Дзе прытуліцца ўніверсал?

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Мне не аднойчы даводзілася пісаць пра дызайн і дызайнераў, але кожны раз, прыступаючы да гэтай тэмы, я наноў вырашаю для сябе пытанне: “Што такое дызайн?” Яно зусім няпростае. Гэтае пытанне я часта задаю людзям, якія маюць непасрэднае дачыненне да дызайну. Яшчэ ніколі я не чуў двух аднолькавых адказаў. Разбежка ў меркаваннях — велізарная: ад схематычна-простых “Дызайн — від мастацтва” да разгорнутых, кшталту — “від праектнай дзейнасці, што мае мэтай фарміраванне такога матэрыяльнага асяроддзя чалавека, якое дазволіць яму максімальна раскрыць свае станоўчыя, з пункту гледжання грамадскай маральнасці, якасці”; ад сітуацыйна-канкрэтнага “Вызначэнне функцыянальных якасцей прамысловых вырабаў” да метафізічнага “Дызайн — гэта любоў”. Апошняе вызначэнне асабіста мне найбольш блізкае, прытым што яно з прычыны сваёй эмацыянальнасці нічога не тлумачыць і ўвогуле цягне ад канкрэтыкі замоўленай тэмы ў няўцямную сферу пачуццяў.

Проста справа ў тым, што менавіта энергія эмоцый, укладзеная ў рэчы, што выходзяць з-пад рук дызайнера, надае функцыянальным прыладам адухоўленасць, робіць іх “цёплымі”. Калі хочаце, ачалавечвае іх. У гэтым сэнсе няма розніцы паміж майстрамі Старажытнага Егіпту, Рэнесансу, эпохі Прамысловай рэвалюцыі і нашымі днямі. Скажу так: каб зрабіць самалёт, трэба найперш палюбіць неба; трэба палюбіць дом, перш чым зрабіць для яго мэблю, а сукенка атрымаецца прыгожай, калі робіш яе для каханай жанчыны. І увогуле, каб работа стала творчасцю, трэба любіць прафесію — гэта аксіёма.

Сёлета я прысутнічаў на абароне дыпломаў па амаль ўсіх спецыяльнасцях факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Што не бачыў на свае вочы, потым знайшоў у Сеціве. Такім чынам, пэўнае ўяўленне пра творчы патэнцыял маладых спецыялістаў згаданай галіны і новае папаўненне культурнай сферы я маю. Акадэмія дбае пра свой імідж, таму дыпломных работ, якія б не дацягвалі да высокіх стандартаў, выпрацаваных у гэтай ВНУ, я не бачыў. Праўда, некаторыя падаліся мне адпавядаючымі хутчэй узроўню курсавых работ, чым дыплома, але гэта суб’ектыўнае меркаванне. Даваць ацэнку асобным дыпломам — не мая справа. Гэта кампетэнцыя Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. Я ж толькі дазволю сабе выказаць меркаванне адносна некаторых тэндэнцый, што выявіліся на абароне.

Першае, што мушу адзначыць, — гэта глыбокае ўваходжанне дыпломнікаў у замоўленую тэму, грунтоўны перадпраектны аналіз сусветнай практыкі ў дадзенай галіне. Я меў магчымасць у гэтым пераканацца, бо як рэцэнзент азнаёміўся з некаторымі тлумачальнымі запіскамі да дыпломных работ. Сёння важным раздзелам тлумачальнай запіскі і дыпломнай работы ўвогуле з’яўляецца не толькі абгрунтаванне сацыяльнай значнасці, эстэтычнай каштоўнасці і канструктыўнай мэтазгоднасці праекта, але і тэхніка-эканамічны расклад: якія матэрыялы, з якімі функцыянальнымі якасцямі, у якой колькасці, якія грошы патрэбныя для рэалізацыі ідэі. Пагартаўшы такую запіску, і на праект іншымі вачыма глядзіш. За сумленнае стаўленне да працы ў такіх выпадках даруеш пэўную недавядзёнку на фінальнай стадыі. Канстатую: метадычна праца над дыпломамі на факультэце пастаўлена грунтоўна і робіцца якасна.

