Тыдзень, што не мае заканчвацца

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Акцыя Гродзеншчыны, што прыцягвае ўвагу да культуры
Як прыцягнуць большую ўвагу грамадства да праблем рэгіянальнай культуры? Ды яшчэ так, каб іх вырашыць? Прынамсі, пастарацца. У галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама вырашылі распачаць ў раёнах Тыдні культуры. Праект — доўгатэрміновы. Інакш кажучы Тыдні тыя абяцаюць стаць традыцыйнымі. Больш падрабязна пра названыя творчыя акцыі распавядаюць ініцыятар праекта, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ і начальнік аддзела ІРКСМ Воранаўскага райвыканкама Алена ЯСТРЭМСКАЯ, якая разам з калегамі распачала Тыдзень культуры ў сваім раёне з 17 жніўня.

/i/content/pi/cult/548/11945/6-1.jpg— Асноўная задача вашай ініцыятывы Аляксандр Людвігавіч?

А.В.: — Людзі павінны ведаць, якімі клопатамі жыве раённая культура. Натуральна, нашы работнікі і так пастаянна навідавоку. Але Тыдзень культуры абавязаны паказаць найлепшыя нашы напрацоўкі, давесці, што мы заўжды гатовы да творчага канструктыўнага дыялогу з насельніцтвам. Скажам, знізілася цікаўнасць да чытання. Значыць, бібліятэкарам неабходна выходзіць на вуліцы і плошчы, прапаноўваць нестандартныя мерапрыемствы, скіраваныя на творчае ўзаемадзеянне з патэнцыяльнымі чытачамі. Прыйдуць людзі на такое яркае свята і, глядзіш, ды затрымаюцца ў чытальнай зале… Дарэчы ў Воранаўскім раёне так і зрабілі: распачалі свой Тыдзень бібліятэчнымі інавацыямі. Можна было паўдзельнічаць разам з пісьменнікамі ў аўтограф-сесіях, паглядзець буктрэйлеры і зрабіць з любімымі аўтарамі сэлфі… Усё гэта вельмі спадабалася жыхарам Воранаўшчыны.

— Наколькі самастойныя райаддзелы ў выбары сцэнарыя і рэжысуры праекта, які пакрысе рэалізоўваецца?

А.В.: — Мы не навязвалі змест, фармат і форму. Кожны раён сам выбірае, на чым засяродзіць увагу, якімі мерапрыемствамі насыціць Тыдзень, які, заўважце, ладзіцца не толькі ў райцэнтры, але і ў сельскіх установах культуры. І гаворка ідзе не пра шараговыя будзённыя акцыі. Народ трэба здзівіць. А як, кожны вырашае па-свойму… Не скажу, што Тыдні скіраваны на павышэнне ініцыятывы клубнікаў, бібліятэкараў, музейшчыкаў, метадыстаў… У вобласці на сёння пададзены заяўкі на рэалізацыю 10 праектаў Саюзнай дзяржавы і 14 праектаў, звязаных з трансгранічным супрацоўніцтвам… Больш за дзясятак трансгранічных ініцыятыў, як вы ведаеце, з поспехам рэалізаваны… Але ініцыятыў не бывае шмат. Не выключаю магчымасці, што Тыдні дадуць пачатак многім новым праектам.

— Алена Мар’янаўна, дык што зроблена і робіцца цяпер у межах вашага Тыдня культуры, які называецца "Суквецце талентаў Воранаўскага краю"?

А.Я.: — Пра бібліятэчную скіраванасць нашага праекта Аляксандр Людвігавіч ужо распавёў. У панядзелак ва ўсіх бібліятэках быў дзень адчыненых дзвярэй. Прыехала літаратар Наталля Батракова. Буктрэйлер мы падрыхтавалі менавіта па яе цудоўных кнігах. Адбыліся творчыя сустрэчы з мясцовымі паэтамі… Мэта тыдня — папулярызацыя нашых творчых дасягненняў. Але не ўсе яшчэ з гасцей і жыхароў раёна ведаюць нашы мастацкія калектывы… Дзякуй, што да праекта падключылася грамадскае аб’яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". Маладзёжная тэма праходзіць чырвонай ніткай праз увесь Тыдзень. У ГЦК прайшлі, да прыкладу, не толькі выстаўкі-продажы твораў традыцыйнага мастацтва, але і майстар-класы. Моладзь — самы актыўны іх удзельнік… Гэта толькі на першы погляд падаецца, што майстар-класы народных умельцаў ды майстроў народнай творчасці падобныя ва ўсіх раёнах як блізняткі. На Воранаўшчыне прадстаўнікі 23 нацыянальнасцяў пражываюць. Мы не можам быць падобнымі на іншых! Дарэчы, заўтра ў нас адбываецца Адкрыты раённы фестываль нацыянальных культур "Песні Воранаўшчыны маёй", які пачалі ладзіць чатыры гады таму. Будуць падведзены вынікі конкурсу на лепшы нацыянальны падворак… Натуральна, цягам усіх сямі дзён не забываемся на дзіцячага гледача. Урэшце, ён у нас не толькі глядач, але і надзвычай актыўны ўдзельнік конкурсаў, тэатралізацый, дзіцячых дыскатэк, забаўляльных праграм.

