Мала мець проста брэнд…

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

У каторы раз хочацца выказацца пра стварэнне і выкарыстанне культурных брэндаў. Ці не кожны айчынны горад ды нават старадаўняе мястэчка маюць сваю “фішку”. Вось толькі адны з года ў год яе “раскручваюць”, у той час як другія або саромяцца нечага, або робяць мерапрыемства не для публікі, а для славутай “галачкі”.

/i/content/pi/cult/546/11902/4-33.jpgНапрыканцы ліпеня ў Віцебску прэзентавалі праект “Вясельная феерыя “Закаханыя над горадам”. Як можна здагадацца з назвы, праект прысвечаны Марку Шагалу, а калі быць дакладней, 100-гадоваму юбілею шлюба мастака і ягонай музы Бэлы Розенфельд. Але якая б назва ні была, ці не кожны арт-праект у горадзе так ці іначай звязаны з ягоным пазнавальным брэндам. Вось і цяпер рэалізацыя праекта была падтрымана Віцебскім гарвыканкамам, як адзначалася арганізатарамі, “у мэтах турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці горада”. І такая стаўка апраўдала сябе, бо нават фінансаванне мерапрыемства па правядзенні культурнага праекта ажыццяўлялася выключна за кошт спонсарскіх паступленняў і дабрачыннай дапамогі. А яшчэ зусім не лішнімі былі сродкі, заробленыя ўстановамі культуры горада пад час самога мерапрыемства, якія такім чынам папоўнілі іх пазабюджэт.

Калі глядзець аб’ектыўна, то нічога звышнатуральнага ў межах праекта не адбылося. Тым не менш добра раскручанае свята з тэатралізаванай дэманстрацыяй абраду яўрэйскага шлюбу хупа прайшло пры вялікім натоўпе гасцей і журналістаў. Формула поспеху вымалёўваецца бездакорная: адметны брэнд плюс крэатыўнасць, памножаныя на працавітасць работнікаў культуры, дадалі ў суме прэстыжу для горада і вобласці ды вызначыліся немалым грашовым прыбыткам.

Немалаважны момант, які трэба ўлічваць арганізатарам падчас раскруткі сваіх брэндаў, — праца са спонсарамі. Завяршыліся святкаванні 100-годдзя вяселля Шагала ў Тэатры імя Якуба Коласа, дзе адбылася цырымонія ўзнагароджання партнёраў і спонсараў культурнага праекта. Так-так, менавіта ўшанаваннем тых людзей, дзякуючы фінансаванню якіх свята адбылося. Часам на гэта ў раёнах забываюцца, а пасля здзіўляюцца, чаму гэта спонсары да іх ідуць з неахвотай. Калі ўвогуле ідуць.

Яшчэ адзін цікавы арт-праект, які з гонарам паказваю сваім замежным гасцям, дзейнічае ў цэнтры Мінска і прысвечаны выдатнаму мастаку Міколу Селешчуку. Рэпрадукцыі ягоных карцін выстаўлены пад адкрытым небам на плошчы Якуба Коласа. Але чаму б не зрабіць нешта падобнае, крэатыўнае на малой радзіме мастака, у Маларыце? З тэатралізаванай дзеяй, жывым музычным суправаджэннем. Думаецца, праект пад умоўнай назвай “Музычнае ўспрыняцце жывапісу” зацікавіў бы многіх. А той жа Язэп Драздовіч! Глыбокае і Шаркаўшчына не могуць падзяліць ягоную спадчыну, але разам з тым не здольныя пакуль інтэрактыўна, з размахам прадставіць творчасць мастака, ажывіўшы, прыкладам, ягоную касмічную тэматыку на гарадскіх вуліцах.

Зразумела, што не толькі начальнікі аддзелаў і упраўленняў павінны ініцыяваць і распрацоўваць мерапрыемствы, падобныя да віцебскага. Без метадычнай і рэжысёрскай падтрымкі тут ніяк не абысціся. І калі метадысты ў раёнах маюцца, то з рэжысёрамі — сапраўдная праблема. Мо варта заснаваць з гэтай нагоды хаця б універсітэцкі конкурс на сцэнарый і правядзенне лепшага мерапрыемства культуры? Бо сустракаюцца і такія прыклады. Некалькі гадоў таму давялося папрысутнічаць на святкаванні 100-годдзя першай сустрэчы двух нашых класікаў — Якуба Коласа і Янкі Купалы — на хутары Смольня. Святкаванне ўяўляла з сябе экскурсію для групы музейшчыкаў з Расіі па мясцінах, звязаную з жыццём і творчасцю Канстанціна Міцкевіча, выступленне некалькіх мясцовых музычных калектываў і адмысловую дэгустацыю старадаўніх вясковых прысмакаў. А чаму б не зрабіць з гэтага юбілею масавае, інтэрактыўнае раённае свята? Пытанне, на жаль, пакуль без адказу. Ну а ўзровень шэрагу літаратурных святаў у нашай краіне, якія праводзяцца з года ў год як пад капірку па пэўным шаблоне. Тым не менш, грошы з бюджэту на такія імпрэзы выдаткоўваюцца. Вось толькі розгаласу пра іх не пачуеш, не сустрэнеш на іх і арміі турыстаў.

Застаецца спадзявацца, што на чарговым Дні беларускага пісьменства, што сёлета пройдзе ў Шчучыне, менавіта цікавая праграма, а не павільёны з шашлыкамі, будуць прыцягваць увагу аматараў айчыннай літаратуры і не толькі яе.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"