сказаў, што не варта гэта рабіць? Справа ж у нас агульная. І вы — галоўныя.

Дакладна ведаю, што большасць падпісчыкаў “К” — з раёнаў. Паколькі кірую аддзелам сельскай культуры, адчуваю пастаянны цяжар адказнасці. Не за тое, каб пахваліць ці палаяць, а за тое, каб не схлусіць. Справа — суб’ектыўная, бо праўд шмат, а ісціна адна, і яна — няўлоўная. Тым не менш…

Часта спрачаемся з Кастусём Антановічам, якому заўжды карціць параўнаць непараўнальнае, скажам, сельскі клуб і Палац культуры. Змушаны канстатаваць, Канстанцін не памыляецца (маладосць іншым разам разумнейшая за сталасць): мы ж не сцены параўноўваем, а людзей. І ў вёсцы іншым разам такая асоба кіруе клубам, што з нічога заўжды цукерачку зробіць. І ў той жа час райцэнтраўскі Палац (бывае такое, бывае) знаходзіцца ў руках гэткага абібока, што не пісаць пра гэта — злачынства.

Але ў першую чаргу пісаць трэба пра асоб. Не шматслоўныя фальшывыя нарысы, а канкрэтныя матэрыялы пра адмысловыя ўчынкі, праекты і акцыі, якія гэтымі асобамі выпакутаваны. Калі бычыш штосьці адметнае з пералічанага, дакладна ведаеш, за крэатывам — бяссонне, здароўе на згубу, павышаны ціск і, урэшце, нязвараны борш для сям’і. Менавіта на гэтай глебе вырастаюць сапраўдныя творчыя прарывы, а іншым разам — і паралельныя асабістыя трагедыі.

Ведаю аднаго музейшчыка, які за месячны заробак прыдбаў антыкварны ордэн. Ад музейшчыка пасля сышла жонка, а ён цалкам выключыў з жыцця асабістае, пакінуўшы толькі працоўнае. У дзівака цяпер — тры вялізныя музейныя калекцыі сапраўдных артэфактаў, адкрытыя для любога ахвотнага. Ён мне імпануе, але не стаўлю такую самаахвярнасць у прыклад. Хачу падкрэсліць, што сапраўдны работнік культуры (ды вы і самі гэта ведаеце!) — цэлы сусвет, які можна вывучаць бясконца, неабходна зразумець і палюбіць. Абяцаю займацца гэтым і надалей.

"Культура" — для сапраўдных бібліятэкараў, музейшчыкаў, клубнікаў… І я пра гэта ніколі не забываю. Не ўсё атрымліваеццам, але я стараюся.

Ведаю, што асобных сталічных мастакоў, акцёраў, іншых дзеячаў мастацтва не надта турбуе жыццё беларускага сяла. Звычайны снабізм. Але гэта, на мой погляд, зусім не азначае, што мы не павінны пісаць пра сталічныя тэндэнцыі ў балеце, кіно, тэатры… Сяброў-інтэлектуалаў па рэспубліцы ў мяне больш, чым незадаволеных, якія нават скаргу-ананімку не могуць скласці аргументавана. Гэтым першым патрэбна ўсё: і балет, і тэатр, і кіно. Будучыня, урэшце, за сінтэтычнымі мастацкімі дзеямі, што пасуюць не толькі сталічнай, але і сельскай сцэне. Вы калі-небудзь прымусіце палюбіць нашу вёску ўсіх без выключэння. Вось толькі хапіла б для гэтага здароўя…

Не стае іншым разам канструктыўнай зваротнай сувязі. Вельмі хочацца, каб вы рэагавалі (вусна ці пісьмова) на любую з’яву, што вас хвалюе. Абвяргайце, дапаўняйце, дзяліцеся досведам… Усё гэта — не для бюракратычнай справаздачнасці, а для ўзаемнай карысці, узаемнага творчага ўзбагачэння. Ніколі не прасіў раённае начальства павялічыць нашу падпіску. Не прасіць трэба, а справу рабіць. І нам, і вам. Глядзіш, усё і атрымаецца.

Яўген РАГІН


Пра сталіцу і правінцыю

Матэрыял пра праект contemporary art і побач — рэакцыя на выстаўку традыцыйнага мастацтва ў рэгіёнах… Часам, калі я чытаю сваю газету, не магу не дзівіцца з той прычыны, якія розныя падзеі і меркаванні аб культуры яна спалучае. Сельская культура і гарадская… Традыцыйная і сучасная… Адэпты адной — праціўнікі іншай. Пры тым, што выданне часам спалучае неспалучальнае, лічу, што “Культура” ўсё ж адлюстроўвае тое, што адбываецца навокал: розныя светаполяды, адчуванні часу, якія павінны дзесьці сустракацца. І ў гэтай разнастайнасці — відавочны плюс газеты, бо агульнай “мовы”, на якой гаворыць беларускай культура, ужо даўно не назіраецца. Кожны жыве ў сваім часе і асяроддзі, рэдка выходзячы за “агароджу” ўласнай парафіі.

