У пошуках “эліксіра маладосці”

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

2015-ы, аб’яўлены Годам моладзі, паставіў у асаблівае становішча тыя тэатры, у самой назве якіх фігуруе моладзь. Што ж у тых тэатрах “маладзёжнага”? І як клапоцяцца пра маладзёжную аўдыторыю ў іншых тэатрах — да прыкладу, у Новым драматычным?

Маладосць… бальзакаўскага ўзросту?

У Маладзёжным тэатры эстрады трупа сапраўды маладзёжная. А вось рэпертуар, мякка кажучы, своеасаблівы — пераважна, шоу, разлічаныя на самых непатрабавальных гледачоў. Колькасць дэцыбел такая, быццам на танцполе дзесьці ў полі. Моладзь у зале ўбачыць можна. Але гэта не тыя “прасунутыя” юнакі ды дзяўчаты, якія цікавяцца ўсім новым у мастацтве. І хаця тыя ж прэтэнзіі да грубага, неінтэлігентнага гумару можна прад’явіць практычна ўсім спектаклям тэатра, у афішы і дагэтуль вылучаецца “Мікітаў лапаць — “руками не лапать”, бо тут ёсць хаця б нацыяльная аснова — п’еса Міхася Чарота (якая, праўда, для большай “сучаснасці” і гумару, ідзе на трасянцы). І вельмі добрая пластыка, якая не дае магчымасці адчуць сябе ў машыне часу з адзінай функцыяй — назад.

Але ж як змяняецца кантынгент публікі на некаторых "гасцявых" спектаклях! Дастаткова ўзгадаць хаця б тэатральна-асветніцкі праект Паўла Харланчука "Біблія Радзівіла", які выклікаў такі аншлаг, што давялося трансляваць пастаноўку он-лайн у Інтэрнэце. Можа, падобныя "госці" паўплываюць і на асноўную афішу Тэатра эстрады?

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр успрымаецца “музейным”, ледзь заходзіш у залу, аздобленую спалучэннем мармуру, золата і барвовага аксаміту — усё з прыстаўкай “псеўда” для эканоміі сродкаў. Ну проста Вялікі тэатр у версіі эканомкласа! Вядома, усё гэта планавалася яшчэ да таго, як узнікла ідэя перадаць адрамантаваны будынак тэатру, сама назва якога патрабуе адпаведнага інтэр’ера. Ды ўсё ж і на цяперашнім этапе, запрасіўшы таленавітага дызайнера і паставіўшы перад ім умову нічога не разбураць (эклектыка — адна з модных тэндэнцый), можна было б дапоўніць атмасферу хаця б намёкам калі не на “экстрым”, дык хаця б на сучаснае пераасэнсаванне мінулага замест урачыстага “настальжы”.

У рэпертуары тэатра пачалі з’яўляцца першыя маладзёжныя парасткі — пакуль больш у зваротах да класікі (“Беспасажніца”, “Чэхаў. Камедыя. Чайка”) і з запрашэннем расійскіх рэжысёраў... Дадамо, што падзел на спектаклі маладзёжныя і не — дастаткова ўмоўны, пра што не стамляюцца згадваць, да прыкладу, арганізатары Міжнароднага маладзёжнага форуму “М@rtКантакт” у Магілёве. Ды ўсё ж, пагадзіцеся, маладзёжнасць больш асацыюецца з эксперыментам, маладым задорам, творчым “хуліганствам” — чымсьці новым, крэатыўным, а не замшэлым.

Не стала суперздабыткам “Сіняя птушка”, прэм’ерай якой адкрыўся адноўлены будынак ТЮГа. Можа, гэта было звязана менавіта з пераездам і зразумелым жаданнем паказаць усе тэхнічныя магчымасці “наварочанай” сцэны? Але відовішчнасць, “карнавальнасць” (усё роўна ніякі тэатр не перасягне тут кіно і камп’ютар) засланілі ў спектаклі думку. Дакладней, звялі ўсё філасофска-сімвалічнае багацце, усю прытчавасць п’есы да банальнага выслоўя: “шчасце — побач”. Яно і сапраўды побач, але каб убачыць, што “хатняя” птушка сіняя, а не звыкла шэрая, героям трэба было прайсці ўвесь той шлях выпрабаванняў. І зразумець, што шукаць “птушку шчасця” трэба заўжды, бо як толькі супакойваешся, што яе злавіў, яна знікае. А можа, новае ўвасабленне п’есы М.Метэрлінка (як тут не ўзгадаць ранейшы “маленькі шэдэўр” — у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек!) скіравана менавіта да новага пакалення, якое развучылася думаць?..

