Ісачоў ды Вашчанка…

№ 34 (1212) 22.08.2015 - 28.08.2015 г

Я вельмі нясмела і па магчымасці далікатна — пра мастацкі густ і меру ўсведамлення здольнасцей, сваіх і чужых. Даўно карціць. А нясмела і далікатна — каб, запрамілуй бог, нікога не пакрыўдзіць і не выклікаць на сябе буру абурэння: маўляў, сноб, рэтраград і кансерватар. Праблем і без таго хапае.

/i/content/pi/cult/548/11939/4-1.JPGУ букіністыцы на галоўным сталічным праспекце прадаюцца мастацкія альбомы Гаўрылы Вашчанкі і Аляксандра Ісачова. Першы (альбом) каштуе сто тысяч, другі — 450. Пабачыў і задумаўся: хто здаў і хто купіць? Чамусьці адразу вырашыў, што здалі два розныя чалавекі. Відаць, дзеці тых бацькоў, што пакінулі ў спадчыну свае любоўна сабраныя бібліятэкі. І цяпер дзеці-небаракі не ведаюць, што робяць. Трэба сказаць сваім сынам, каб маю бібліятэку не чапалі і праўнукам пра гэта загадалі…

Цікава, той, хто з дзяцінства слухае другі канцэрт Рахманінава, прымае творчасць Ісачова? Псіхадэліка, напэўна, таксама бывае шчырай. Па гэтай логіцы "Апостала Пятра" павінны ўшаноўваць апалагеты "Пінк Флойд"… Я, калі знайшліся б лішнія грошы, прыдбаў абодва альбомы. Вашчанку гартаў бы, калі баліць сэрца. Ісачовым хвастаўся б перад знаёмымі ветранымі жанчынамі, часам і сам разглядаў бы, як бяздумна цікуюць за вясёлкай у небе. Упэўнены (хто мне забароніць?), што Вашчанка да прыгожага вядзе, далікатна і сцішана (не ўсіх, а хто хоча), а Ісачоў робіць усім прыгожа. Нічога не маю супраць творчасці апошняга. Проста не магу пазбавіцца думкі пра тое, што гэта ў беларускай ментальнасці: любіць таго, каго шкадуеш за цяжкі лёс, нішчымніцу, хваробы і непрызнанасць пры жыцці…

Я да чаго ўсё гэта? Прынамсі, не для таго, каб пацвяліць мастакоў ды мастацтвазнаўцаў, якія збольшага насамрэч стаміліся здзіўляць і казаць праўду. Я пра тое, як у дачыненні да развіцця сельскай культуры цяжка знайсці залатую сярэдзіну, калі трэба і грошай зарабіць, і спадабацца публіцы, і ў папсу не збочыць, захаваўшы меру і густ. Цяжка — не значыць невыканальна. Аднак…

Пытаюся, скажам: "Чым цікавы ваш СДК?". Адказваюць: "Ды вось Купалле на ўзроўні ладзім". І ў доказ паказваюць фотаздымкі, дзе сотні людзей танчаць, ядуць шашлыкі, набываюць гліняныя ды саламяныя сувеніры, далёка не адыходзяць ад гандлёвых паветак з разнастайнымі напоямі, зачаравана глядзяць на вогнішча, якое пры дэталёвым разглядзе нагадвае мангал… Ведаю, што там-сям аналагічныя святы ў нядзелю ладзіць асцерагаюцца, бо ў панядзелак — хоць выхадны абвяшчай.

Раней, у час майго дзяцінства, такія людныя мерапрыемствы са смажанінай і песнямі называліся, падаецца, маёўкамі. Пры чым тут Купалле — абрад, аўтэнтычнае выкананне якога з названай вышэй прычыны ўсё больш ад нас аддаляецца? Ад няшчырых стылізацый становіцца кепска. Стылізацыя абрада, любові, кахання, жыцця… Такое ўражанне, што Папараць-кветку можна ў любы момант вытаргаваць на Камароўцы. Абы грошы былі. Жыццё занадта імклівае, каб увесь кароткі час сілкавацца эрзацам, няхай сабе і танным для спажыўца ды прыбытковым для гандляра…

Гаўрыла Вашчанка незадоўга да смерці казаў пра тое, як важна застацца неабыякавым. Да таго, што робіш, пра што думаеш і за што змагаешся… Правільна кажуць: прафесія псуе. Гэтыя радкі ўзніклі і з гэтай прычыны. Але крыўдна за тых маладых, якія толькі пачынаюць працу на бязмежнай культурнай ніве. Трапляюцца пад час камандзіровак такія, якім ужо сумна ды нецікава, якія ні ў чым не памыліліся, бо нічога і не зрабілі. Такіх няшмат, але яны ёсць. Эрзацы маладых спецыялістаў. На дасведчаных настаўнікаў бракуе, не стае ўмоў для самарэалізацыі? Не ведаю. Прычына, відаць, у тым, што нават вясковага паходжання маладзёны перастаюць паважаць сваю малую радзіму. Стаўленне да вёскі (у параўнанні з горадам) цяпер прыблізна такое ж, як суадносіны кошту альбома Вашчанкі да кошту альбома Ісачова. Бяда, што знікаюць нашы вёскі. Не меншая бяда, што ў вёску пераўтвараюцца нашы гарады.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"