Не на словах...

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

Год моладзі: ад фестываляў да нястачы спецыялістаў
“Амаль усё вялікае створана маладымі”. Як на мой крытычны погляд, гэта досыць спрэчнае выказванне колішняга прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі і пісьменніка Бэнджаміна Дызраэлі. Спрэчнае тым больш, калі ўлічыць, што, прыкладам, Гётэ дапісаў свайго “Фаўста” тады, калі яму было каля 80 гадоў, а Талстой тварыў увогуле да смерці. Але ж ніхто, у тым ліку і я, не будзе адмаўляць, што менавіта ў маладым узросце кожнаму хочацца шмат ведаць, шмат чытаць, тварыць, шукаць, памыляцца, блукаць па новых дарогах ды краінах і, канечне, кахаць…

Нядаўняя камандзіроўка ў Браслаў яшчэ раз пераканала мяне ў тым, што самыя разнастайныя мерапрыемствы і праекты, што ладзяцца сёлета ў Год моладзі, не на словах, а на справах спрыяюць і заахвочваюць да развіцця ды самаўдасканалення маладых людзей, а таксама павялічваюць увагу да іхніх крэатыўных пошукаў і ідэй. Напрыклад, у многіх рэгіёнах краіны пачалі ладзіць ці аднаўляць правядзенне разнастайных маладзёжных фестываляў, маладыя спецыялісты ці нават дырэктары ў сваіх музеях, бібліятэках, Дамах культуры прапануюць да рэалізацыі арыгінальныя праекты, а многія прадпрымальнікі, якія раней лічылі за галоўнае, бадай што, адно толькі заробак грошай, сёння ўкладаюць фінансавыя сродкі ў цікавыя маладзёжныя праекты… Але ж ці хапае ўсяго гэтага для таго, каб тыя ж выпускнікі каледжаў ці ўніверсітэтаў сферы культуры з ахвотай прыязджалі на працу ў самыя розныя куткі краіны?

Фэст за фэстам

Спачатку пра фестывалі. Спашлюся на ўсё той жа крэатыўны досвед супрацоўнікаў сферы культуры Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Сёлета ў якасці арганізатараў, гасцей ці выканаўцаў яны зладзілі ды паўдзельнічалі ў фальклорным фестывалі “Браслаўскія зарніцы” — на якім, побач з бабулямі і дзядулямі, танцавалі і спявалі хлопцы і дзяўчаты, — у рок-фестывалях “Жывое неба Браслава” і “Viva Браслаў!”, а таксама рыцарскім фэсце “Меч Брачыслава”. А нядаўна, 9 жніўня, супрацоўнікі мясцовага музея традыцыйнай культуры “раскручвалі” ў сваім музейным дворыку яшчэ адзін, знаёмы мінчанам ужо не першы год, праект “Фотасушка-2015”, на які завітала багата цікаўнай моладзі…

Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Антаніны Абалевіч, правядзенне самых разнастайных маладзёжных мерапрыемстваў у Браславе — мэтанакіраваная палітыка. І, па яе словах, сёння можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што падобны кірунак цалкам сябе апраўдвае. У якасці доказу суразмоўца прывяла досыць красамоўны факт: працэнт замацавання маладых спецыялістаў у раёне па некаторых відах дзейнасці даходзіць да 80: гэта адукацыя, гандаль, ахова здароўя, і, крыху меней, культура. Таксама паўсядзённай практыкай сталася выдаткоўванне жылля некаторым сем’ям, якія прыязджаюць на працу ў раён. Да таго ж, сёння важкі “сацыяльны” пакет для маладых спецыялістаў прадугледжаны ў многіх установах і арганізацыях Браслаўшчыны як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці — гэта і “пад’ёмныя”, і прэміі, і надбаўкі, прадугледжаныя згодна з айчынным працоўным заканадаўствам...

Пералічанае вышэй спрыяе таму, каб моладзь пачувала сябе ў Браславе досыць вольна і камфортна. Праўда, не трэба забываць і пра ўнікальную мясцовую прыроду, да якой цягне не толькі многіх мясцовых жыхароў, а і спешчанага гарадскімі выгодамі мінскага, маскоўскага ці варшаўскага госця. Але справа, натуральна, не толькі ў ёй…

Маладзёжны марафон

Але наколькі фестывальны складнік прываблівае да сябе маладых людзей? Бо, не сакрэт, самымі разнастайнымі маладзёжнымі праектамі могуць пахваліцца і іншыя раёны Беларусі. Да слова, 25 ліпеня ў Буда-Кашалёве, што ў Гомельскай вобласці, прайшоў 
ХІІІ Абласны фестываль творчай моладзі “Пад белымі крыламі”, які сабраў больш за 200 удзельнікаў з 14 раёнаў рэгіёна і з Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны. А, напрыклад, калі я тэлефанаваў у Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці, дык там да Міжнароднага марафону маладзёжнай творчасці “Лета-2015”, які пачаўся ўчора, 14 жніўня, а скончыцца ў гэтую нядзелю, яшчэ рыхтаваліся. Як адзначыла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук, на гэтай маладзёжнай імпрэзе, акрамя шматлікіх беларускіх калектываў і выканаўцаў, выступяць прадстаўнікі з Польшчы і Украіны.

