Вакол “Экспа” ў Мілане

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Як спрацоўвае культура на сусветных выстаўках?
У Мілане праходзіць сусветная выстаўка “МіланЭкспа”. Працуе яна з мая па кастрычнік. Бадай усе турыстычныя буклеты ў горадзе ўтрымліваюць некалькі старонак, прысвечаных гэтай падзеі. На жаль, праз выхадны дзень на саму выстаўку і ў Нацыянальны павільён Беларусі, адпаведна, не патрапіла. Але пэўныя звесткі, што ўключаюць “Экспа” ў сацыяльныя працэсы пэўнага горада атрымаць удалося.

/i/content/pi/cult/548/11940/4-2.jpg

Пра гісторыю і ўплыў на культуру

Першую выстаўку ў Лондане ў 1851 годзе ініцыяваў прынц Альберт, муж каралевы-доўгажыхаркі Вікторыі, што пакутваў ад бяздзейнасці ў ролі каралеўскага сужэнца. За паўтара стагоддзя адбылося 46 выставак. Кожная з іх станавілася вялікай падзеяй сусветнага маштабу, а ўзнагароды, нададзеныя прадукцыі ў іх рамках, — прадметам гонару краіны і брэндам на стагоддзі. Яшчэ і зараз, падкрэсліваючы якасць сваёй прадукцыі, некаторыя кампаніі пішуць штосьці кшталту “Сярэбраны медаль на сусветнай выстаўцы 18… года”.

З парыжскай выстаўкі 1867-га краіны-ўдзельніцы сталі размяшчаць свае экспазіцыі ў адмыслова пабудаваных павільёнах. У Парыжы наведвальнікі пабачылі цірольскую вёску, рускую ізбу, егіпецкі караван-сарай, усходні мінарэт, турэцкія лазні, кітайскі тэатр, англійскі катэдж, амерыканскае ранча, галандскую ферму і нават узноўленыя рымскія катакомбы. Экспазіцыю ж касцюмаў народаў Расійскай імперыі з той выстаўкі Расійскі этнаграфічны музей паўтарыў у 2007-м. І экспазіцыя не страціла актуальнасці: музей нават працягнуў экспанаванне і ў 2008 годзе.

Часта пабудовы, узведзеныя да сусветнай выстаўкі, потым не зносяцца, а працягваюць сведчыць пра карысць адметнасці культуры краіны-гаспадыні. Найбольш знакамітая з такіх канструкцый — Эйфелева вежа ў Парыжы. А яшчэ — музей на вольным паветры “Побле эспаньёл” і нацыянальны музей мастацтва Каталоніі ў Барселоне, замак Вайдахуньяд у Будапешце. Гісторыя апошняга асабліва цікавая. Узведзены да выставы 1896 г. з пап’е-машэ, кардону і дрэва, ён павінны быў апавядаць гасцям пра гісторыю архітэктурных стыляў Венгрыі. Будынак так спадабаўся гараджанам і гасцям Будапешта, што яго перабудавалі праз 12 гадоў з каменя.

А што з відовішчамі?

Тэма сёлетняй “Экспа” — ежа, дэвіз — “Накарміць планету. Энергія для жыцця”. На першы погляд, тэматыка досыць далёкая ад культуры. Але прыехаўшы ў Мілан, пераконваешся, што гасцей Экспа чакае вялікая культурная праграма.

Горад грунтоўна падрыхтаваўся. У інфармацыйных пунктах можна задарма атрымаць буклеты “Мілан 2015. Горад Экспа”. У ім падкрэсліваецца ўплыў выставак “Экспа” на ўстойлівае развіццё гарадскога асяродку. Апошні ж, як вядома, складаецца і з культурных акцый, вулічнай музыкі, стрыт-арту… Увага госця скіроўваецца на помнікі культуры Мілана і суседніх гарадоў. Да Венецыі, дзе праходзіць біенале сучаснага мастацтва, ехаць толькі дзве гадзіны хуткасным цягніком. У інфацэнтрах разам з “асноўнымі” буклетамі ды праспектамі ляжыць і “Карта “Экспа” для самых маленькіх”. На ёй можна знайсці месцы, дзе з дзіцем пагуляюць, адукуюць, пакормяць.

