Прадпрымальнасць, матывацыя і атракцыі

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

“Мотальскія прысмакі”: праз год перапынку і амаль без прысмакаў
У той час, як тэмпература ў Мінску ды Гродна біла рэкорды, у Міры праходзіў “Mirum Music Fest”, у Лепелі рыхтаваліся да фестывалю Цмока, а ў Моталі святкавалі “Мотальскія прысмакі”. Менавіта святкавалі, бо віншаванні гучалі не толькі са сцэны: у натоўпе чулася, як жыхары віталі адно аднаго: “Са святам!” А вітальныя словы для маталянаў — не проста словы. Напрыклад, калі ў мястэчку нехта памёр, не прынята казаць “Добры дэнь!”, бо які ж ён добры?

/i/content/pi/cult/547/11931/4-1.jpgМожа, справа ў спёцы

Страшнавата было, прызнацца, у такую спёку каштаваць знакамітыя мотальскія каўбасы. А нешматлікія аграсядзібы, што ладзілі дэгустацыі, частавалі пераважна мяснымі стравамі. Мясцовыя бабулі гэтым разам самі гулялі па фэсце разам з турыстамі, хатняй прадукцыі не прапаноўвалі. Можа, справа ў спёцы? А можа, у тым, што летась замест “Мотальскіх прысмакаў” сельвыканкам ладзіў летнік рамёстваў, і сёлета таксама на фэст прыехалі гандляваць пераважна рамеснікі. Кажуць, летась не ўсе наведвальнікі зразумелі, што трапілі не на “Мотальскія прысмакі”. Наступнае ж свята плануецца ў 2017 годзе.

Былі намёты ад сырзавода вёскі Псышчава (непадалёк ад Моталя), ад Бярозаўскага сыркамбіната. На фэсце адзначыліся і бадай што ўсе мотальскія харчовыя прадпрыемствы: пякарня, рыбакапцільны цэх, каўбасныя фабрыкі з “фірменнымі” гатункамі — “Мотальская”, “Яўрэйская”, “Святочны гасцінец”. На чатыры тысячы жыхароў у Моталі зарэгістравана шэсцьдзясят сем прадпрымальнікаў, таму фэст — нагода не толькі пагуляць, але і зарабіць.

А колькі незарэгістраваных прадпрымальнікаў, па складзе душы! Вось сядзіць на сонцапёку бабуля, гандлюе часныком. Пытаюся, чаго не ідзе ў цянёк. “Дык у цяньку ўсе месцы занятыя, унучка! А тут хоць прысесці можна”. Гандлёвая палітыка гнуткая: часнык прадаецца і “воптам” — па 10 галовак, і “у розніцу”. Кошт ад гэтага, праўда, не мяняецца. І калі камусьці падасца, што дзве тысячы пяцьсот рублёў за галоўку — гэта шмат, спяшаюся пераканаць: у Мінску — ад чатырох да сямі тысяч.

А чаго вартыя прадпрымальныя маталяне, што просяць па тысячы за тое, каб… сфатаграфаваць турыста на яго ж фотаапарат на фоне саламянай скульптуры мядзведзя! Вось дзе “грошы за агляд правалу”, як казаў Астап Бэндэр.

Турыстам было лёгка і… складана

Файна было, што ўсе бортнікі сталі разам: турыстам лёгка было хутка ацаніць увесь аб’ём прапановы, абраць сабе па душы пэўны гатунак мёду. Адразу ўзнікла жаданне гэтак жа “пастроіць” усе астатнія харчовыя шэрагі, а яшчэ атрымаць у інфацэнтры, пазначаным, як у Еўропе, вялікай літарай "I", план фестывальных пляцовак. Ды толькі ні літары “І”, ні плану… Зразумела, што часта склад удзельнікаў карэктуецца да апошняга дня. У той жа час кожны прадавец хоча трапіць у самае люднае месца. Можна было б такія кропкі “VIP” размяркоўваць загадзя, напрыклад, сярод гандляроў, што з’яўляюцца старажыламі фэсту. І заносіць у друкаваны план пляцоўкі. А тых, хто далучаецца ў апошні момант, ставіць па краях. Гэта замацавала б за імпрэзай сталых удзельнікаў.