Цікава, што ідэю зладзіць названы праект падала летась малады спецыяліст, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а цяпер мастацкі кіраўнік Залескага Дома культуры Крысціна Харошка. Справа ў тым, што аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама ў мінулым годзе праводзіўся вучэбны семінар, на які завіталі больш за трыццаць кіраўнікоў Дамоў культуры Люблінскага ваяводства Рэспублікі Польшча. Прыезджыя не толькі дзяліліся сваім вопытам па арганізацыі самых разнастайных маладзёжных імпрэз, але і ўважліва прыглядаліся да досведу спецыялістаў сферы культуры Кобрыншчыны. І асаблівую цікавасць у гасцей выклікаў праект Крысціны Харошка, які сёлета ўвасобіўся ў жыццё... Падрабязна пра гэты маладзёжны марафон мы распавядзем у наступных нумарах.

Невясёлая статыстыка

Між тым, у размове з Надзеяй Жук я не мог не запытацца пра кадравую сітуацыю ў раёне. Як высветлілася, у сферы культуры замацоўваюцца прыкладна 50 працэнтаў з прыезджых маладых спецыялістаў. Больш за тое, сёлета, нягледзячы на 15 заявак, у раён прыехала толькі двое выпускнікоў, гатовых працаваць у сферы культуры. Як бачна, аднымі фестывалямі моладзь на Кобрыншчыну — ды, упэўнены, не толькі сюды — не зацягнеш.

Між тым, летась у раён па размеркаванні прыязджала 6, а ў 2013 годзе — ажно 13 маладых спецыялістаў, якія сёння працуюць па спецыяльнасці… Статыстыка сёлетняя, трэба прызнаць, негатыўная… І вынікае яна з усё тых жа праблем: нястачы жылля для маладых спецыялістаў і малых заробкаў у сферы культуры.

Больш за ўсё ў раёне, як ні дзіўна, не хапае хормайстраў і акампаніятараў, а таксама — наколькі ведаю, “вечная” праблема для любога раёна — харэографаў. Між тым, да прыкладу, у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, дзе нядаўна, напрыканцы ліпеня, пабываў Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, на гэтыя спецыяльнасці заўсёды імкнуцца абітурыенты. Па словах дырэктара каледжа Вадзіма Буткевіча, ва ўстанове адукацыі сферы культуры найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія спецыяльнасці як “Дызайн” і “Мастацтва эстрады (спевы)”. Таксама ў гэтым годзе шмат ахвотных паступала на спецыяльнасць “Харэаграфічнае мастацтва (народны танец)”.

Так што, зважаючы толькі на прыклад гэтага каледжа, можна сцвярджаць, што неабходныя для раёнаў спецыялісты ва ўстановах адукацыі сферы культуры будуць падрыхтаваны і выпушчаны. Але ці даедуць яны да Кобрына альбо, прыкладам, да Хоцімска ці Гарадка — пытанне з досыць няпэўным адказам.

Тое, што маладзёжныя фестывалі і імпрэзы сёння ладзяцца ў многіх кутках Беларусі, можна, натуральна, толькі вітаць... Але і гэтыя шматлікія фэсты, і культурныя мерапрыемствы з удзелам моладзі, як бачна, сітуацыю з кадрамі часам да лепшага не мяняюць: “хлеб” матэрыяльны пераважае над духоўным. Таму, як вынікае, разам з фэстамі, трэба вырашаць жыллёвае пытанне, — як гэта робяць і ў Браслаўскім, і ў некаторых іншых раёнах Беларусі, — падвышаць заробкі, у тым ліку, з дапамогай пазабюджэту, ды зацікаўліваць маладых спецыялістаў крэатыўнымі праектамі, як айчыннымі, так і міжнароднымі, у якіх яны змогуць паўдзельнічаць. Вось тады маладыя спецыялісты ў Год моладзі — і не толькі сёлета, але і праз год, і два, і пяць — адчуюць сябе сапраўды запатрабаванымі не на словах, а на справах. І тады словы Бэнджаміна Дызраэлі цалкам магчыма будуць успрымацца не са скепсісам, як цяпер…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"