Таямніца споведзі

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Існуе споведзь. І існуе яе таямніца, парушэнне якой з’яўляецца грахом.

/i/content/pi/cult/548/11944/5-2.jpgАднойчы дзесяць гадоў таму, калі я працаваў над фільмам "Вялікдзень з прысмакам палыну", мне давялося следаваць за маім героем, ксяндзом Юзафам Дзяконскім, які служыў у Чарнобыльскай зоне. Гэта было напярэдадні Вялікадня, і мы паехалі ў закрытую зону.

Жыццё ішло ў вёсках побач з калючым дротам, "які адлучае" радыёактыўную зону. Ішла яна і ў самой зоне. Толькі там сустракаліся нам чамусьці толькі мужыкі ў рознай ступені "падпітку". З кожным з іх ксёндз Юзаф спрабаваў пагутарыць перад галоўным святам Касцёла.

Я здымаў гэтыя спробы здалёк. Усё вонкава было настолькі займальна і цікава, што я зусім забыўся аб радыёмікрафоне, які насіў святар. А на мантажы, калі я пачуў фанаграму, то зразумеў, што ксёндз Юзаф спрабаваў спавядаць аднаго з сустрэчных. Гэта не была споведзь у агульнапрынятым сэнсе, чалавек той не ўсведамляў, што адбываецца. Ён не прызнаваў ніякіх грахоў, ён пераконваў ксяндза, што бязгрэшны. Ксёндз тады адпусціў яму непрызнаныя грахі, а я адчуў сябе чалавекам, які ўчыніў забароненае.

Мы часта ў дакументальным кіно парушаем гэты запавет таямніцы душы і ў пагоні па эфектны кадр, па эфектны эпізод залазім у душу чалавека, не маючы на гэта, па сутнасці, ніякага маральнага права.

Бываючы шмат гадоў у Будславе, на Свяце Іконы Божай Маці Будслаўскай, Апякункі Касцёла ў Беларусі, я гляджу, з заміраннем на моры чалавечых эмоцый, гляджу на чалавека, ачышчальнага сваю душу.

Я згадваю той велікодны вечар у Чарнобыльскай зоне і стараюся не паўтараць памылак.

Юрый ГАРУЛЁЎ, кінарэжысёр