А ты “набыўся”, дружа?

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Некалькі разоў на год у Беларускім саюзе кампазітараў пануе ўзбуджана-напружаная атмасфера. У зале гучыць музыка, але ўсяго толькі для некалькіх “абраных” слухачоў, дый тыя глядзяць пераважна не на сцэну, а ў ноты, раз-пораз перапытваючы ўголас: “Дык хто наступны?” ці “Жывыя выканаўцы яшчэ ёсць?” А ў фае тым часам творцы задаюць адзін аднаму не менш дзіўныя пытанні: “Ты ўжо “набыўся”?” ці “Ты сёння “набываешся”?”...

 /i/content/pi/cult/154/1191/Druzha.jpg
Гэта значыць, што ў разгары — так званая “рэпертуарка”: мастацкі савет Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па набыцці новых твораў беларускіх аўтараў. Што ж і як там адбываецца?

Рэпертуарна-рэдакцыйныя камісіі, як яны называліся раней (адсюль і скарочаная назва — “рэпертуаркі”), узніклі разам з Саюзам кампазітараў. Без іх уявіць сабе музычнае жыццё ў савецкія гады было немагчыма, бо менавіта “рэпертуарка” давала дазвол на публічнае выкананне і далейшае распаўсюджанне таго ці іншага твора. На кампазітарскім рукапісе ставілася пячатка з надпісам: “Дазволена да выканання на тэрыторыі БССР”. Пасля гэтага ноты накіроўваліся да перапісчыкаў, у канцэртныя арганізацыі, на Беларускае радыё. Дзяржава, набыўшы твор, ускладала на сябе абавязкі па яго далейшай папулярызацыі і, заплаціўшы кампазітару аднаразовую суму, тым самым практычна атрымлівала аўтарскія правы на ягоны твор.

Былі ў гэтым свае “плюсы” і “мінусы”. Кампазітар, здавалася б, цалкам пазбаўлены клопату пра “ўладкаванне лёсу” сваіх твораў: атрымаўшы за напісанае грошы (а разам з імі ўпэўненасць, што яго праца запатрабаваная і неабходная), ён мог спакойна, не марнуючы часу на “абіванне парогаў”, працаваць далей. Яго не павінна была хваляваць рэакцыя публікі: грошы яму плацілі за самі ноты, а не за частату іх выканання.

Колькасць жа грошай залежала не толькі непасрэдна ад членаў камісіі, але і, галоўнае, ад тарыфнай сеткі, паводле якой размаітая палітра кампазітарскай творчасці ўкладалася ў своеасаблівую “табліцу”, што і колькі каштуе. Плацілі не за колькасць тактаў, старонак ці хвілін гучання, а ў адпаведнасці з тым ці іншым жанрам: опера шматактовая, опера аднаактовая, сімфонія, араторыя, аркестравая сюіта, вакальны цыкл, песня і г. д. У адпаведнасці з “цэннікам” фарміраваліся жанравыя прыярытэты: за кантату ці араторыю можна было атрымаць куды больш грошай чым за некалькі аркестравых і харавых мініяцюр, стварэнне якіх вымагала не меншых, а можа, і большых кампазітарскіх высілкаў. Улічвалася, вядома, і тэматыка, таму кампазітары накіроўвалі свае творчыя фантазіі ў пэўнае жанравае і тэматычнае рэчышча.

З тых часоў стаўкіза аўтарскае ўзнагароджанне пераглядаліся некалькі разоў, але сама практыка такой матэрыяльнай падтрымкі кампазітараў захавалася. Падкрэслім, толькі ў Беларусі, у адзінай краіне СНД. Ды не проста захавалася, а працягвае плённа развівацца і надалей!

Звярнуўшыся непасрэдна ў Міністэрства культуры Беларусі, мы высветлілі некаторыя лічбы. Сума, што выдаткоўваецца дзяржавай у апошняе дзесяцігоддзе, увесь час узрастае. Да прыкладу, калі ў 2006 годзе для набыцця новых твораў, уключаючы аплату за аранжыроўкі і выкананне твораў на пасяджэннях мастацкага савета, было выдаткавана 98,6 млн. руб., дык у 2007-м — у паўтара раза больш: 146,5 млн. руб.

Самі кампазітары прызнаюцца: у 1999-ым за канцэптуальную сімфонію, праца над якой можа доўжыцца не адзін год, атрымлівалі, у пераліку, усяго 200 умоўных адзінак. А падчас нядаўняй “рэпертуаркі” добрая сімфанічная партытура “каштавала” ўжо 3,5 тысячы долараў. І гэта прытым, што змяніўся сам механізм папулярызацыі музыкі.

