Чытанне з… меха гісторый

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Папулярызацыя чытання — асноўны кірунак дзейнасці любой бібліятэкі. І работа з дзецьмі тут мае выключную важнасць. З той простай прычыны, што кніга развівае фантазію, вучыць разважаць над новай інфармацыяй, думаць самастойна, аналізаваць, рабіць высновы.

Я на ўласным досведзе, як бібліятэкар і як мама, пераканалася, што звычайна навучыць чытаць лягчэй, чым сфарміраваць чытача, абудзіць інтарэс да літаратуры. Таму супрацоўнікі нашай бібліятэкі заўжды знаходзяцца ў пошуку цікавых ідэй па далучэнні дзяцей да чытання.

У дні вясновых вакацый у нашай чытальнай зале стартаваў незвычайны праект. За аснову мы ўзялі ідэю сусветна вядомага брытанскага нацыянальнага літаратурнага праекта “Сторысек”, адзначанага еўрапейскімі ўзнагародамі. Ён быў распрацаваны ў Вялікабрытаніі ў 1994 годзе Нэйлам Грыфітсам, доктарам філалогіі, аўтарам кніг па метадалогіі навучання дзяцей у дашкольным і школьным узросце. Спадар Грыфітс лічыць, што спачатку трэба вырашыць пытанне “як дадамагчы дзіцяці стаць чытачом?”, а потым — “як навучыць яго чытаць?”.

У перакладзе з англійскай мовы “сторысек” азначае мех гісторый. Гэта комплекс узаемазвязаных і ўзаемадапаўняльных матэрыялаў, скіраваных на ўсебаковае развіццё дзяцей ва ўзросце ад трох да адзінаццаці гадоў. Галоўны кампанент “Меха…” — мастацкая кніга, з чыёй дапамогай (як і кампанентаў, што ёй спадарожнічаюць (мяккія цацкі, навукова-папулярная кніга, дыск, моўная гульня)), выхоўваецца любоў да чытання, развіваюцца літаратурныя, сацыяльныя і камунікатыўныя навыкі.

Адкуль я даведалася пра “Сторысек”? Дзякуючы курсам павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце культуры Беларусі, на якіх пачула ад педагогаў пра інавацыйныя формы працы. Прыехала дамоў і прапанавала калегам паспрабаваць укараніць гэта ў сваю дзейнасць. Цягам апошняга часу бачу, што недарэмна мы ўзяліся за цікавы праект. У сваёй практыцы імкнёмся да ажыццяўлення мэт “Сторысека”: разнаўзроўневы і рознабаковы падыход да кнігі, атрыманне задавальнення ад самой кнігі і ад сумеснага чытання ўголас. Прытрымліваемся таксама задач “Сторысека”: папулярызацыя добрых кніг, папаўненне і пашырэнне слоўнікавага запасу юных чытачоў, развіццё ў іх навыкаў асэнсаванага чытання, абмеркаванні мастацкага твора, развіццё сацыяльных навыкаў, упэўненасці у сабе і кругагляду, стымуляванне інтарэсу да кнігі.

Што ж гэта за “Мех гісторый” такі? Што ў ім? Гэта сапраўдны палатняны мех, дзе знаходзіцца добрая мастацкая ілюстраваная дзіцячая кніга. Цацкі і дадатковы рэквізіт “ажыўляюць” кнігу, развіваюць слоўнікавы запас, разуменне прачытанага, дапамагаюць разабрацца ў вобразах галоўных літаратурных герояў. А цацкі — гэта і ёсць гэтыя героі. Рэквізітам жа могуць стаць побытавыя прадметы, розны рыштунак, пра які распавядае пэўнае выданне.

Спачатку дзеці знаёмяцца з самім кірункам “Сторысек”, праглядаюць відэаролік пра кнігу, потым уважліва слухаюць бібліятэкара, які яе чытае. Затым пачынаецца абмеркаванне пачутага, назвы выдання, яго вокладкі. Дзеці пад кіраўніцтвам бібліятэкара выказваюць свае меркаванні. Бібліятэкар дэманструе кнігі і часопісы, з якіх можна папоўніць свае веды пра матэрыял.

Ад сябе я дадала ў праект інсцэніроўку, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі павінны абыграць які-небудзь эпізод з кнігі. І, як правіла, заўжды стае ахвотных паўдзельнічаць у міні-спектаклі. Дзеці атрымліваюць вялікае задавальненне ад пачутага і ўбачанага. А мне вельмі прыемна, калі пасля мерапрыемства яны бяруць кнігі з “Меха гісторый” дахаты.

Наталля ЛАЎРОВІЧ, бібліятэкар Гарадской дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 8 г. Мазыра