З "Дыярыушаў" Акадэміі...

№ 33 (1211) 15.08.2015 - 21.08.2015 г

У апошнім інтэрв'ю Эльвіры Герасімовіч — пра першы выпуск Тэатральнага інстытута і паняцце адданасці
Праект “Дыярыушы”, прымеркаваны да 70-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, засведчыў вельмі важную для нашай нацыянальнай культуры акалічнасць: сёння новае пакаленне прафесіяналаў сферы рыхтуюць тыя, хто атрымаў прафесійную адукацыю ў Беларусі. А праз гэта забяспечваюцца пераемнасць традыцый і паступовасць развіцця. Гэта, калі хочаце, чыннік культурнай самадастатковасці нацыі. Хтосьці можа спытаць, а што тут асаблівага? Гэта ж натуральна, так і павінна быць! Пажадана, каб так было, але здараецца названае не заўжды і не паўсюль. Доўгі час з аб’ектыўных прычын “па вялікую навуку” беларускім мастакам даводзілася ехаць у Маскву і Ленінград. А да станаўлення, напрыклад, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларускім тэатральна-мастацкім (так тады называлася Акадэмія) спрычыніліся адмыслоўцы са Львова. Я ўжо не кажу пра падрыхтоўку спецыялістаў экранных мастацтваў, чыя alma mater была адна на ўвесь Савецкі Саюз і знаходзілася ў ягонай сталіцы. Сёння ж, бадай, усе значныя асобы ва ўсіх галінах беларускага мастацтва — выхаванцы нашай Акадэміі. Гэта выдатнае дасягненне. А “Дыярыушы” (куратары — студэнты-мастацтвазнаўцы кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў БДАМ) — успаміны тых, хто вучыўся ў БДАМ / БДТМІ. Гэта прыватныя лёсы ў кантэксце вялікай з’явы. Да гэтых успамінаў, сабраных студэнтамі-мастацтвазнаўцамі Акадэміі, навучэнцы творчых спецыяльнасцей адмыслова стварылі свае работы. І цягам некалькіх нумароў "К" пазнаёміць з яскравымі фрагментамі "Дыярыушаў".

/i/content/pi/cult/547/11914/15-1.jpgЭльвіра ГЕРАСІМОВІЧ, тэатразнаўца, выпускніца Беларускага тэатральнага інстытута 1949 года па спецыяльнасці “акцёр драматычнага тэатра”; рэктар Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1968 — 1984 гадах; прафесар-кансультант кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Эльвіры Пятроўны не стала 22 ліпеня 2015 года. Перад вамі яе апошняе інтэрв'ю.

— Эльвіра Пятроўна, з якім пахам у вас асацыюецца Акадэмія?

— Акадэмія і пах — гэта цікавае пытанне. Значыць так: калі ў галоўным корпусе направа пойдзеш, то змяшаны пах касметыкі — факультэт тэатральны (там студэнткі, яны амаль усе карыстаюцца парфумай). А калі налева пойдзеш, то пах фарбаў — ні з кім не зблытаеш: мастакі.

— А з якім колерам?

— Направа — нешта актыўнае, але не вельмі яркае, а налева — мяккія тоны.

— Эльвіра Пятроўна, Вы кажаце “злева” ды “справа”. Гэта былі калідоры?

— Так, два крыла. Справа — Тэатральны факультэт, а злева — Мастацкі. Таму мне адразу ўспамінаюцца гукі: справа — шум, а злева — цішыня.

— Якая геаметрычная фігура прыходзіць на розум першай пры згадванні Акадэміі?

— Трохкутнік. Бадай, і тэатралы, і мастакі — трохкутнікі. Чаму? Таму што шмат кутоў загадак і ў першых, і ў другіх. Не знойдзеш падыходу — паколішся.

— Ці паўплывала навучанне ў Акадэміі на ваша жыццё па-за яе сценамі?

— Безумоўна. Па-першае, я атрымала ўлюбёную спецыяльнасць. Сталася так, што тэатральная педагогіка зацямніла ўсе астатнія бакі тэатральнага мастацтва. Маё далейшае жыццё было аддадзена ў першую чаргу тэатральнай педагогіцы, а потым ужо — даследаванням ды навуцы. Я была рэктарам 16 гадоў, але ніколі не пакідала педагагічную працу. Майстэрства акцёра не пакідала ніколі.