“Дазваляльныя” пячаткі зніклі яшчэ дзесьці ў 1960-я, дый у пасляперабудоўчую эпоху вымушаць творчыя калектывы выконваць пэўны твор “у абавязковым парадку” ніхто не збіраецца. Дык навошта тады сёння тыя “рэпертуаркі”? Каб творцы з голаду не памерлі?

Не, галоўная “місія камісій” засталася ранейшай, і вельмі важнай: падтрымліваць і папулярызаваць не ўсё запар, а менавіта лепшае. Як жа гэты працэс ажыццяўляецца?

— У склад Савета, — расказвае кансультант упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Таццяна Пархамовіч, — уваходзяць не толькі кампазітары, але і музыказнаўцы, выканаўцы розных спецыяльнасцей, запрашаем на пасяджэнні хормайстраў і дырыжораў. Быў час, калі творы буйной формы прымаліся да разгляду на падставе некалькіх рэцэнзій-рэкамендацый, зробленых прафесійнымі музыкантамі пасля азнаямлення з партытурай. Але мы адмовіліся ад такой практыкі: цяпер мастацкі савет разглядае твор толькі пасля таго, як той быў агучаны.

Такім чынам, першай “адборачнай камісіяй” становяцца самі выканаўцы. Гэты падыход мае рацыю ўжо хаця б таму, што прайшоў гістарычнае выпрабаванне на працягу стагоддзяў: ва ўсе часы менавіта выканаўцы станавіліся тым “сродкам Макропуласа”, якое давала музыцы і яе аўтарам бессмяротнасць.

Гучыць твор ва ўсё новых інтэрпрэтацыях — значыць, жыве. А не ўключаюць яго выканаўцы ў свой рэпертуар — мабыць, ёсць на тое прычыны? Зразумела, без выключэнняў нідзе не абыходзіцца, але “выканальніцкі падыход” — адзін з самых правільных: няма таго музыканта, які будзе добраахвотна псаваць сваю рэпутацыю слабым, нецікавым рэпертуарам. Дый некаторыя недахопы становяцца відавочнымі не пры візуальным вывучэнні нот, а менавіта падчас іх гучання: кампазітар можа ўнесці пэўныя карэктывы, прыслухаўшыся да думкі выканаўцаў і да сваіх уражанняў. Не ў баку застаецца і публіка: яна, па сутнасці, таксама “галасуе” (ці не) за твор.

За мяжой заказчыкамі (і, адпаведна, “пакупнікамі”) музыкі дастаткова часта становяцца самі творчыя калектывы, прыватныя асобы. А ў нас?

— Аўтар, — працягвае свой каментарый Таццяна Анатольеўна, — не пазбаўляецца права і надалей “прадаваць” свой твор, калі ў яго ёсць такая магчымасць. Дзяржава ж гарантуе яму, найперш, неабходную сацыяльную дапамогу з улікам мастацкіх якасцей твора, прафесійнага майстэрства аўтара.Звярніце ўвагу: мы ж падтрымліваем не шоу-бізнес, а высокапрафесійныя творы сапраўднага мастацтва. І акцэнт робім якраз на буйнамаштабных праектах, якія вызначаюць будучыню нашай культуры.

Сапраўды, дзяржава ўскладае на сябе функцыю “пасрэдніка” паміж творцам і выканаўцам. Пры такім падыходзе калектывы і салісты пазбаўлены неабходнасці “выкупляць” у аўтара новыя партытуры, якія іх цікавяць, самастойна аплачваць сваю замову новага твора, прымеркаванага, да прыкладу, да паездкі на замежны конкурс ці фестываль. Так што, праводзячы падобныя мастацкія саветы па набыцці новых твораў беларускіх аўтараў, дзяржава дапамагае не толькі кампазітарам, але і выканаўцам. Вынікам — рух наперад усёй нацыянальнай музычнай культуры.