Кажуць, што, уласна, і самі друкаваныя газеты, хутка нікому не будуць патрэбныя, саступіўшы медыя ў Інтэрнэце. Але папяровая прэса — на тое і папяровая, што мае прыемны для кагосьці архаічны складнік: яе матэрыяльнасць. Гэта архіў, які дзесьці можа ляжаць і пыліцца, гэта фармат, які можна гартаць і рваць, вядома, гэта сродак (ужо не такой масавай) інфармацыі, які можна чытаць. Так, “ламаючы” вочы аб “некамфортны” шрыфт, які нельга павялічваць, бы на камп’ютары, дзівячыся, часам, на злабадзённыя тэксты. “Культура”, як і іншая папяровая прэса, мае ўсе гэтыя складнікі плюс — сваю спецыфіку: імкнецца ахапіць галіну культуры Беларусі, аддаўшы належнае розным яе творцам, што, па шчырасці, сёння практычна немагчыма. Але — імкнецца, ператвараючыся ўу “чысты прадмет мастацтва”.

Здаецца, ну што можа быць агульнага ў дырэктара сельскага клуба і рэжысёра эксперыментальнага тэатра? У скрыпача сімфанічнага аркестра і баяніста лакальнага аматарскага калектыву? У чыноўніка міністэрства і грамадскага дзеяча? Газета, якая можа напісаць пра першых, другіх, і трэціх.

Нас часта папікаюць рэгіёны, што мы мала надаем увагі іх дзейнасці на ніве культуры, засяроджваючыся на сталічных падзеях і высокім мастацтве. Але давайце пачнем з таго, што паняцці “сталіца” і “правінцыя”— вельмі рухомыя ды адносныя, яны зусім не “трымаюцца” на геаграфічных чынніках. У Брэсце, скажам, можна ўбачыць тое, пра што ў Мінску і не задумваліся. А ў Моталі тое, пра што і не марыў, напрыклад, Брэст. Згадаем той жа музей народнага майстра Міколы Тарасюка. Мастак “дэ факта” ператварыў сваю вёску ва ўнікальны аб’ект культуры, варты ўнясення ў пэўны спіс спадчыны UNESCO. Ці змагла б такая праява нарадзіцца ў Мінску? Ды ніколі! Правінцыйнаць — гэта перш за ўсё другаснасць мыслення, якая не залежыць ад тэрытарыяльных складнікаў. Яна сядзіць менавіта ў галаве і не дае паставіцца да ўласнага асяроддзя, гісторыі, традыцый, у тым ліку, сучаснай культуры, з пашанай і энтузіязмам. Правінцыйнасць — гэта аглядка на… (патрэбнае ўстаўце самі).

Трэба выціскасць яе з нашай свядомасці — і тады з’явяцца магчымасці ды лакальныя з’явы, здольныя прыцягнуць увагу значна большую за цікавасць мясцовых СМІ. Адбудуцца, перш за ўсё, зрухі ў беларускай культуры, якіх многія чакаюць. Да чаго ўсё гэта? “Культура”, пры сваім умоўна састарэлым падыходзе прадастаўлення голасу розным цэхам сферы культуры краіны, усё ж спрабуе выявіць тое, дзе мы находзімся. Дзе ж палягае мяжа наша ўласнай (ментальнай) правінцыйнасці? Давайце ў гэтым разбірацца разам.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ


Проста часу не стае?

На днях сустрэла ў закуліссі аднаго з тэатраў даўнюю знаёмую. “Чаму вы так мала пішаце пра тэатр? — замест прывітання запытала яна. — Што ні нумар — большасць артыкулаў прысвечана традыцыйнай культуры, а на contemporary art месца амаль не застаецца”. Гэтае ж пытанне я перыядычна чую ад іншых творцаў. Пагаджуся: так, мне самой хочацца часцей звяртацца да тэатра, больш публікаваць рэцэнзій, дэтальных разглядаў і сумесных з крытыкамі дыскусій, але... Дзе тая наяўная, а не патэнцыйная аўдыторыя, для якой нашы журналісты штодня бяруцца за пяро?

Ёсць адзін непрадузяты дакумент: у ведамасці па падпісцы на “Культуру” адзначана, што колькасць экземпляраў, выпісаных цэнтральнымі тэатрамі, музеямі, кінаўстановамі па рэспубліцы дасягае хіба 1% ад усяго аб’ёму падпіскі на газету! У асноўным яны выпісваюць па адным асобніку на арганізацыю. Камусьці ж наогул хапае дайджэста, замоўленага ў Нацыянальнай бібліятэцы, іншыя ўвогуле абыходзяцца без галіновага выдання, а калі выходзіць матэрыял, то просяць даць спасылку на яго на сайце газеты...