— Якая найярчэйшая падзея звязана з Акадэміяй?

— Дзень Перамогі. Тым больш ён супаў з годам паступлення ў інстытут. Для мяне гэта было нечакана: я была студэнткай педагагічнага інстытута французскага аддзялення.

— А чым займаліся б, каб не вучыліся у Акадэміі?

— Медыцынай. Гэта я адразу магу сказаць.

— Што вы найбольш любіце ў сваёй працы?

— Студэнтаў. І тэатр. Тэатр, як магчымасць перанесці на сцэну думкі і вобразы самых любімых маіх пісьменнікаў і драматургаў. Антон Чэхаў, Іван Тургенеў, асобныя п’есы Максіма Горкага... Шмат беларускай літаратуры я старалася пакласці на сцэнарную мову, і творы агучвалі на радыё, на тэлебачанні.

— Ці складана было вучыцца адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны?

— Не. Хлеб быў, бульба была, бо яе саджалі ўсюды, дзе можна было пасадзіць. Зялёная цыбуля была, калі не мелі сваёй — знаходзілі. Гэта галоўная ежа. Сланечнікавы алей быў. Акрамя таго, мы чамусьці сістэматычна атрымлівалі ад прафсаюзаў талоны на галёшы. Тое, што тады ўсе хадзілі ў галёшах, — гэта вядома, але мы даволі часта атрымлівалі такія талоны. Потым прадавалі іх на таўкучцы. За грошы нешта куплялі. Мы часта елі разам, усім курсам.

— Ці з’яднаны склаўся калектыў?

— Курс у нас быў вельмі дружны. Заўсёды адзін пра аднаго ўсё ведалі, імкнуліся падтрымаць... І потым: цяжка было б вучыцца, каб мы не аказаліся дружнымі. Бо амаль цэлы дзень праводзілі ў інстытуце, а наша дзейнасць вельмі залежная ад партнёра. Дзяліць нам асабліва не было чаго. Вядома, спрачаліся, часам нават сварыліся і не размаўлялі нейкі час. А потым усё пачыналася з пачатку... Вельмі любілі ўсялякія розыгрышы, разыгрывалі нават мінакоў. На вуліцы Янкі Купалы быў драўляны мост, і аднойчы Ілля Львовіч Курган і адна наша студэнтка нібыта пасварыліся, а мы ўгаворвалі, каб яна не скакала з моста ў раку. Разявак назбіралася! Такія рэчы рабілі... У парку Горкага стаяў домік, дзе жыла цётка адной са студэнтак. У цёткі гэтай былі градкі з цыбуляй. Мы аднойчы нешта адзначалі і пайшлі нарваць зеляніны на закуску. І ўсё абарвалі. А ля Опернага тэатра цяпер сквер з вялізнымі дрэвамі... Пасля вайны пасаджаныя. Там і нашы дрэвы ёсць: мы таксама саджалі.

— А што яшчэ запомнілася са студэнцкага жыцця?

— Запомніліся, вядома, дыпломныя спектаклі. Па-першае, нам далі пляцоўку Тэатра імя Янкі Купалы! Былі сапраўдныя афішы, прадаваліся білеты, кветкі потым дарылі... Частку букетаў, праўда, нашыя ж сябры і прыносілі. Ну, а што бывала на спектаклях! На адным — я ніжнюю спадніцу страціла, на іншым — Віця Карпілаў, іграючы сакратара гаркама партыі, рассунуў заднік і выглянуў у залу: думаў, што яшчэ антракт. Мы яму завязалі хустачку, каб не тырчаў віхор ад парыка. Гэта ж сакратар гаркама! І раптам... народ ужо быў у зале. Яшчэ ездзілі на лесанарыхтоўкі, вандравалі з гастролямі. Асабліва, пакуль нас не ўзялі на працу пасля заканчэння інстытута. У гэты летні прамежак нам далі толькі грузавую машыну — вось на ёй мы і ездзілі па ўсёй Беларусі, ігралі свае спектаклі.

