Што абмяркоўваць будзем? І дзеля чаго?

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Напярэдадні Форуму бібліятэкараў Беларусі
Чарговы, чацвёрты па ліку, Форум бібліятэкараў Беларусі пройдзе з 15 па 17 верасня ў Маладзечанскім раёне. Назва-дэвіз мерапрыемства за апошнія гады не змянілася: “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”. Пагадзіцеся, такое сталае пазіцыянаванне абавязвае нашы бібліятэкі да многага.

Да падзеі — паўтара месяца. Арганізацыйны камітэт Форума ўжо створаны. Узначальвае яго дырэктар НББ Раман Матульскі. Ягоны першы намеснік Алена Далгаполава стала і намесніцай старшыні згаданага камітэта. Дадамо, што да ўсяго з’яўляецца яна і кіраўніком Савета грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя”. Гэта, як вядома, — асноўнае карпаратыўнае фарміраванне нашых кніжнікаў. Яму б яшчэ і ўплывовасці. Але не будзем пра нязбыўнасць мары літаральна ўсіх нашых прафесійна-творчых грамадскіх суполак. Пагаворым лепей пра моманты арганізацыйнага характару.

Па словах Алены Далгаполавай, удзельнічаць у Форуме павінны айчынныя прафесіяналы ўсіх узроўняў: ад абласнога да раённага ды сельскага. Але на апошні дзень ліпеня (менавіта тады адбылася наша гаворка), канстатавала Алена Ерамееўна, ніводнай сельскай заяўкі на ўдзел у мерапрыемстве не паступала. Паўтара месяца на тое, каб вызначыцца з праблемным полем, на якім і павінны “зарунець” парасткі будучых форумных дэбатаў, на тое, каб удакладніць, узгадніць ды ўдасканаліць свае прапановы па паляпшэнні сітуацыі — гэта многа ці мала? Адказ на такое пытанне, як падаецца, можна ўсвядоміць толькі пад час Форума. Каб да яго рашэнняў прыслухаліся, трэба, каб мерапрыемства займела ў грамадстве не абы-які розгалас.

Дык што будзем абмяркоўваць на Форуме? Па словах кіраўніка ББА, — ход скарачэння бібліятэчнай сеткі, аб’яднанне публічных і школьных устаноў на сяле, укараненне інфармацыйных тэхналогій. У абласцях і раёнах з апошнім асаблівых пытанняў няма, а вось на вёсцы… Таму без сельскіх спецыялістаў падзея, я перакананы, не набудзе належнага гучання.

З гэтым пагаджаецца дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна. Абяцае, прынамсі, што вясковыя бібліятэкары Магілёўшчыны на Форуме будуць прадстаўлены абавязкова. І гэта пры тым, што названая вобласць практычна не мае праблем у бібліятэчнай справе. Уважлівы чытач ведае, што і камп’ютараў тут хапае, і да кадраў стаўленне вельмі прынцыповае. Вось толькі сапраўдны чытач становіцца апошнім часам не надта распаўсюджанай з’явай. Таму, прызнаецца спадарыня Сарокіна, падначаленым установам даводзіцца займацца не вельмі ўласцівымі для профіля справамі. На ўвазе маюцца рознажанравыя агітацыйныя акцыі, якія на пэўных беларускіх абсягах толькі апрабоўваюцца, а вось у замежжы даўно сталі завядзёнкай. Урэшце, не будзем забывацца на “кантэкст беларускай дзяржаўнасці" ў бібліятэчнай дзейнасці. Не будзе чытачоў, не будзе і профіля. Так што ў дадзенай справе пераможа не кансерватар, а крэатыўшчык.

А вось намеснік дырэктара Кармянскай ЦБС Наталля Савасцеева пераканана, што на форуме неабходна ўзнімаць кадравую праблему. Палова бібліятэкараў ў раёне — перадпенсійнага ўзросту. І не было б перашкод для амаладжэння галіны, калі б у выніку аптымізацыі спецыялісты не працавалі пад пагрозай скарачэння, не мелі клопату з жыллём, не думалі пра тое, дзе б яшчэ падзарабіць…

У чым, як падаецца, магчымая канструктыўнасць будучага Форума бібліятэкараў Беларусі? У спрадвечным і надзвычай эфектыўным -прынцыпе “Выратуй сябе сам”. Міжабласны, міжраённы абмен вопытам павінен хоць неяк скрануць справу з месца. Хтосьці мае трывалыя напрацоўкі ў пытанні жыллёвага забеспячэння маладых спецыялістаў. Хтосьці знайшоў найбольш кароткі і шчыры шлях да чытацкіх сэрцаў. А дзесьці метадам спроб і памылак навучыліся працаваць са спонсарамі...

Дык чаму гэты вопыт не ўзяць на ўзбраенне, пераканаць сваё кіраўніцтва, што вось ён, найбольш аптымальны варыянт развіцця гуманітарна-асветніцкай бібліятэчнай справы? Тым больш, што вераснёўскі форум адбудзецца напярэдадні Міжнароднай канферэнцыі, якую запланавана правесці ў Навуковай бібліятэцы БНТУ, і міжнароднага бібліятэчнага кангрэса, што мае адбыцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Форум павінен стаць не тое што рэпетыцыяй, а па вялікім рахунку — доказам таго, што і мы ў дадзеным кірунку развіцця пачуваем сябе не пачаткоўцамі: ведаем, куды рухацца і што для гэтага рабіць. Ці я памыляюся?

Папярэднія Форумы ладзіліся на Лагойшчыне. Сёлетні вырашана правесці ў Маладзечанскім раёне. Я спачатку быў падумаў, што такі выбар — невыпадковы. Летась у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча ў Маладзечне абваліўся дах. Да рамонту прыступілі толькі сёлетняй вясной. Ён не завершаны, як аказалася, і па сёння. Вось побач з такой установай і правесці б адно з пасяджэнняў. Не думаю, каб тыя, ад каго залежыць выпраўленне сітуацыі, гаварылі доўга і пераканаўча… Адмоўны досвед — таксама справа карысная. Усе ўдзельнікі Форума надоўга запомнілі б, як не трэба рабіць… Аднак не, месца правядзення Форума звязана не з магчымасцю нагляднага вывучэння безгаспадарчасці. Прычыны больш трывіяльныя і звязаныя з эканоміяй сродкаў на правядзенне форумных мерапрыемстваў. І дах бібліятэкі тут — не прычына. Ну і шкада, што так.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"