Кінадворык у Гістарычным

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Ліна МЯДЗВЕДЗЕВА, каардынатар фестывалю "Cinema Perpetuum mobile”
Айчынныя кінарэжысёры вельмі трапятліва ставяцца да сваёй працы, але часта не ведаюць, што рабіць з выніковым прадуктам.

/i/content/pi/cult/546/11904/5-1.jpgКанешне, пачынаючым творцам хочацца, каб стужка дайшла да гледача, але ейным пракатным лёсам яны практычна не цікавяцца, не імкнуцца ўспрымаць карціну з пункта глеждання прадзюсара ці пракатчыка. Часта даводзіцца, так бы мовіць, бегаць за аўтарам, “выпрошваць” работу. Але патрачаны час варты таго: у выніку шырокая аўдыторыя чуе новыя імёны айчынага экраннага мастацтва, а самі пачаткоўцы ўжывую бачаць сваю патэнцыйную аўдыторыю.

На першы план мы ставім асветніцкую мэту. “БелКінаЛета” — адзін з праектаў некамерцыйнага міжнароднага фестывалю “Cinema Perpetuum mobile”. За чатыры гады мы прайшлі да таго, што можам прадставіць на вялікіх экранах карціны айчынных рэжысёраў. Сёння мы маем мікс: побач з непрафесійнымі рэжысёрамі ў нашых праграмах задзейнічаны работы прафесійных пачаткоўцаў. Сярод аўтараў сустракаюцца тыя, хто скончыў БДАМ, хто яшчэ не давучыўся, але працягвае здымаць кіно. Ёсць і кінамастакі, якія, наадварот, адчулі, што ім не хапае ведаў і пайшлі у вучэльню, каб з аматараў стаць прафесіяналамі.

Сёлета ў “Cinema Perpetuum mobile” была асобная конкурсная беларуская праграма. Некаторыя айчынныя стужкі ўвайшлі ў міжнародныя праграмы дакументальнага (“Валацужка Юрык” Дар’і Андрыянавай), ігравога (“Вартаўнік” Віктара Красоўскага) і эксперыментальнага кіно. Шкада было, што гледачоў прыйшло не так багата, як чакалася. Каб пашырыць кола прыхільнікаў маладога айчыннага кіно, мы вырашылі ўлетку правесці рэтраспектыву беларускіх праграм.

Нацыянальны гістарычны музей, з адміністрацыяй якога мы неаднойчы супрацоўнічалі, прапанаваў цікавы фармат: праводзіць кінапаказы... на свежым паветры — ва ўнутраным дворыку музея! Мы дадалі ў канцэпцыю грамадскія абмеркаванні з рэжысёрамі найбольш дыскусійных работ. Нам хацелася менавіта інтэрактыву, каб людзі не толькі глядзелі карціны, але маглі пагутарыць з непасрэднымі ўдзельнікамі кінапрацэсу.

У дворыку Гістарычнага музея склалася цудоўная нефармальная атмасфера. Частка публікі месціцца на крэслах, астатнія прыходзяць са сваімі турыстычнымі дыванкамі, коўдрамі і размяшчаюцца на вялізнай сцэне. Фармат кінематаграфічнага опен-эйра дазваляе прыходзіць і сыходзіць у любы момант, выйсці за кавай і вярнуцца да прагляду. Такі варыянт кінавідовішчаў зараз надзвычай папулярны ў Еўропе. Цякучка пастаянная, але зала паўнюткая ды колькасць наведвальнікаў за адзін сеанс большая, чым на стандартным паказе, куды нельга спазняцца. Зрэшты, у кінадворык акрамя звычайнай публікі прыходзіць шмат кіношнікаў. Творчыя людзі часта існуюць паасобку, не ведаюць адзін аднаго. Мы ў нейкім сэнсе аб’ядноўваем кінематаграфічную моладзь, фарміруем сваеасаблівае прафесійнае асяроддзе.

Да кінасустрэч на свежым паветры мы падрыхтавалі караткаметражкі, што былі сёлета і летась у конкурснай і пазаконкурснай праграмах праекта “Cinema Perpetuum mobile”. А таксама тры рэтраспектывы беларускіх рэжысёраў: “ігравіка”, выпускніка Варшаўскай кінашколы Сяргея Каласоўскага, дакументаліста Ігара Чышчэні і кінааматара Нікіты Лаўрэцкага. Апошні, дарэчы, у гэтым годзе перамог у конкурснай фестывальнай праграме са стужкай “Дзень народзінаў у Мінску”.

Праект фінішуе ў першы тыдзень восені. Да яго заканчэння, у Дзень ведаў, мы правядзем “Вiкiфікацыю”. Падобная акцыя адбудзецца ў другі раз, першая праходзіла ў рамках "Cinema Perpetuum mobile”. Справа ў тым, у што сусветным Сеціве амаль няма звестак пра айчыннае экраннае мастацтва. Так, існуе шыкоўны даведнік “Усе фільмы” і чатырохтомнік па гісторыі беларускага кіно, але хацелася б мець, напрыклад, і іх алічбаваныя версіі... Мы пачалі з простага: запрасілі спецыялістаў і праграмістаў, каб тыя навучылі ўсіх жадаючых ствараць старонкі пра беларускаю кінатворчасць у сусветна вядомай сеткавай энцыклапедыі.

Добра ці дрэнна, але тэндэнцыя цяпер такая: для моладзі асноўнай крыніцай інфармацыі становіцца Інтэрнэт, таму неабходна, каб абавязкова з’яўляліся е-старонкі пра айчынныя фільмы, знакавыя творчыя кінапостаці і іх маладых прадаўжальнікаў. Вельмі хочацца, каб імёны нашых кінематаграфістаў былі на слыху ў розных пакаленняў суайчыннікаў. Спадзяюся, нашы акцыі стануць добрымі прыступкамі да гэтага.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"