— Ці заўсёды публіка рэагавала станоўча?

— Ой, публіка — заўсёды! Людзі настолькі згаладаліся па мастацтву, былі задаволены — гэта ж 1949-ы! Усяго чатыры гады прайшло з Дня Перамогі. Які настрой быў у галодных, няшчасных і ў той жа час самых шчаслівых людзей... Узгадваю восень і зіму 1945-га года ў Мінску... Падзей было вельмі шмат: добра памятаю налёты, святломаскіроўку. Не-не, ды і прарвецца які-небудзь... Гэта было яшчэ, калі я вучылася ў педынстытуце. Мы займаліся са спушчанымі шторамі... А потым ўсеагульная радасць: Перамога!

— Ці мелі вы ўлюбёны час дня ў гады навучання?

— Толькі не раніца! Раніцай я любіла паспаць, таму што клаліся мы вельмі позна. А любімы час — гэта дзень і вечар, калі мы ўсе аказваліся разам, калі займаліся. Але не тады, калі сядзелі на лекцыях і глядзелі лектару ў рот: гэтага не любілі, як і цяперашнія студэнты. Я пра акцёрскае майстэрства. І потым, у нас былі шыкоўныя “капуснікі”! У іх дні міліцэйскі нарад стаяў ля інстытута, таму што ўвесь горад жадаў прыйсці. У нас было вельмі цяжкае становішча з памяшканнем. Ды і цяпер цяжка… Праўда, не памятаю такога часу, калі з ім не было б праблем... Хіба што адразу пасля заканчэння рэканструкцыі цяперашняга галоўнага корпуса ў 1977 годзе, ды і то нядоўга: інстытут разрастаўся. А ў тыя далёкія гады, калі толькі адкрыўся Тэатральны інстытут у Мінску, мы займаліся ў будынку Тэатра оперы і балета. Унізе былі буфет і кухня. Калі была вольная зала, мы беглі ў яе, вольная кухня — беглі туды.

Ну і, вядома ж, выезды на бульбу ў верасні запомніліся. Гаспадаркі прымалі нас з задавальненнем, нават спрачаліся з-за таго, куды паедуць нашы. Бо і працавалі добра, і канцэрты давалі. Усё ўмелі!

— А як гэта — “усё ўмець” у вашай прафесіі?

— Трэба быць вельмі назіральным і вельмі па-добраму цікаўным. І любіць людзей. Гэта — самае галоўнае ды самае складанае. І ад іх усё пачэрпваць. Мы ж не нараджаемся геніямі, гэта ўсё размовы. Любіць людзей, уважліва ставіцца адзін да аднаго. І памятаць, што ў жыцці за ўсё трэба плаціць. Атрымаў добрае — зрабі добрае.

— Каб мелі выбар, чым не займаліся б у Акадэміі?

— Ёсць прадметы, якія можна было б аб’яднаць. Не буду называць якія. А вольныя гадзіны аддала б, каб студэнты чыталі, чыталі, чыталі. Засмучае ў іх, цяперашніх студэнтах, тое, што яны мала або зусім не чытаюць. Прачытаць у арыгінале тых жа Антона Чэхава, Івана Тургенева, Аляксея Пісемскага — гэта ж атрымаць каласальнае задавальненне.

— Ці можаце згадаць паняцце, якое, у цэлым, асацыюецца ў вас з Акадэміяй?

— Адданасць. Тут заўсёды працавалі і працуюць людзі, якія адданыя сваёй справе. Менавіта гэта дапамагае Акадэміі выжываць і не толькі існаваць, але і развівацца. Многія нашы выпускнікі розных гадоў выдатна працуюць сёння ў Акадэміі, нягледзячы на тое, што зарабляючы сваёй творчай працай, могуць выдатна пражыць без грошай, якія атрымліваюць у Акадэміі. Але калегі не кідаюць і працягваюць у педагогіцы справу сваіх настаўнікаў. Вось гэтай адданасцю пакаленняў сваёй “alma mater” і моцная наша Акадэмія.

Анастасія ВАСІЛЕВІЧ, студэнтка І курса спецыяльнасці "Мастацтвазнаўства (тэатратразнаўства)" БДАМ