У гэтым сэнсе я зайздрошчу сённяшнім студэнтам. Нас у 1970-я гады вучылі інакш. Дызайн быў тады для краіны справай новаю. Ніякай зыходнай методыкі не было. Сістэму прафесійнай адукацыі ставілі, што называецца, “з колаў”, і яна непазбежна праходзіла стадыю спробаў і памылак. І студэнты, і выкладчыкі ў роўнай ступені аказаліся закладнікамі сітуацыі і ўдзельнікамі эксперыменту “на выжыванне”. Да нашых рэалій спрабавалі прыстасаваць сістэмы Вхутэмасу і “Баўхаўза”. І тая, і другая разглядалі дызайнера (мастака-канструктара) як гэткага ўніверсальнага “байца-спецназаўца”, які мусіць быць майстрам на ўсе рукі, усё ведаць і ўсё ўмець. Маўляў, ці мала што ў жыцці спатрэбіцца! У выніку я, дызайнер-графік, вывучаў інжынерную псіхалогію, тэарэтычную механіку, сапрамат, тэхналогію матэрыялаў, а на трэцім курсе ледзь не вылецеў з Тэатральна-мастацкага інстытута (!) за не здадзены ў час залік па тэхналогіі пластмас. Далася мне тады ў знакі “палімерызацыя артафталевых ангідрыдаў”… А насамрэч патрэбныя ў практыцы дызайнера-графіка асновы друкарскай справы і фотаграфіку мы пачалі вывучаць толькі бліжэй да дыплома. Ва ўмовах недастаткова распрацаванай методыкі значна бoльшую ролю, чым зараз, адыгрывалі выкладчыкі са сваім жыццёвым і прафесійным досведам. Для мяне, памятаю, вызначальным былі не палажэнні навучальнай праграмы, а менавіта меркаванні настаўнікаў. Бо гэта былі людзі, якія ўжо мелі сякі-такі практычны досвед у той галіне, куды мы, студэнты, толькі рыхтаваліся трапіць.

Сёння ж прыйшлі да таго, што дызайнера зыходна, ад першага курса, трэба вучыць як спецыяліста канкрэтнай галіны. Аб’ёмны дызайн, графічны, камунікатыўны, дызайн прадметна-прасторавага і віртуальнага асяроддзя... Такая сканцэнтраванасць дае плён, што добра відаць на прыкладзе дыпломных работ.

Асаблівасцю гэтай абароны было тое, што ў юбілейны для БДАМ год шэраг дыпломных работ як на мастацкім, так і на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рабіліся як падарункі alma mater да 70-годдзя. Сярод іх быў і анімацыйны ролік, які прэзентуе будынак БДАМ як помнік архітэктуры, і арт-аб’ект для ўнутранага дворыка Акадэміі, і праекты інтэр’ераў, і карціны, якія яго ўпрыгожылі. У гэтых праектах дыпломнікі імкнуліся спалучыць прадстаўнічасць і дэмакратызм. Мяркую, што ў большасці выпадкаў гэта атрымалася.

Праекты дызайнераў-аб’ёмшчыкаў я характарызаваў бы як аптымістычныя. Гэта перспектыўныя распрацоўкі для прадпрыемстваў беларускага машынабудавання, якія, паводле пэўных меркаванняў, перажываюць сёння складаны час. Што датычыць побытавых прылад, таксама прадстаўленых дызайнерамі-аб’ёмшчыкамі, дык яны таксама вартыя таго, каб на іх паклалі вока беларускія вытворцы.

Усе праекты дызайнераў-экспазіцыянераў з’арыентаваны на магчымую рэалізацыю. Гэта, у прыватнасці, гуллёвая дзіцячая пляцоўка ў сталічным парку Дружбы народаў, новая экспазіцыя Музея I з’езда РСДРП, дэманстрацыйны стэнд прамысловага аб’яднання “Атлант”… У кожным з пералічаных, таксама як і ў незгаданых праектах гэтага сегменту дызайна, ёсць рацыянальнае зерне. Ад дыпломнай работы, уласна кажучы, большага і не патрабуецца. Ды ўсё ж заўважу, што тая практыка, калі дызайнеры з году ў год звяртаюцца да існуючых, раскручаных брэндаў у якасці дыпломнай тэмы, не падаецца мне плённай. Абавязкова кожны год хтосьці зоймецца Цэнтральным батанічным садам, згаданым вышэй “Атлантам”, Беларускай чыгункай альбо Мінскім аўтазаводам, хаця сталічныя ўстановы, арганізацыі і прадпрыемствы і так някепска “упакаваныя” і ні ў новых брэндах, ні ў рэбрэндынгу пільнай патрэбы не маюць. Да таго ж, у кожнай такой структуры ёсць свой сталы штат дызайнераў, і яны не ўзрадуюцца, калі нехта звонку пажадае пасвіцца на іх абшары, адбіваць іхні хлеб. Так што нават вельмі ўдалая прапанова дыпломніка БДАМ у межах Мінскай кальцавой дарогі хутчэй за ўсё застанецца незаўважанай. Яе свядома праігнаруюць. А вось у регіёнах, як я пераконваўся у час камандзіровак, бракуе якаснага дызайна. Раённыя дамы культуры, краязнаўчыя музеі, музычныя фестывалі, прадпрыемствы, якім далёка да заводаў-гігантаў, але за кошт якіх існуюць малыя гарады з навакольнымі вёскамі, усе яны з задавальненнем прымуць дапамогу ад факультэта дызайна і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ. У регіёнах шанцы на рэалізацыю праектаў, пра якія я згадваў вышэй, даволі высокія.