Але ж грошы, як вядома, — гэта такая рэч, якой пры любой колькасці зашмат не бывае. Таму незадаволеныя сярод творцаў былі і будуць. Тым больш, што само напісанне новага твора, падрыхтоўка яго да разгляду на мастацкім савеце патрабуюць ад кампазітараў значных затрат, прычым не толькі інтэлектуальных: тут і спецыяльная партытурная папера, і нотны камп’ютэрны набор, і раздрукоўка інструментальных партый, і запіс на кампакт-дыск. Таму атрыманыя грошы часам ледзь пакрываюць выдаткі. Дый рызыка заўсёды існуе: а раптам твор усё ж-такі не “прадасца”? Але няма тых музыкантаў, хто лічыў бы саму практыку набыцця новых работ заганнай. Іншая справа, што яна павінна і надалей развівацца, удасканальвацца.

Кампазітар Ларыса Мурашка не па чутках ведае, што такое праца ў мастацкім савеце. Некаторы час яна працавала рэдактарам Міністэрства культуры, была сакратаром мастацкага савета, а дзесяцігоддзе таму ўваходзіла ў склад камісіі, якая выпрацоўвала новыя стаўкі аўтарскага ўзнагароджання, што цяпер вымяраюцца ў колькасці базавых велічынь.

— Калісьці, — расказвае Л.Мурашка, — пасяджэнні мастацкага савета праходзілі па чатыры разы на год, але не было падзялення па секцыях: члены мастацкага савета слухалі творы ўсіх жанраў запар, у адвольным парадку. Гэта, вядома, было нязручна, і ўзніклі чатыры секцыі: сімфанічнай і харавой музыкі, камернай, дзіцячай, эстраднай. Жанравы прынцып, лічу, сябе апраўдвае. Патактава ж аплачваюцца толькі аранжыроўкі. З’явілася графа электроннай музыкі, так што, думаю, жыццё і надалей будзе ўносіць свае карэктывы.

— На маю думку,— да размовы далучаецца прадстаўніца маладога кампазітарскага пакалення Аліна Безенсон, — сімфанічна-харавую секцыю можна было б падзяліць на дзве асобныя. Дый у дзіцячай часам аказваюцца побач творы розных жанраў і розных ступеняў кампазіцыйнай складанасці, прызначаныя і проста для слухання дзецьмі, і для выканання імі самімі— тыя ж песенькі для дзіцячага садка. Шмат прапаноў узнікае як сярод кампазітараў, так і сярод выканаўцаў наконт далейшага лёсу набытых твораў.

— Павінны былі б, — заўважае кампазітар Вячаслаў Кузняцоў,— выходзіць бюлетэні з пералікам іх і, можа, некаторымі характарыстыкамі твораў — хаця б пералікам поўнага выканальніцкага складу. Тое, што сёння функцыю гэтага “бюлетэня” ўзяла на сябе газета “Культура”, трэба толькі вітаць. Але падобны пералік мог бы зацікавіць і замежных музыкантаў, можа, змяшчаць яго таксама дзесьці ў Інтэрнеце?

— Саюз кампазітараў, — дадае А.Безенсон, — таксама не павінен заставацца ўбаку. Там маглі б захоўвацца запісы набытых твораў, каб кожны мог іх паслухаць, перапісаць. А да іх — сціслыя аўтабіяграфіі творцаў. Прыдбаныя ноты перадаюцца ў бібліятэку Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Але атрымаць іх там могуць далёка не ўсе жадаючыя. У выніку выканаўцы зноў звяртаюцца непасрэдна да кампазітара, каб той падарыў ім экзэмпляр. Мабыць, і тут штосьці трэба ўдасканальваць?

Вядома, гэта справа не аднаго дня, але, магчыма, наспеў час стварэння інфармацыйнага цэнтра беларускай музыкі. Апошні даведнік “Кампазітары Беларусі”, падрыхтаваны музыказнаўцамі Таццянай Мдзівані і Раісай Сергіенка, выйшаў у выдавецтве “Беларусь” у 1997 годзе. Звесткі пра творы, напісаныя за наступныя гады, выдае да сваіх з’ездаў сам Саюз кампазітараў тыражом, роўным колькасці членаў Саюза, для ўнутранага, так бы мовіць, карыстання. Але як падабраць таму ж вучнёўскаму выканальніцкаму калектыву ці салісту твор, адпаведны яго магчымасцям? Дзе атрымаць поўную інфармацыю не толькі па кампазітарскіх персаналіях, але і па творах пэўнай тэматыкі, жанраў, выканальніцкага складу? Усё гэта — справа будучыні. І цяперашняя праца мастацкага савета Міністэрства культуры па набыцці новых твораў беларускіх аўтараў — адна з неабходных прыступак па захаванні і развіцці нашай нацыянальнай музычнай спадчыны.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