Нічога не бывае потым

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Надзея ГАРКУНОВА, кінарэжысёр
Ніколі нічога не бывае проста так: на пяску не вырасце плод, на пяску не пабудуеш дом... Калі год ураджайны, калі сад пладаносіць — мы адчуваем гонар і задавальненне. Але само па сабе расці і пладаносіць нічога не стане. Прыроду ж не падманеш. Можна, вядома, радасныя таблічкі са смайлікамі раздаць, заплюшчыць вочы і ўявіць, што ты лунаеш, а адкрыўшы вочы ўбачыць свае ногі, што загразлі...

/i/content/pi/cult/548/11943/5-3.jpgГэтак жа можна нейкі час пакарыстацца са спадчыны, пакуль не пачуеш пусты гук у высахлым збанку...

Якая ж гэта салодкая і небяспечная штука — лянота і самасуцяшэнне! А яшчэ калі табе ліюць нектар хлусні і крывадушнасці ў вушы... Апошнімі ж гадамі мы ўсё радзей бачым сваё адлюстраванне ў люстэрку, бо практычна перасталі да яго, люстэрка, падыходзіць... Алегорыя, вядома ж. Ды ствараецца адчуванне, што жыццё замерла і мы ўсё хвалім самі сябе ды хвалім... Прыгадваем мінулыя дні, а пра будучыню нават не хочам задумывацца. А пра тое, што паблажлівасць і штучнасць — шкоду, не клапоцімся? Затое ціха, цёпла і зручна ў гэтым свеце.

Ці магчыма сабе ўявіць, як добраахвотна-паблажліва з парку выпускаюць кіроўцу аўтобуса за рулём і з… завязанымі вачыма?.. Альбо неспрактыкаванага хірурга адразу ставяць на аперацыю на адкрытым сэрцы?.. Чаму ж тады такое магчыма на тэлебачанні, у кінадакументалістыцы, у фестывальна-канцэртнай дзейнасці? Дзякуй богу, што тэатр пакуль яшчэ сам здольны сябе абараніць ад нашэсця дылетантаў. Ацэнка часу і эпохі для нашчадкаў паводле погляду, што не адбыўся і не блішчыць самастойным сфармаваным мысленнем? Добры ж партрэт часу атрымліваецца!

Гэта я ўсё пра выбар творцаў, ад якіх і залежыць карціна свету. Інфантыльнасць і лянота, агульная млявасць і абыякавасць... Мы перасталі ўзірацца адзін у аднога і пазнаваць саміх сябе... І ніякія пітчынгі не выратуюць ад адсутнасці любові! Падгледжаная, падслуханая і неадаптаваная для гэтай мясцовасці форма чарговага навадзелу. “Клімат у нас іншы, у нас не раўніна...”

Алегорыі? Бурчанне? Крыўды? Расчарую: не! Гаворка пра карысць для грамадства, прафесійны абавязак, пра розніцу паміж карысцю для грамадства, для людзей і для сябе.

Я нікому не навязваю ўласную версію наконт прыпынку развіцця працэсу і адкрыцця новых работ і імёнаў у галіне беларускай документалістыкі. У мяне да самой сабе пытанняў больш, чым здаецца, і даўно хацелася б абмеркаваць іх ды падзяліцца думкамі, але кафедры для прафесійнага аналізу ўсе зніклі, а “міжсабойчыкі” — не мой формат. І адну з прычын застою я бачу ў адсутнасці ў шырокім разуменні гэтага слова самакрытычнага аналізу, канструктыўнага крытычнага погляду ўнутр сябе. Перастала фарміравацца ўласнае меркаванне, дамінуе боязь сапсаваць адносіны або выключэння з цёплага “міжсабойчыку”.

Каб сад духмяна пах і цешыў вока, трэба яго любіць! Не абстрактна радзіму любіць, а канкрэтную справу. Па кропельцы, па зярнятку... Без падзелу тэрыторый на маё і тваё.

Мяне неяк спрабавалі абвінаваціць у незахаванні карпаратыўнай этыкі за крытыку з нагоды пошласці і благога густу. Адказала, патлумачыла, што менавіта аб’ектыўная крытыка можа дапамагчы вылечыць наш местачковы застой... Спадзяюся на разуменне, але не прэтэндую. Мяне больш хвалюе, што застанецца пасля нас. Як яшчэ можна дапамагчы маладым калегам убачыць асяродак свайго “пражывання”, навучыць сябе рэалізоўваць і адкрываць уласную індывідуальнасць, вызначыцца ў матывацыі абранага вектара.

Чаму я раптам кажу пра гэта? Магу ж ціха і спакойна пісаць свае сцэнарыі ды "ляпіць" уласныя карціны... Таму што мяне так вучылі, вось і не магу маўчаць. Таму што выбар ўсяго жыцця зроблены не па выпадковай аб’яве на плоце. Таму што дыхала адным паветрам з пакаленнем Майстроў і Настаўнікаў, якія выхоўвалі ў асноўным пугай, неміласэрна вычышчаючы свой сад ад дзічак і беспародных гатункаў...

Так, патрэбна рэстаўрацыя. Ведаю, што часцей лягчэй пабудаваць новы дом, чым адрэстаўраваць старызну. Але аднавіць адладжаную сістэму ў сцвярджэнні выбару і вызначэнні актуальнасці і патрэбнасці ў выбары — цалкам пасільная праца. І тады не спатрэбяцца навамодныя, пакуль яшчэ мала зразумелыя мясцоваму насельніцтву пітчынгі, якія не адаптаваны да мясцовага клімату. Вось і атрымліваецца, што выбар тэм, поглядаў, ракурсаў ўпіраецца ў плот, як у лазні, якой яна адгароджана. Пакінулі маленькую дзірку, а дзе ж палёт, дзе аб’ектыўная карціна, дзе адкрыцці і паветра, дзе пакаленне, за якім будучыня, дзе жыццё і асяроддзе, дзе эпоха ва ўсёй яе разнастайнасці... Сённяшняе жыццё ператварылася ў натуру, якая сыходзіць, і яе трэба паспець зафіксаваць. Яна чакаць не будзе. Спыніся, замры, пацярпі. Дапамажы нам! Мы на падыходзе...

Занатавала Кацярына ЛЯВОНАВА