Праграма “Мотальскіх прысмакаў” была змешчана ў раённай газеце і дзе-нідзе на дошках абвестак у мястэчку. Малавата, мабыць, было інфармацыі: людзі на вуліцах пыталіся адно ў аднаго, што калі будзе, тэлефанавалі родным, што выпісваюць “раёнку”. А планы фестывальных пляцовак можна было б друкаваць з прыгожым дызайнам, каб людзі хацелі мець іх у якасці сувеніра. І прадаваць за невялікі кошт. Бо сувеніраў на фэсце відавочна бракавала: прадавалі магніты, мільгалі ў натоўпе пакеты з лагатыпам, але дзе іх набыць — так і не атрымалася высветліць. На сувенірных магнітах надпіс “Мотальскія прысмакі” прадубляваны на пяці мовах: па-украінску, па-польску, па-англійску, па-нямецку і на іўрыце. Гутарыла з калекцыянерам званочкаў. Скардзіўся ён, што не знайшоў вырабу для папаўнення збору ды казаў, што мотальскі фэст у гэтым плане, на жаль, не выключэнне з агульнабеларускай тэндэнцыі.

Нягледзячы на малую колькасць сувеніраў ды друкаванай прадукцыі “старажылы” фестывалю адзначаюць, што сёлета ўпершыню былі маштабна прадуманыя кропкі харчавання для самастойных турыстаў, не толькі ў складзе груп і дэлегацый.

Закінуць ідэю…

У час фэсту цешыўся ўвагай мотальскі Музей народнай творчасці. Сёлета ўстанова святкуе дваццацігоддзе, каля яе дзейнічала адна з фестывальных сцэн. На працягу ўсяго святочнага дзейства працаваў археалагічны музей, у дзесяць разоў маладзейшы за музей народнай творчасці: яго ўрачыста адчынілі два гады таму, на мінулых “Мотальскіх прысмаках”. Незразумелы лёс хаты-музея Хаіма Вейцмана, першага прэзідэнта Ізраіля, што нарадзіўся ў Моталі. Да ўстановы не вядзе ніякіх указальнікаў, толькі трошкі інфармацыі на стэндзе ля Дома культуры. А якая атракцыя для яўрэйскіх дэлегацый!

З ідэй хацелася б “закінуць” інсцэніроўку традыцыйнага яўрэйскага вяселля. Такія тэатралізацыі робяць у польскім Любліне, украінскім Львове, сёлета тэндэнцыя дайшла і да беларускага Віцебска: 25 ліпеня адсвяткавалі стагоддзе вяселля Марка і Бэлы Шагалаў. А можа, нават сапраўднае вяселле? Калі для яўрэяў Моталь — месца памяці, няўжо не знайшлося б пары, ахвочай стварыць сям’ю на радзіме першага прэзідэнта сваёй краіны?

Улічваючы, што навыкі вырабу мотальскага караваю сёлета ўзялі пад ахову дзяржавы як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, можна было б “гуляць” на фэсце і беларускае вяселле. Знайсці сапраўдных маладых — жнівень, бадай што, самая “вясельная” пара. Тым больш у музеі народнай творчасці распрацаваная адмысловая праграма “Вяселле па-мотальску”. Прапанаваць якой пары правесці для іх інтэрактыў на вуліцы, каб маглі бачыць усе госці “Мотальскіх прысмакаў”. Тым больш на традыцыйным беларускім вяселлі “глядзець маладую” і праўда прыходзіла цэлая вёска. На вяселле ў Моталь турысты паехалі б з усёй Беларусі, калі б была адпаведная рэклама. Традыцыйнае беларускае вяселле, са спевамі ад аўтэнтычнага гурта “Мотальскія суседкі” і з дзяльбой каравая! Напрыклад, на вяселлі Шагалаў у Віцебску ад гледачоў не было дзе яблыку ўпасці. А пакуль пра мотальскі каравай можна даведацца толькі з аднаго стэнда Музея народнай творчасці. Больш нідзе інфармацыі пра яго няма.

