Ініцыятывы: кулінарныя ды...

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Валерыя КЛІЦУНОВА, старшыня беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”
Сярод мэт нашай арганізацыі — спрыянне развіццю сельскага і экалагічнага турызму, яго папулярызацыя. Распрацоўваючы турыстычныя маршруты, мы імкнемся ўлічыць праявы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Праўда, не заўсёды атрымліваецца паказаць рэгіянальныя адметнасці турыстам.

/i/content/pi/cult/546/11906/5-3.jpgБывалі кліенты, якія казалі: “Можна без выпрабавання фальклорам?” Шмат рэчаў інтымных, сакральных, не ўсё пакажаш. Мы цэлую этычную праграму распрацавалі з гэтай нагоды.

Засмучае, што святары забараняюць вернікам — носьбітам нематэрыяльнай спадчыны — праводзіць абрады. Дапамагае ўнясенне элементаў у інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Людзі, якія гэтым займаюцца, хадзілі ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, каб святарам растлумачылі, што не варта забараняць спрадвечнае. Абрады — яскравыя ўзоры этнакультуры, якая ўзнікла значна раней за любую рэлігію. Дзе сканчваецца этнакультура і пачынаецца паганства — гэта вельмі этычна складаны ўнутраны момант.

Наша арганізацыя падтрымлівае шматлікія мясцовыя ініцыятывы. Імкнемся прывозіць групы на “Жаніцьбу Цярэшкі” ў Лепельскі раён, на “Мотальскія прысмакі” ў Іванаўскі. Рабілі некалькі праектаў з Дрыбінскімі шапаваламі. Распрацавалі брэнд “Краіна шапавалаў”. Адна сям’я носьбітаў традыцый шапавальства, якая стварыла аграсядзібу, наведвала нашы семінары. Каб у Дрыбінскі раён паехалі турысты на некалькі дзён, павінна быць праграма атракцый. Гаспадарам трэба вучыцца паказваць, як стрыгуць авечак, робяць сыр. Варта распрацаваць майстар-класы. Валёнкі, зразумела, адразу не навучышся рабіць, але брошачку, цацку, калі дзеці… Гэта ўсё пытанне прэзентацыі.

Цікава назіраць, як мяняюцца студэнты падчас такіх паездак. Падавалася б, яны, прадстаўнікі факультэта міжнародных адносін, не надта іх упадабаюць. Але, прыехалі ранкам у Лепельскі раён на “Жаніцьбу Цярэшкі” ды вывучылі песні, танцы. Калі ўдзень далучылася асноўная маса гасцей, ужо вучылі іх, дапамагалі арганізатарам.

Беларуская кухня — частка любога турыстычнага прадукту. У нашай арганізацыі вялікая база дадзеных аграсядзібаў, дзе можна пакаштаваць традыцыйныя стравы. Супрацоўнічаем з выкладчыкам БДУ Тадэвушам Навагродскім, які штогод праводзіць этнаграфічныя экспедыцыі разам са студэнтамі. Выдалі серыю кніг пра традыцыйныя стравы вёсак Семежава, Моталь, Тышкавічы, Гервяты, Стары Лепель. Дапамагае Аляксандр Чыкілеўскі, старшыня беларускай гільдыі павароў. Эксперыментуе, адаптуе традыцыйныя стравы да сучаснасці.

Мы зараз робім кулінарную мапу Беларусі, каб прасунуць аграсядзібы і беларускую глыбінку ўвогуле праз ежу. Сустракаюцца неверагодныя стравы, якія больш нідзе не пакаштуеце. Напрыклад, у Карэліцкім раёне на сядзібе “Свіцязянка” частуюць халадніком на бярозавым квасе з агурэчнай травой. А іншыя адметныя беларускія стравы! Поліўкі розныя, клёцкі з душамі, кашы з вясковай печы… Гэта сялянская кухня. А была ж яшчэ кухня мяшчан і магнатаў: у Радзівілаў — судак з яблыкамі, ялавічына ў вішнёвым соўсе Святаполка-Мірскага… Агромністы спектр. А ўспрымаем мы сябе, вобразна кажучы, як “Дранік-лэнд” з плакату Цэслера. Хочацца гэты стэрэатып памяняць, прааналізаваць разам з экспертамі рэгіянальную кухню. Калі з’явіцца кулінарная мапа, на ёй будуць рэцэпты. Будзе інтэрактыў — націснуў на рэцэпт — з’яўляецца адрас аграсядзібы, куды паехаць, каб пакаштаваць гэту страву і навучыцца яе гатаваць.

Імкнемся прывабіць беларускай культурай моладзь. Я выкладаю курс па турызме на факультэце міжнародных адносін БДУ. Дала неяк заданне студэнтам апытаць аднагодкаў, ці ходзяць яны ў рэстараны беларускай кухні. Аказалася, што, вядома ж, не ходзяць: маўляў гэта “адстойная”, “калгасная” ды яшчэ і нятанная справа.

Неяк мы патрапілі ў Моталь з галандскімі раварыстамі, якія хацелі зрабіць кулінарнае свята. Троху збіліся з маршруту і заехалі. Моталь я ведала, бо мне, дзяўчынцы з Мінска, у дзяцінстве замаўлялі там кажух. Адзінае месца было такое, самая прадпрымальная вёска. Галандцы ў Моталі пераночылі, сказалі: “Давайце будзем рабіць фестываль тут” — ну, і пачалося. У Моталі ёсць патомныя кілбаснікі, продкі якіх вазілі мясныя вырабы прадаваць у Варшаву. Маталяне не ведалі прыгону, бо жылі ў мястэчку з Магдэбургскім правам. Калгас тут узнік толькі ў 1956 годзе. Людзі заўсёды былі прадпрымальнымі, і гэта ў народзе захавалася.

Першы фэст “Мотальскія прысмакі” быў вельмі цікавым. Рабілі конкурс сярод бабуль, збіралі рэцэпты. Кожная яшчэ афармляла сваё “конкурснае” месца. За адну ноч з дапамогай мясцовай адміністрацыі нарабілі саламяных альтанак, налілі вады ў закінуты фантан, запусцілі карпаў… Бабулі не проста вынеслі стравы, а накрылі сталы абрусамі ўласнага вырабу, усё расклалі ў традыцыйны посуд. Галандцы прывезлі рэдактара часопіса “Бульён”, які часта судзіць кулінарныя спаборніцтвы ў Заходняй Еўропе. Аказалася, што праца кулінарнага журы вельмі складаная: трэба было раскладаць на інгрыдыенты, соль, цукар… Гэта і праўда трэба судзіць прафесійна. Дарэчы, для галандцаў некаторыя беларускія стравы — цяжкія.

Пасля таго фэст ладзілі штогод, уцягнуліся. Летась зрабілі перапынак, летнік рамёстваў. У Моталі сталі адчыняць аграсядзібы, іх ужо пяць. У раёне шмат фальклорных гуртоў, цікавы музей у Моталі, а калгас пабудаваў гатэль.

Падсумоўваючы, магу сказаць, што наша грамадская арганізацыя падтрымлівае праявы лакальнай этнакультуры і папулярызуе іх.

(Рэпартаж з сёлетніх “Мотальскіх прысмакаў” — у наступных нумарах “К”.)

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"