— Праект выйшаў за межы раённага цэнтра?

А.Я.: — Канешне. У сераду ці не асноўныя мерапрыемствы, звязаныя з творчасцю і лёсам Адама Міцкевіч, ладзіліся ва ўстановах культуры Больцінікаў.

— Пісаў калісьці аб праекце трансгранічнага супрацоўніцтва Воранаўскага раёна Беларусі і Алітаўскага раёна Літвы "Скрыжаванні кахання і мастацтва", які рэалізоўваўся ў Больцініках, дзе Адам Міцкевіч таемна сустракаўся са сваёй каханай Марыляй Верашчака…

А.Я.: — Так. Менавіта тут цягам серады мясцовыя работнікі культуры прапанавалі выстаўку работ мастацкага пленэра нашых і алітаўскіх мастакоў, што ладзіўся ў адпаведнасці з названым праектам. Быў паказаны таксама відэафільм паводле творчасці Міцкевіча. Дзейнічаў турыстычны маршрут "Сцежкамі кахання Адама Міцкевіча". Аналагічную назву меў і паэтычны вечар у гайку, дзе праходзілі спатканні… А яшчэ акцыі апошняга дня праекта будуць ладзіцца ў гарпасёлку Радунь. Тут пройдуць Адкрыты фестываль нацыянальных культур, канцэрты, дыскатэкі…

— Тыдзень, напэўна, скіраваны і на тое, каб мясцовыя ўлады з большай увагай ставіліся да культуры краю?

А.Я.: — Вось тут, як раз, — праблем аніякіх. Не першы год працую ў культуры, таму магу параўноўваць. Апошнім часам кіраўніцтва раёна падтрымлівае культуру належным чынам.

— За якія грошы рэалізоўваецца праект?

А.Я.: — Бюджэтных сродкаў не выкарыстоўваем. Дый асаблівых фінансавых затрат не робім. Так што нашага пазабюджэту цалкам хапае. Не забывайцеся на тое, што Тыдзень культуры — праект не камерцыйны, а асветніцкі. Нас яшчэ сёлета чакае правядзенне V Абласнога адкрытага фестывалю-гульні "Карнавал весялосці", які стаў для раёна брэндам. Вось тут мы сваіх спонсараў (грамадскія і сельскагаспадарчыя арганізацыі) абавязкова прыцягнем.

/i/content/pi/cult/548/11945/3-1.jpg

— Як рэкламаваліся праектныя мерапрыемствы?

А.Я.: — З дапамогай абласных, раённых СМІ і на старонках у сацыяльных сетках. План мерапремстваў агучылі перад наведвальнікамі літаральна ўсе работнікі культуры раёна.

— Пра якія эксклюзівы праекта мы яшчэ не казалі?

А.Я.: — У нас даўно дзейнічае маладзёжная акцыя "ScooterDay". Яна стала папулярнай, таму і ўключылі яе ў праектную праграму. У Воранава прыехалі скутэрысты ці не з усёй рэспублікі. Праехаліся з экскурсійна-забаўляльнай праграмай па ўсіх гісторыка-культурных аб’ектах раёна… Не ведаю, ці эксклюзіў тое, што мы і самі на святы ў іншыя вобласці ездзім, і гасцей да сябе запрашаем. Не проста так, а каб павучыцца. Гэтым разам у нас выступаюць самадзейныя творчыя калектывы з Ашмянскага і Свіслацкага раёнаў. Яны да нас падчас выступленняў прыглядаюцца, мы — да іх. Так і вучымся. І мерапрыемствы атрымліваюцца больш змястоўнымі ды шматграннымі.

— А якую ролю ў падрыхтоўцы праекта адыгралі вашы метадысты?

А.Я.: — Адпаведнага цэнтра ў нас ужо няма. У выніку аптымізацыі метадысты дзейнічаюць пры Раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. І роля гэтага аддзела застаецца самай значымай пры наладжванні падобных акцый. А кіруе метадыстамі дырэктар РЦК Ірына Камінская. Яна сама — цудоўны рэжысёр. Дарэчы, была і кампетэнтным менеджэрам міжнароднага праекта "Скрыжаванні кахання і мастацтва". Так што вопыту ёй — не займаць. І маладыя спецыялісты ( а ўсяго іх па раёне — каля дваццаці) таксама мікнуцца стаць патрэбнымі і карыснымі. І ў іх пачынае атрымлівацца. Актыўнасць — норма для любога работніка культуры. Магчымасцяў праявіць сябе — шмат. Да прыкладу, сцэнарый наступнага Тыдня культуры будзем складаць з нуля.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"