Затое менавіта гэтаму — думаць, аналізаваць, асэнсоўваць чалавечыя ўчынкі і саму гісторыю — вучаць у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры. Асаблівы плён у выхаванні падлеткаў прынесла пастаноўка “СвиДЕТИли” паводле С.Алексіевіч, прысвечаная Вялікай Айчыннай.

Пра маладзёжную аўдыторыю пачалі задумвацца (праўда, з рознай інтэнсіўнасцю і з самымі супярэчлівымі вынікамі) і ў іншых тэатрах. Ды ўсё ж адным з самых “маладзёжных па духу” застаецца Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, каталізатарам “амалажэння” ў якім выступае Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры. А флагманам маладзёжнасці, калі пад ёй разумець не толькі эксперыментальнасць, а яшчэ і высокі эстэтычны ўзровень міжнароднага маштабу, — лепшыя спектаклі адразу некалькіх лялечных тэатраў краіны. Нельга не згадаць і “ТэАРТ” — не толькі як Міжнародны форум, але і найперш як арт-карпарацыю, якая цягам не адно фестывальных дзён, а ўсяго года ладзіць разнастайныя эксперыментальныя праекты.

Тэатр + навучэнцы

Адным з самых маладзёжных з’яўляецца спектакль “Як я стаў…” у Новым драматычным тэатры, скіраваны на балючыя (асабліва ў юнацтве) тэмы кахання і здрады і цалкам вырашаны (што па драматургічным матэрыяле, што па яго ўвасабленні) на сучаснай мове, блізкай і зразумелай моладзі. Пастаноўка ўжо стала “хітом”, асабліва сярод старшакласнікаў. І справа не толькі ў ёй. У гэтым тэатры, як і ва ўсіх іншых, хапае пастановак “розных і… слабых” (лічы, састарэлых). Але галоўны адміністратар тэатра Аляксандр Хает даўно, прычым з зайздросным пастаянствам, дбае пра абнаўленне глядацкіх пакаленняў. Пры творчым калектыве існуе клуб “Сябры Новага тэатра”. Стаўка робіцца найперш на старшакласнікаў, студэнцкую аўдыторыю. У гэтым ёсць рацыя, бо праз некалькі гадоў, стварыўшы ўласныя сем’і, тая моладзь прыйдзе ў тэатр са сваімі дзецьмі.

Каб прыцягнуць адпаведную аўдыторыю, тэатр шчыльна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі. Але прапануе ім не звыклыя “культпаходы”, а, да прыкладу, конкурс на лепшае эсе, якое будзе залічана ў вучэбным працэсе, паўплываўшы на выніковую адзнаку, а таксама зможа прынесці аўтару бонус ад самога тэатра — запрашальнік. Так, у мінулым сезоне пачалося доўгатэрміновае супрацоўніцтва тэатра з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М.Танка. Разлік вельмі просты: у сілу спецыфікі сваёй будучай прафесіі, цяперашнія студэнты-тэатралы праз некалькі гадоў прывядуць у тэатр цэлыя класы. І не дзеля “птушачкі”, а з папярэдняй падрыхтоўкай маленькіх гледачоў да таго ці іншага спектакля.

Цягам некалькіх месяцаў выкладчыкі ўніверсітэта мэтанакіравана праглядалі ўсе спектаклі рэпертуару і спынілі свой выбар на “Каралеве прыгажосці” М.МакДонаха, палічыўшы гэту пастаноўку своеасаблівым “метадычным дапаможнікам” па псіхалогіі. Пасля таго “закрытага” прагляду, квіткі на які былі выкуплены ўніверсітэтам, адбылася сустрэча з артыстамі, кожны з якіх падзяліўся з гледачамі сваім успрыманнем герояў і ўзаемаадносін паміж імі. Нарэшце, з’явіліся эсе, і педагогі вызначылі лепшыя работы: Вікторыі Кетрыс, Настассі Парманчук, Настассі Рубан, Кацярыны Котавай.

Ужо сёння ў тэатра ёсць новы праект — не проста на наступны сезон, а на ўвесь 2016 год: пяць дзіцячых (дакладней, сямейных) спектакляў з вызначанымі датамі іх правядзення і “лекцыйнымі” тэмамі, якія будуць суправаджаць кожны прагляд. Усё гэта названа тэатральна-асветніцкай цыклавой праграмай “Чароўны свет тэатра”, абанементы на якую пачнуць распаўсюджваць з верасня.