Быў зачынены музей хлеба, створаны у будынку прыватнай пекарні “Анікс Санія” па праекце USAID. А шкада, у гэтай установы вялікі патэнцыял: можна было б прапаноўваць турыстам прадукцыю пякарні, для аматараў водных працэдур побач рэчка… Хлеб “Анікс Санія” чамусь ужо не выпякае, толькі печыва. Можа, музей быў зачынены, бо ўсе супрацоўнікі пякарні занятыя на фэсце? Дык працуе ў “Анікс Саніі” сямнаццаць чалавек. Няўжо не атрымалася хоць аднаго пакінуць?

Каля траціны на ежу

Падчас фестывалю прайшоў “круглы стол”. Прагучала шмат цікавага. Аказваецца, каля траціны грошаў сярэднестатыстычны турыст выдаткоўвае на ежу. “Гастранамічная матывацыя” спрацоўвае падчас выбару маршруту для адпачынку: амаль дзесяць працэнтаў тырыстаў едзе ў Іспанію пераважна па ежу і віно. А калі казаць пра Грузію, то такіх гасцей краіны — больш за траціну. Прасцей кажучы, турыст хоча есці, і той, хто яго накорміць, можа някепска зарабіць, асабліва на мясцовай, брэндавай, ежы. UNESCO штогод абвяшчае “горад гастранаміі”, за званне якога гатовыя змагацца месцы, якія і так не абдзеленыя ўвагай турыстаў: польскі Кракаў, італьянская Парма, французскі Дзіжон…

У той жа час у спісах элементаў нематэрыяльнай спадчыны UNESCO не так і шмат навыкаў гатавання. У Канвенцыі 2003 года традыцыйная кухня не вылучаецца ў асобную катэгорыю. Святочныя стравы часта разглядаюцца як частка цырыманіяльнага комплексу, а на будзённае харчаванне не звяртаюць дастатковай увагі. Разам з тым “раскручанасць” рэгіянальных страў у Заходняй ды Паўночнай Еўропе дазваляе казаць пра пэўны “гастранамічны патрыятызм”.

Людзей на вуліцах — процьма. Прыезджых, на выгляд, менш за палову, большасць публікі — самі маталяне. Прыемна, што шмат людзей сталага ўзросту, не заўсёды іх сустрэнеш на масавых гуляннях, лічыцца, што гэта забава больш для моладзі. Вырай для этнолага — лаві бабулю ў святочным строі, фатаграфуй, размаўляй проста на вуліцы. А лепш, канешне, зайсці ў госці. Пра пару наведаных мотальскіх хат ды скарбы іх гаспадынь больш падрабязна.

Зазіраючы ў хаты

У Вольгі Рацык захоўваецца тэкстыль трох пакаленняў жанчын яе сям’і: уласныя вырабы, ручнік, што застаўся ад маці, і тканыя творы дачкі. Даматканы тэкстыль у Моталі дасюль “у модзе”: да вяселля не ўсе маладыя дзяўчаты ўмеюць сабе наткаць, тады замаўляюць у старэйшых ткалляў абрусы, ручнікі, каб павязаць сватам, “дарожкі”, каб пакласці на паднос, з якім сустракаюць маладых, надзежнік пад каравай. Потым гэтыя вырабы захоўваюцца як сямейная рэліквія, у штодзённым жыцці іх не выкарыстоўваюць. Яшчэ ткуць адмысловыя ручнікі, каб пакрываць абразы ці ахвяраваць на царкву.

Калі муж Вольгі Рацык Іван гуляў на вяселлях сваякоў у суседніх вёсках, яму, як аднаму з родных маладога, разам з галоўным сватам, павязвалі праз плячо ручнік, што заставаўся падарункам і памяццю. Таму разам з мотальскімі вырабамі сустракаюцца тышкаўскія, колылскія — геаграфія сваяцкіх сувязяў шырокая.

