B.Гаўрылаў разам з першакурснікамі. |
Ён быў першым, хто, працуючы шмат гадоў галоўным мастаком Мінскага фарфоравага завода, надаў гэтаму прыгожаму тонкаму віду прыкладнога мастацтва сучаснае гучанне і адметныя рысы, распрацоўваў складаную тэхналогію.
У 60-ыя гады была адкрыта кафедра мастацкай керамікі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У якасці аўтарытэтнага спецыяліста-выкладчыка туды быў запрошаны і першы старшыня секцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Саюза мастакоў БССР Віктар Гаўрылаў. Яго кераміка — гэта, безумоўна, і наша гісторыя, і мастацкая класіка.
У ліку лепшых аўтарскіх мастацкіх работ Гаўрылава на гэтай выстаўцы нельга не адзначыць яго каліграфічна-філігранную па выкананні талерку-блюда “Чырвоны трактар” (фарфор) і надзвычай “акварэльнае” блюда “Дзяўчына” (фаянс), цудоўнае “каларыстычнае” фаянсавае блюда аб моладзі і першым каханні — “Мроі” (рэльеф, цякучая глазур), класічнае і шмат у чым “аўтабіяграфічнае” вялікае пано “Ганчар” (фарфор, роспіс, золата), а таксама серыю дэкаратыўных талерак, прысвечаную беларускаму народнаму ансамблю “Свята” (фаянс, роспіс). Нельга не згадаць і кампазіцыю “Восеньскі акорд” (шамот, абпал), керамічную пластыку — палісвечнік “Налібокі”, набор фарфоравых чайнікаў з прыгожым падглазурным кобальтавым роспісам “Слуцкія паясы”…
Творчыя дасягненні і пошукі свайго славутага настаўніка з годнасцю працягваюць, актыўна развіваюць яго вучні, творы якіх таксама прадстаўлены ў экспазіцыі: Л.Малышаў, І.Ларыёнава, В.Грыгарышына, В.Іванькова, Т.Курачыцкая, В.Калтыгін, Л.Трацэўскі.
Аляксандр РУНЕЦ