Брат па тэатры

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Развітальнае слова
Смерць заўседы нечаканая і заўседы раптоўная, нават і тады, калі яна ёсць вынік доўгай і працяглай хваробы… Раптоўная (на царкоўнаславянскай мове — “наглая”) яна можа быць для таго, каб былі больш уважлівымі, беражлівымі і цяплейшымі да тых, хто побач, каб паспець разгледзець галоўны боль і смутак блізкага, глыбіню яго душы, разгледзець колер яго вачэй, разгледзець у бліжнім вобраз Божы, паспець палюбіць яго, бо не ведаем, ці давядзецца пабачыцца з ім заўтра.

/i/content/pi/cult/548/11941/4-3.jpgНечаканая і раптоўная смерць бывае, бадай, яшчэ таму, каб заўтра самому быць гатовым перайсці ёю, як праз дзверы, у іншае і ўжо бясконцае існаванне…

Бываюць браты па крыві, бываюць браты па духу. Сяргей Журавель быў для мяне, так бы мовіць, братам па тэатры. Мы спавядалі з ім адны тэатральныя прынцыпы, размаўлялі з гледачом на адной “тэатральнай мове”, нам разам было вельмі ўтульна на сцэне, мы разумелі адзін аднога з паўпагляду і атрымлівалі задавальненне ад партнерства… Для артыста вялікае шчасце мець такога партнера.

Дзякуй Богу, мне пашанцавала працаваць з Сяргеем апошнія, амаль 20 гадоў! Суіснаваць з ім на сцэне немагчыма было “абы як”: ён пранізваў сваёй выбуховай энергіяй, тэмпераментам, буйнымі і яскравымі ацэнкамі, рэакцыямі. Жыццё яго персанажаў булькатала, іншым разам пералівалася праз край. І Сяргей акрыляў цябе. Яго арганіка і энергетыка ўздымалі цябе над сцэнай, над глядзельнай залай. Дзякуй табе, Сяргей!...

Дзякуй табе й за тое, што пасля спектакля, у грымёрцы, працягваў працаваць. Аналізаваў спектакль, выяўляў удалыя моманты і не вельмі. “Сення ты пачаў у вельмі добрым рытме, потым яго згубіў”, — іншым разам казаў ён мне… А гэта ты замацуй! Апроч акцёрскага таленту, Сяргей валодаў талентам педагога і рэжысёра, пісаў вершы, пеў і граў (амаль прафесійна) на шмат якіх музычных інструментах. Дзякуй Богу, што адарыў цябе такімі яскравымі здольнасцямі!

Думаю, Гасподзь пасля нашага зямнога існавання будзе судзіць не па колькасці напісаных кніг, не па колькасці пабудаваных дамоў і не па пераліку выкананых роляў. Судзіць будзе па сэрцы: ці было яно міласцівым, чулым да іншых, ці было гатовым да ахвярнасці, бо ахвярнасць — галоўная прыкмета Любові. Сяргей меў такое сэрца! Заўседы дакладны, пунктуальны, абавязковы (калі сказаў — зробіць, абяцаў — выканае). Быў у нейкім сэнсе ў акцёрскім асяродку “не модным”: прыходзіў на спектакль за гадзіну-паўтары, ведаў тэкст на памяць яшчэ да першай рэпетыцыі…

Сяргей Журавель ахвяраваў талент цалкам, шчыра, не шкадуючы свайго сэрца, галасавых звязак, не зважаючы на гіпертанію і астму… І ніхто ў глядзельнай зале не заўважаў, як іншым разам было яму цяжка… Сяргей ахвяраваў сябе гледачам, сябрам, блізкім як цудоўны высокапрафесійны артыст і як цёплы, чулы сябра і чалавек! Дзякуй Богу, што ты быў, Сяргей! Дзякуй Богу, што адарыў цябе яскравым талентам і добрым сэрцам! Адпачывай. Царства табе Нябеснае, Сяргей!

Віктар МАНАЕЎ, народны артыст Беларусі