Што ўражвае: яшчэ на пачатку ХХІ стагоддзя некаторыя дзяўчаты ткалі сабе для вяселля самі. Не кідалі і выйшаўшы замуж: Ганна, дачка Вольгі Рацык, ткала да 2006 года. Патроху ткаў і брат Ганны Фёдар: “На гатовым верстаце і жаба можа плескаці” — смяецца Вольга Рацык, маючы на ўвазе, што галоўнае — уменне заправіць кросны, а выткаць ужо лягчэй. І зараз шмат у якіх мотальскіх хатах знойдзеш кросны — не сабраныя, дык на гарышчы, але з усімі дэталямі — стаў ды працуй.

Цікава прасачыць эвалюцыю мотальскага тэкстылю: ад старажытнага чырвона-чорнага, з вузенькімі арнаментальнымі палоскамі, да рознакаляровага, з часцейшым і шырэйшым арнаментам, “сніўкамі” — прадольнымі каляровымі палоскамі на белым палатне. Такія “новыя” баваўняныя ручнікі пачынаюць рабіць пасля Другой сусветнай вайны і яны цалкам выціскаюць “старыя” ільняныя прыкладна ў 1970-х. На тканінах з’яўляюцца кветкі, клубніцы, вінаград. Паступова ў браны арнамент уводзяцца элементы, выкананыя тэхнікай закладнога ткацтва. Старыя прыёмы аздаблення канцоў вузельчыкавым пляценнем саступаюць карункам, вязаным шыдэлкам. А у 1980-х пачынаюць “шыдэлкаваты” вырабы ўжо цалкам, па перыметры.

Шмат дзе ў беларускай глыбінцы можна сустрэць асобных ткалляў, якія трымаюцца рамяства, ставяць кросны. Ці адзін у полі воін? Такіх жанчын запрашаюць у дамы рамёстваў, возяць на святы народнай творчасці. Добра, калі з’явяцца пераемнікі сярод работнікаў культуры. Тады паўстаюць такія асяродкі ткацтва, як Неглюбка, Маларыта. Але сучаснай моды на традыцыйны тэкстыль сярод “звычайных” людзей, не звязаных прафесійна са сферай культуры, акрамя Моталя не сустрэнеш бадай нідзе ў Беларусі. Добра, калі я памыляюся!

У суседкі Вольгі Рацык Ганны Міховіч таксама фатаграфуем тэкстыль, запісваем ад дуэта жанчын каравайныя песні — больш за дзесяць. Колькі ж іх гучала падчас усяго вяселля!

Высвятляем лёс знакамітых мотальскіх кажухоў. Яшчэ пасля Другой сусветнай вайны насілі “жоўтыя”, з вышыўкай, такія, як мы бачым у музеях і на фотаздымках Міхася Раманюка. Іх выраблялі ледзь не ў кожнай хаце. Потым у моду ўвайшлі чорныя кажухі без вышыўкі. Іх мотальцы шылі да 1980-х, не толькі на патрэбы ўласнай сям’і, часта і на замову. Амаль у кожнай гаспадыні захоўваецца адзін-два такіх. Кажуць, нехта ў Моталі дасюль займаецца пашывам верхняй вопраткі.

Менш вядомая дэталь гардэробу, якую ў Моталі выраблялі на продаж — хусткі з акрылавых нітак. Амаль любога колеру, яшчэ і сёння “асартымент” у куфрах маталянаў самы шырокі. Гэтыя вырабы глядзяцца ультрасучасна, не адразу іх адрозніш ад турэцкіх ды кітайскіх хустак, што прадаюцца ў мінскіх гандлёвых шэрагах. Заняцца б, раскруціць, як “вышымайкі”. Вярнуліся ж ва ўжытак хусткі з кветкамі! Драпіруюць іх самым неверагодным чынам гламурныя модніцы. А яшчэ год пяць—сем таму хіба жанчыны сярэдніх гадоў накідалі на плечы, калі халодна.

Агулам, на фэсце паглядзець ёсць што, але рэкамендуем не цурацца размоў з мясцовымі жыхарамі, слухаць сакавітую мотальскую гаворку. І прыязджаць не толькі падчас фестывалю.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"