Прапісная ісціна: без чытача газета існаваць не можа. Дык шчыра прызнайцеся, колькі з тых, хто стала гаворыць, што сучаснаму мастацтву не хапае прафесійнай крытыкі, выпісвае галіновыя выданні? Ізноў асабістыя ўражанні: сутыкаюся з адным дзеячам мастацтва і адмыслова рыхтуюся да рэзкіх пытанняў з-за дыскусійнага матэрыяла, што наўпрост тычыўся дзейнасці яго ўстановы. Але размовы не ўзніка. Разумею, што матэрыял чалавек не бачыў...

У маім тэатральным дзяцінстве на століках акцёраў ляжалі часопіс “Тэатр” і газета “Савецкая культура”. За “Літаратуркай” ганяліся, а потым да позняй ночы абмяркоўвалі на кухні артыкулы. Сёння ж баюся запытацца, у каго з членаў шматлікіх творчых калектываў аформлена індывідуальная падпіска на якуюсьці прэсу ў прынцыпе... Знаёмая, з якой я пачала артыкул, штотыднёва набывае “Культуру” ў кіёску. Яна — рэдкае выключэнне. Часцей акцёры ды рэжысёры знаёмяцца з артыкуламі па выразках, якія загадчык літчасткі размясціў на дошцы аб’яў…

Вось і атрымліваецца, што дасведчанай публіцы, мяркуючы па лічбах падпіскі, не стае часу, скажам так, на забеспячэнне сябе тым ці іншым выданнем. Таму выбар газеты відавочны: мы асвятляем самыя яскравыя падзеі contemporary art, але вялікую плошчу выдаткоўваем для нашых верных падпісчыкаў. Цягам шматлікіх камандзіровак па краіне на свае вочы пераканалася, што культработнікі там сапраўды чытаюць, спасылаюцца на нашыя артыкулы на планёрках, абмяркоўваюць надрукаванае з калегамі з суседніх раёнаў. Вельмі хочацца, каб творцы таксама звярнуліся да нашай газеты як да дыскусійнай пляцоўцы. Балазе — прастора гэта існуе і яна адкрытая. Звяртайцеся!

Настасся ПАНКРАТАВА


Што б гэта значыла?..

Я, хутчэй за ўсё, не напішу нічога такога, што моцна адрознівалася б ад зместу нататак маіх таварышаў-калегаў, якія апублікаваны на гэтай жа паласе. Вазьму шырэй і спашлюся на свае зносіны з музыкантамі, якія працуюць у розных жанрах.

У хвіліны і гадзіны размоў з імі пра ўсё, што трапіцца на язык, здаралася, пытаўся я іх і пра тое, а ці чытаюць яны цяперашнія папяровыя СМІ. І ў 18 выпадках з 20 атрымліваў у адказ “не”. Першае выключэнне заключалася ў тым, калі артысту нейкі добраахвотнік паведамляў, што бачыў матэрыял, у якім згадваецца гэты выканаўца. Ну і калі чалавек валодаў ганарыстасцю, якая перавышала сярэднія паказчыкі, і не знаходзіў адпаведнага артыкула ў Інтэрнэце, то якім-небудзь чынам ён да яго дабіраўся. Другое — ў цікавасці музыканта да нейкага прадмету (варыянт — да нейкай аналітыкі), пра якія вялася гаворка ў матэрыяле, што, зноў-такі, адшукаць у Сеціве яму не ўдалося. Альбо ў вялікай любові да вызначанага друкаванага выдання наогул. Але, натуральна, падпісчыкаў сярод знаёмых артыстаў у мяне не аказалася.

Не-не-не, грамадзяне гэтыя сочаць за курсамі валют і ім цікава, у якім кірунку мяркуе рухацца гурт “J:Морс” у бліжэйшыя год-паўтара. Але паколькі яны — людзi, якiя ідуць у нагу з прагрэсам, то з нейкага часу проста адмовіліся ад папяровага фармату, аддаўшы перавагу гаджэтам.

Я іх разумею (пра “і падзяляю такую пазіцыю” нічога не напішу). Але працягваю пісаць у перыядычнае папяровае СМІ і працаваць у ім. Вунь, музыкант, тэатральны і кінаакцёр Дзмітрый Есяневіч пасля нашай з ім паездкі ў яго родную вёску Чарнаградзь паабяцаў, што падпішацца на “Культуру”. І што б гэта значыла?..

Алег КЛІМАЎ