Што нашаптала лістота ў Райцы?

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог
Калі быў надрукаваны матэрыял Яўгена Рагіна і Кастуся Антановіча “Базавая велічыня для новага адліку” (“К” № 26), мы з жонкай Вікторыяй якраз знаходзіліся ў Райцы.

/i/content/pi/cult/547/11933/13-1.jpgДа гэтага часу мы з тыдзень мелі асалоду дыхаць чыстым паветрам, слухаць спевы птушак, гнёзды якіх — на векавых дрэвах. Праз дзень падтаплівалі “грубку” — ацяпленне сядзібы засталося як на пачатку ХХ стагоддзя. Зранку я касіў “літоўкай” гаспадарскія паўтара гектары. Было ў Райцы, як у раі, карацей кажучы.

Гаспадароў — Веру і Сашу — мы ведаем з 1990 года. Чаму так дакладна? Таму што з нашымі дзіцячымі студыямі выяўленчага і прыкладнога мастацтва паралельна рыхтаваліся і прымалі ўдзел у выстаўках, прысвечаных 500-годдзю Францыска Скарыны. Гэтыя выстаўкі праходзілі ў Полацку, Брэсце, Мінску… Вера і Саша сустрэліся на Далёкім Усходзе, дзе і ажаніліся. Яны заўсёды нагадваюць мне герояў аповесці Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”. Спадарыня Вера родам з Церахоўкі, што на Гомельшчыне, і Саша, у якім прачнуліся нейкія гены, кінулі Далёкі Усход ды, хаця не адразу, але знайшлі сябе як сапраўдныя майстры, як асобы менавіта на Беларусі… І часам здзіўляешся — чаму яны, а не “тутэйшыя”, узяліся за тое, каб па магчымасці захаваць аўтэнтычнасць і адметнасць шляхецкага маёнтку. Тым больш за свае грошы.

Маёнтку ў Райцы пашчасціла: ва ўсе часы (войны, калектывізацыя) там знаходзілася нешта патрэбнае людзям — аптэка, амбулаторыя, нават радзільны дом. Гэтак жа Нясвіжскі замак захаваўся бадай толькі таму, што там знаходзіліся пэўныя дзяржустановы. У дзятлаўскім палацы Радзівілаў раней была бальніца. Сёння помнік архітэктуры паступова прыходзіць у заняпад. (Апошняя навіна: Дзятлаўскі палац выстаўлены на аўкцыён за 1,3 мільярды беларускіх рублёў…)

У дні адпачынку ў Райцы, пасля “працоўнай тэрапіі” ў выглядзе касьбы, мне трапіўся цудоўны альбом жівапісных твораў Станіслава Жукоўскага, які нарадзіўся ў мястэчку Рось, што на Гродзеншчыне, атрымаў мастацкую адукацыю ў Расіі, пакінуў вялікую спадчыну па ўсёй Еўропе. Для мяне гэта было адкрыццём, крануў той факт, што частку спадчыны мастака крытыкі абагульнілі тэрмінам “сядзібны жывапіс”. Лічу, што з гэтай з’явай неабыякаваму чытачу “К” варта грунтоўна пазнаёміцца (пагартайце ўважліва альбом твораў Жукоўскага ці завітайце яшчэ раз у Мастацкі музей паглядзець на выявы сядзібных сюжэтаў пэндзля нашага земляка).

Вучням я кажу: фотаздымкі — гэта адбітак толькі таго імгненнага моманту. Фіксацыя… А маляванне з натуры праз жывапісны эцюд ці накід алоўкам дае ў час працы над імі глебу да роздуму і асэнсавання аб’екта — парк гэта, ці касцёл, а мо — краявід… Непатрэбнае для вырашанай кампазіцыі адкідваецца як другаснае. Атрымліваецца мастацкі вобраз. А ён у кожнага творцы асабісты, непаўторны…

Усе мастакі, якія вучыліся ў Мінску ў розных мастацкіх установах, прайшлі праз маляванне Лошыцкага парку, сядзібы, “дома вучоных”, млына… І ва ўсіх мастакоў гэтыя мясціны толькі свае, арыгінальныя. Таму і не павінна, мяркую, “зарастаць народная сцяжына” да музея ў Райцы, балазе яе гаспадары бачаць сядзібу ў будучыні не толькі як цэнтр рэгіянальнай культуры. (Дарэчы, задумалі плэнер, звязаны з постацямі з асяроддзя Адама Міцкевіча.) Ці заахвоцяцца замежнікі, якія адпачываюць на Свіцязі, дакрануцца да сапраўднай беларускай культуры? А беларусы? Гаспадароў маёнткаў Райцы, людзей глыбока веруючых, я бачу каля свайго крыжа, які яны на сябе ўсклалі, і шчыра жадаю, каб Бог даў ім жыццёвыя сілы і ўпэўненасць у рэалізацыі сваёй мары.

…Ведаеце, калі адкінуць ідэалагічную мішуру, становіцца зразумелым, што прадстаўнікі шляхты ў большасці сваёй былі проста добрымі гаспадарамі, якія ўмелі зарабляць грошы і давалі магчымасць зрабіць гэта іншым. Яны былі апошнімі нашчадкамі некалі магутнай дзяржавы: Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Добрай традыцыяй і адметнай рысай фальваркаў была гасціннасць… А тэхнічны прагрэс? А выхаванне моладзі, якую вучылі шанаваць сямейныя традыцыі?.. Простыя рэчы і адвечныя каштоўнасці.

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог