“Жывая памяць маёй сям’і”

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Алег АНАНЬЕЎ, намеснік дырэктара па рэкламе і сувязях з грамадскасцю Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна
Напярэдадні Дня незалежнасці Беларусі ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя літаратурна-мастацкага праекта “Жывая памяць маёй сям’і”. Пакаленне, што падарыла нам Дзень Перамогі, адыходзіць ад нас... І якімі б яркімі ды ўрачыстымі не аказаліся святы, яны прамінаюць... І толькі Слова можа пакінуць у сэрцы той след, які будзе хваляваць, падахвочваць і нас, тых, хто нарадзіўся пасля Вялікай Айчыннай вайны, да асэнсавання прынесенага ёй на нашу зямлю.

/i/content/pi/cult/548/11942/5-1.jpgСённяшняга чытача не здзівіць навізной зместу: інфармацыйная плынь — шырокая і разнастайная, а Інтэрнэт запоўнены ўспамінамі ветэранаў, удзельнікаў, дзяцей вайны. Але як да маральнай асветы падключыць перажыванні? Калі ставіць задачу, каб інфармацыя ўздзейнічала на свядомасць, на пачуцці, мала насыціць рэалізацыю апошняй фактамі — неабходна напоўніць яе эмоцыямі.

Менавіта да гэтага імкнуліся ўкладальнікі “Жывой памяці...”, ператвараючы сабраныя бібліятэкарамі Гомельшчыны дакументы з сямейных архіваў, успаміны “з другіх вуснаў” (ад пакалення сыноў, дачок, унукаў ветэранаў) у форму ўсхваляваных споведзяў. Для гэтага трэба было перанесціся сілай ўяўлення, грамадзянскага суперажывання ў мінулае, апынуцца ў катле ваенных дзеянняў, пажарышчаў і жахаў. Гэта аповед не толькі пра подзвігі воінаў і простых савецкіх грамадзян, але і пра злачынствы гітлераўцаў.

Складаную творчую працу над матэрыяламі ажыццявілі супрацоўнікі абласной бібліятэкі, двое з якіх з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі: аўтар гэтага артыкула і Юрый Максіменка. Розныя па стылі, мы сталі адзіныя ў сваім дачыненні да трагічных старонак гісторыі Айчыны. Унікальнасць праекта ў тым, што ён носіць характар краязнаўства ў літаратурна-мастацкай форме: кніга змяшчае і ўнікальныя ілюстрацыі. Больш за дваццаць прафесійных мастакоў Гомельшчыны прапанавалі свае работы альбо стварылі асацыятыўныя творы да расказаў.

Без зацікаўленай падтрымкі Гомельскага аблвыканкама гэты праект ажыццявіць было б складана. Калі ўсе праблемы вырашыліся і выдадзеную кнігу мы трымалі ў руках, як ініцыятар праекта, я спытаў у калег: “Ці складана было распавядаць пра вайну?”

Юрый Максіменка адказаў: “Пасля Быкава, Васільева, Алексіевіч цяжка было ўзяцца за гэтую тэму наогул: можа не хапіць пісьменніцкага майстэрства, тых мастацкіх прыёмаў, без якіх нельга пісаць пра вайну. Але ў працэсе працы, асабліва, калі я ўзяўся за тыя сюжэты, якія распавялі мне мае родныя, адчуў, што ў кожнага чалавека ёсць генетычная памяць аб сваяках, якія загінулі на вайне. Я адчуваў гэты несціханы дыялог са сваімі блізкімі. Тое, чаго я баяўся, кудысьці сышло, маё асэнсаванне вайны было шчырым”.

Юрый Рачынскі адчуў у працы над гэтым праектам такія важныя для сябе аспекты: “Калі ў Беларусі кажуць “вайна”, не трэба ўдакладняць, пра якую вайну ідзе гаворка. Але калі паўстала задача распавесці, як было страшна на вайне, не хацелася брацца за баявыя аперацыі: у іх спецыфіку цяжка пранікнуць, не ведаючы дэталей, важных падрабязнасцей. У апавяданнях я рабіў акцэнт на мірных грамадзянах, у чые лёсы ўмяшалася вайна. На мой погляд, гэта закранае куды больш моцна... Убачыць у простым чалавеку, у яго перажываннях велізарнае гора — мабыць, у гэтым прызначэнне кожнага пісьменніка...”

Так, у кнізе — праўда пра вайну, смяротная праўда. Спачатку яна параніла кожнага аўтара, потым — чытача. А інакш — нельга. Вядома, існавала непазбежная складанасць: як нам, якія нарадзіліся пасля вайны, у працы над кнігай занурыцца ў пэўную сітуацыю, апынуцца побач з тымі, пра каго распавядаеш. Далучыцца гэтай святой тэмы мне асабіста дапамаглі не кімсьці зробленыя запісы, а праведзеныя сустрэчы. Назаўжды ў маёй памяці засталіся апавяданні маёй маці, якая 16-гадовай дзяўчынкай спрабавала адшукаць абарончыя акопы пад Чарнігавам. Яе вочы бачылі, як з пікіруючага самалёта фашысты ва ўпор расстрэльвалі з кулямёта ейных аднагодкаў.

Мяне ўзрушыла і сустрэча з колішнім вязнем канцлагера ў Чырвоным Беразе Мікалаем Гацко (пра тую сустрэчу, дарэчы, была публікацыя ў “К” за ліпень 2007 года). І ўспаміны мастака Валянціна Ягорава, які ў дзяцінстве перажыў блакаду Ленінграда. Ужо як прафесіянал ён толькі праз 20 гадоў змог стварыць графічны трыпціх “Блакадны дзённік” — і больш за гэтую тэму ніколі не браўся. Не маглі не ўсхваляваць і ўспаміны заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Роберта Ландарскага пра тое, як падчас эвакуацыі яго, пяцігадовага хлапчука, выратаваў малазнаёмы дзядуля, накрыўшы сваім целам ад нямецкіх куль...

У кнізе няма і не магло быць гісторый пра тых, хто 22 чэрвеня 1941-га прачнуўся з думкай “Я хачу ваяваць і абараняць Радзіму”. Калі казаць пра дзяцей вайны, то наша кніга хутчэй пра тых, хто яшчэ ўчора бесклапотна радаваўся, смяяўся, але хутка стаў дарослым, стойкім і мужным. А інакш як дастукацца да сэрцаў сучаснай моладзі, якой ужо няма каму распавесці, як усё адбывалася і што такое вайна?

Неад’емнай часткай шматграннага літаратурна-мастацкага праекта стала тэатралізаваная прэзентацыя кнігі сіламі адзінага ў Беларусі бібліятэчнага тэатра, які ўжо больш за 15 гадоў дзейнічае пры абласной бібліятэцы. У тэатралізаванай інсцэніроўцы артыстамі сталі і аўтары “Жывой памяці маёй сям’і”, і іх калегі. Усяго тузін супрацоўнікаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі ўвасобілі вобразы герояў ваеннага мінулага. Выступленні артыстаў нашага тэатра выклікаюць шчырыя пачуцці гледачоў, практычна, пасля кожнага спектакля мы бачым, як зала апладзіруе стоячы. Гэта яшчэ адно пераканаўчае сведчанне: ніхто не застаецца абыякавым.