Ды ўсё ж давядзецца крыху разбавіць гэтыя пераможныя ноткі дробкай скептыцызму. Сама ідэя — папросту шыкоўная. Кульгае хіба яе ўвасабленне. Цалкам зразумела, чаму педуніверсітэт абраў менавіта “Каралеву прыгажосці”: у аснове п’есы — канфлікт маці і дачкі, дзе кожны адначасова і абвінавачаны і пацярпелы. Але ж як данесена гэта складаная тэма ў спектаклі?

Калісьці Новы драматычны быў першым у Беларусі тэатрам, які адкрыў нашай публіцы не толькі ўласна гэту п’есу, але і саму постаць яе знакамітага аўтара. Вось толькі, у адпаведнасці з нашай ментальнасцю, у пастаноўцы крыху перароблены фінал: дачка не забівае маці качаргой, тая памірае сваёй смерцю. За гады, што мінулі з прэм’еры, спектакль не мог не змяніцца, а тым больш, у адсутнасці рэжысёра, які яго ставіў. Гледзячы пастаноўку разам з аўтарамі будучых эсе, я лавіла сябе на думцы, што на іх месцы наўрад ці справілася б з заданнем. Бо артысты, пры ўсёй іх адданасці, у кожнай наступнай сцэне ігралі пэўную эмоцыю, не асабліва задумваючыся, чаму іх герой дзейнічае менавіта так, а не іначай. Пры адсутнасці ўнутранай логікі паводзін абсалютна ўсе персанажы ўспрымаліся рэальнымі ці патэнцыйнымі пацыентамі псіхіатрычнай клінікі. Мэг нагадвала казачную Бабу Ягу з псіхалогіяй пяцігадовага свавольніка, яе саракагадовая дачка Морын — неўраўнаважанага падлетка. Яшчэ большым вар’ятам, а зусім не закаханым, успрымаўся Пата. Хіба яго дваццацігадовы брат Рэй цягам усяго спектакля заставаўся свядомым сімвалам новага цынічнага пакалення.

А што ж убачылі ва ўсім гэтым студэнты? Адна з дзяўчын пабудавала “праекцыю” адлюстраванай у п’есе сітуацыі на сваё асабістае жыццё і прыйшла да высновы, што ва ўсім вінавата “хітрая бабуля”. У адным з водгукаў быў такі публіцыстычны канчатак: “Калі мы звяртаем увагу на нашы адрозненні адно ад аднаго — мы аддаляемся, становімся адзінокімі. Калі на першы план мы выносім наша падабенства — мы становімся адным цэлым. У адзінстве наша сіла. У адзінстве — наша мужнасць быць”. Усё быццам правільна і педагагічна, але што тады рабіць з “не такімі, як усе” — іншымі словамі, з чалавечай індывідуальнасцю? Яшчэ ў адным з эсе (і, дарэчы, у пытаннях з залы ў час абмеркавання) Морын упарта называлася Лорын, хаця на спектаклі і праграмкі раздаваліся бясплатна, і п’есу знайсці ў інтэрнэце не праблема. Цікава, што ніхто з аўтараў не адзначыў супярэчлівасці мужчынскіх вобразаў, усе гаварылі хіба пра каханне да магілы. Але ж ці было яно насамрэч?

Цудоўна, калі спектакль вымусіў задумацца. Але з пункту гледжання псіхалогіі (а менавіта з гэтай дысцыплінай было звязана наведванне тэатра) можна было чакаць больш глыбокага аналізу, а не проста канстатацыі “вайны” між маці і дачкой. Магчыма, у будучым з’явяцца і іншыя формы вывучэння псіхалогіі на прыкладзе тэатральных вобразаў. У прыватнасці, карысным было б параўнанне п’есы са спектаклем (для пачатку — не такіх складаных, як згаданыя вышэй). Яшчэ больш цікавым — параўнанне некалькіх пастановак паводле аднаго літаратурнага матэрыялу, тым больш што сталічныя тэатры даюць такую магчымасць.

Відавочна адно: падобнае супрацоўніцтва тэатра з навучальнымі ўстановамі, наяўнасць у тэатры чагосьці накшталт “клуба аматараў” (і, натуральна, заўсёднікаў) надзвычай перспектыўныя. Было б жаданне! Як з боку тэатраў, так і з боку саміх навучальных устаноў, якія маглі б самі звяртацца ў тэатры са сваімі ініцыятывамі. Бо калі мы сёння не выхаваем дасведчанага, удумлівага тэатральнага “спажыўца”, дык заўтра ўсім творчым калектывам, дбаючы пра касу, давядзецца ставіць толькі сумнеўныя шоу. Ці, калі ў іх будуць з’яўляцца папраўдзе высокагустоўныя сучасныя пастаноўкі, шукаць “пакупнікоў” выключна ў заходнім замежжы. Гэтыя працэсы, між іншым, ужо пачаліся…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"