Дызайн віртуальнага асяроддзя і тэлерэклама — гэта прафесія, народжаная тэлеэкранам і Сецівам. На сёння гэтая прастора ўяўляе з сябе даволі пярэсты ландшафт, дзе нялёгка знайсці патрэбную інфармацыю. Дыпломныя работы дызайнераў згаданых прафесій, якія я бачыў сёлета на абароне, могуць дадаць названаму ландшафту новых фарбаў, але не ўпэўнены, што паспрыяюць ягонай уладкаванасці, зручнасці для гледача, адбяруць рэйтынг у расійскіх каналаў з той прычыны, што вельмі размытае аблічча ўвогуле маюць нашы тэлебачанне і беларуская дзялянка Сеціва. Некалькі яркіх штрыхоў праблему падвышэння іміджу тут не вырашаць. Для выпраўлення сітуацыі патрэбны больш грунтоўныя захады.

Дызайнеры інтэр’ераў і мэблі спрабуюць адпавядаць амаль рэвалюцыйным зменам у нашым побыце і, галоўнае, у псіхалогіі грамады. Адкрыўшы для сябе навакольны свет, новыя пакаленні сувярэннай краіны жадаюць жыць камфортна і прыгожа, рэалізуючы няздзейсненую мару пакалення сваіх бацькоў. Эстэтыка, закладзеная ў шэрагу дыпломных праектаў па аздобе інтэр’ераў, грунтуецца, як мне падаецца, на згаданай гэданістычна-канфармісцкай платформе. Гэта правільна, бо запыт нараджае прапановы. Мусяць быць ухваленымі спробы вынаходніцтва асобнага беларускага стылю інтэр’еру і мэблі, якія я бачыў на абароне. Але беларускасць, як мне падаецца, гэта нешта большае, чым інкрустацыя саломкай, перанесеная з малых прадметаў на вялікія плоскасці.

Такім жа чынам я мог бы характарызаваць і дыпломы мадэльераў адзення. Тут імкненне адпавядаць сусветным эстэтычным стандартам спалучаецца са спантанным пошукам нацыянальнай ідэнтычнасці. Але дамінуе ўсё ж такі міжнародны стыль.

Кераміка і шкло… Калі коратка — прыгожа. Відаць, што творчая моладзь, не ігнаруючы напрацаванага папярэднікамі досведу, шукае свой адметны почырк. Пошук ёсць, пра знаходкі гаварыць цяжэй… Але напрамак акрэслены перспектыўны.

На заканчэнне — пра графічны дызайн. Гэта адна з самых папулярных у абітурыентаў і запатрабаваных у грамадстве спецыяльнасцей. Высокі конкурс пры паступленні з’яўляецца бар’ерам, пераадолець які можна толькі пры наяўнасці пэўных ведаў і навыкаў, а таксама высокай ступені матывацыі да навучання. Можа таму для гэтай кафедры звычайная з’ява, калі курсавая работа па ўзроўні цягне на дыплом. Прынамсі, у канцэптуальным сэнсе. У дыпломах часта прысутнічаюць вечныя тэмы — экалагічная і антываенная. Былі яны і зараз. Як станоўчую з’яву назаву зварот дыпломнікаў да нацыянальнай тэматыкі, імкненне адлюстроўваць беларускі змест, пазбягаючы штампаў і стэрэатыпаў. На гэтай абароне мне запомніліся ілюстраваныя беларускія прымаўкі, якія мусяць змяшчаць на кашульках, і буклеты пра Мінск ды Навагрудак, прызначаныя для турыстаў, але дасціпная форма падачы інфармацыі робіць іх цікавымі і для саміх жыхароў гэтых гарадоў.

Неяк адзін з выкладчыкаў кафедры графічнага дызайну распавядаў мне, што выхаванцы БДАМ, трапляючы за мяжу, здзіўляюць тамтэйшых працадаўцаў высокім узроўнем сваёй прафесійнай падрыхтоўкі. На прагматычным Захадзе, дзе студэнта вучаць толькі таму, што яму неабходна ведаць і ўмець, нашы выхаванцы са сваімі “залішнімі” ведамі і навыкамі выглядаюць універсаламі, мастакамі-“спецназаўцамі”, пра якіх я згадваў напачатку нататкаў. Можа лінія на выхаванне творцы-універсала, зыходна закладзеная ў сістэму нашай дызайн-адукацыі, была ўсё ж такі правільнай? Хай бы толькі гэтая ўніверсальнасць ішла на карысць менавіта нашай краіне (прыблізна палова маіх аднакурснікаў, дыпломнікаў 1979 года працуюць не ў Беларусі). У наступных выпусках працэнт “пілігрымаў” толькі павялічваўся…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"