“Галоўны адказны” за культурную праграму падчас выстаўкі — праект “ExpoinCitta”, што рэалізуецца муніцыпалітэтам Мілана і камерцыйнай палатай. Праект каардынуе і прасоўвае ўсе падзеі, што адбываюцца ў горадзе падчас выстаўкі. А іх тысячы: ад канцэртаў на вольным паветры да спартыўных спаборніцтваў, ад мастацкіх выставак да кулінарных шоу. Кожны тыдзень (!) “ExpoinCitta” друкуе “культурны гід”, дзе пералік імпрэз з кароткім апісаннем (1-2 сказы па-італьянску і па-англійску) займае 14 старонак А4. Для зручнасці карыстальніка кожная падзея пазначана адным з дзесяці “тэгаў”: “мастацтва”, “медыя”, “навука”, “крэатыўнасць і стыль”, “дзеці”, “перфоманс”, “накарміць планету”, “Леанарда”, “горад свету”, “дабрабыт”.

Узаеміны чалавека з ежай на “Экспа-2015” паказаны праз гісторыю і культуру. Шлях вырабу і ўжывання ежы культурна абумоўлены. Азербайджанцы, напрыклад, лічаць, што іх музыка і танцы паходзяць ад вытворчых заняткаў, звязаных з гатаваннем ежы.

“Мастацтва і ежа” — адзін з пяці павільёнаў “Экспа-2015”, нароўні з павільёнамі “Футурыстычнай ежы” ды “Паркам біялагічнай разнастайнасці”. Тут паказана “гісторыя мастацтва праз яго адносіны з ежай і харчаваннем як інструментамі выражэння эмоцый, ідэалаў, ідэнтычнасці”.

Сёлета — не першы раз — у “Экспа” ўдзельнічае Беларусь. Складана вылучыцца на фоне іншых 144 краін-удзельніц. Ніводзін англамоўны гід не рэкамендуе беларускі павільён сярод выбраных. Затое рускамоўны турыстычны буклет нас адзначае. Мабыць, лічыцца, што рускамоўныя турысты захочуць паглядзець павільёны постсавецкіх краін. Разам з Беларуссю (якая завецца ў гэтым выданні чамусьці “Белоруссия”) згадваюць павільёны Азербайджана, Малдовы, Германіі, Ізраіля, Японіі, Тайланда, Непала, Аўстрыі, Чылі, Арабскіх эміратаў. Някепская кампанія! Пра Беларусь пішуць “Павільён з зялёнымі ўзлескамі і аграмадным драўляным колам”.

Асобная гісторыя — як Мілан атрымаў прывілей правесці сусветную выстаўку. Пра гэта з гонарам апавядаюць тыя ж шматлікія турыстычныя буклеты. Заяўку рыхтавала цэлая кааліцыя, што прыдумвала канцэпцыю, прапаноўвала міні-праекты, імпрэзы, у тым ліку і культурныя.

Уваход на “Экспа” каштуе 39 еўра. Стаіць невыносная спёка. +35 у Мілане пераносіцца значна цяжэй, чым дзе-небудзь у Барселоне. Таму сярэднестатыстычны турыст, што вандруе па Італіі, не ставячы сабе ад пачатку наведванне “Экспа-2015” за мэту, яшчэ падумае, ці ісці туды. Увогуле, лета — не самы лепшы час для “італьянскіх вакацый”. Разам з дзённым адпачынкам ды познімі вячэрамі культурнай нормай гэтай краіны стала тое, што ўсе, хто можа сабе гэта дазволіць, у ліпені-жніўні грузяцца ў “хаткі на колах” ды едуць на мора. На вуліцах гарадоў — пераважна турысты. Па італьянскае “dolce vita” рэкамендуюць ехаць увосень ці ў маі.

Мінск — Мілан — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"