Практыкі асэнсавання Багдановіча

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Куратар — Аляксей Барысёнак, архітэктар — Наталля Гарачая, дызайнер — Сяргей Шабохін... Калектыў з 14 мастакоў, каманда аўтараў тэкстаў… У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча праходзіць выстаўка пад назвай “Усё, што цвёрдае, растае ў паветры”. Гэты праект, рэалізаваны ў рамках конкурсу “Арт-сац-лаб”, звяртае на сябе ўвагу па многіх параметрах. Ад канцэпцыі — да яе ўвасаблення: перад намі, бадай, адна з самых яскравых выставак сучаснага мастацтва за апошні год.

/i/content/pi/cult/546/11900/8-3.jpgІ ў цэнтры яе — фігура Багдановіча, ці, дакладней, дыскурс паэта, які развіў канон рамантычнай паэзіі ў беларускай літаратуры. Перанясі выстаўку ў іншае месца, і яна згубіць сваё сэрца. Тут можна толькі ўхваліць адкрытасць культурнай інстытуцыі за тое, што ў перыяд рэканструкцыі яна рашылася на падобнага кшталту “інтэрвенцыю”. Не варта бачыць у творах мастакоў развянчанне асобы паэта і публіцыста, бо гэта іх развагі над тым, як трансфармаваліся ў сучасным грамадстве ідэі рамантызму, апетыя беларускім класікам.

“Адзінота, сімвалічнасць прыроды і гарадской прасторы, рамантычныя адносіны з жанчынай, любоў да Радзімы …” — асноўныя “маякі” паэзіі Максіма Багдановіча. У мастацкіх работах яны “мігцяць” новымі сэнсамі. Дык што значыць быць лірычным героем-адзіночкай у часы, калі, як вядома, “аўтар памёр”? Як эксплуатуюцца рамантычныя стасункі ў сучаснай культуры спажывання? Дзе сёння палягае мяжа паміж прыватным і публічным? Як яна рэгламентуецца? “Рэвізіі” падвяргаецца не толькі сам музей, як месца захавання і канструявання памяці аб беларускім класіку — а ўстанова, дарэчы, перажывае не лепшыя часы, — але і ідэалы рамантызму ХІХ стагодззя. Яны ў ХХІ веку атрымліваюць зусім іншыя кантэкст і ўвасабленне.

Рамантыка і радзіма

Да прыкладу, Аляксей Навумчык і Антон Сарокін у сваёй рабоце “Love stock” выкрываюць стэрэатыпы масавага густу ў візуалізацыі вобраза закаханых. У лічбавым банку фотавыяў мастакі набылі фатаграфію, якая ўтрымлівае ўсе неабходныя для падобнай карцінкі маркеры — маладая пара, гарадскі пейзаж, закаханыя, добрае надвор’е… На абстракным мосце ў гарадскім атачэнні абстрактная пара мілуецца ў перадвячэрні час — так выглядае тая бесклапотная выява. Але яе ўжыванне дакладна рэгламентуецца адмысловай дамовай на выкарыстанне файла, якую заключылі мастакі. Дык якім жа чынам файл ператвараецца ў прадукт, а каханне — у тавар? Вось гэты, прыведзены ў экспазіцыі дакумент, бадай, саркастычны прыклад таго, як эканамічныя варункі рэгламентуюць рамантычныя адносіны, а каханне — далёка не такое нейтральнае паняцце, як часам мы прызвычаіліся меркаваць.

Ці яшчэ адзін цікавы прыклад.

Алена Гайдук і яе работа “Без назвы”, што дасылае да такога галоўнага “маяка” творчасці Багдановіча як тэма радзімы. Месца, цалкам канкрэтнае і адчувальнае, асмелюся сказаць, што для паэта радзіма была і краем далёкім, запаветным, нястачу якой ён адчуваў увесь час. Інсталяцыя ўмоўнага памежнага слупа і “міфічнай зорнай мапы”, што ўяўляе з сябе нішто іншае як дыяграму міграцыйных плыняў у Рэспубліку Беларусь і з яе — выдатная нагода паразважаць над тым, што сёння ёсць радзіма ў сучасным глабальным свеце. Ці вымяраецца гэтае паняцце рамкамі тэрыторыі? Што ёсць выхадам за яе межы? І дзе палягаюць нашы ўнутраныя межы, якія прымушаюць нас утрымлівацца ў межах знешніх? Гэтыя пытанні — адны з нямногіх, што правакуе, здаецца, даволі простая работа Алены, якая ўтрымлівае складаную метафару “зорнага неба”, зрухаў у людской свядомасці і іх вынікаў.

Гісторыя і сучаснасць

Безумоўным сэнсавым “цвіком“ выстаўкі сталася інсталяцыя Сяргея Шабохіна “ST()RE”, у якой мастак працуе з непасрэдным “месцам дзеяння” — музеем. У цэнтры яе — элементы былой экспазцыі, зробленай мастаком-афарміцелем Эдуардам Агуновічам. Пліты мармуру, якія так і не былі скарыстаны для запланаванай, але не зробленай залы, ажурныя рашоткі для вокнаў, архіўныя аб’екты, выразкі з газет, “хворыя” кнігі Максіма Багдановіча — усё гэта знайшло “вечны спакой” у цэнтры залы ў форме вялізнай пліты, дасылаючы да розных канатацый. Але, “… гіганцкія макі на могілках даюць самы лепшы опіўм” — узнаўляе цытату Джеймса Джойса Сяргей Шабохін; і гэта — яшчэ адзін ключ-метафара “прарастання новых сэнсаў”, які супрацьстаіць забыццю і абыякавасці.

Цікава, што элементы архітэктурнага аздаблення, якія варта чытаць і як знак эпохі, становяцца прасторай для выказвання яшчэ адной мастачкі — Вольгі Сасноўскай. Вялізныя палотны з ляпнінай і з нанесенымі на іх цытатамі з вядомых твораў класіка, мастачка выкарыстоўвае як “экраны” для відэа. Вольга гэтаксама працуе і са зместам цытуемых твораў — вершам “Пагоня” і паэмай “Страцім-лебедзь” — дакладней, з абліччамі мужчынскага і жаночага, пазначанага ў іх. Што стаіць за гэтымі пазіцыямі, якія ў сучасным грамадстве спрашчаюцца да “прыгожай” (жанчыны) і “моцнага” (мужчыны)? Якія іх візуальныя абліччы дамінуюць у сучаснай культуры? Двухканальная інсталяцыя Вольгі ператварае прастору залы ў “поле бітвы”, дзе медыйныя выявы выкрываюць адна адну і праяўляць актыўны працэс абязлічвання фігур, якія страцілі глебу паэтычнасці, паўнавартасці і рэальнасці.

Каханне і капітал

Абавязковы “хіт” выстаўкі — відэа “КаханнеЗолата” калектыву мастачак Бюро Меладраматычных Даследаванняў з Румыніі — яшчэ адзін яскравы прыклад працы з ідэаламі рамантызму. У фармаце дасціпнага кулінарнага шоу, цытуючы адначасова Мадонну і Спінозу, дзяўчаты літаральна “на пальцах” паказваюць механізм “пранікнення капіталу ў сферу пачуццёвага”. Праводзячы паралель паміж каханнем і золатам, што сёння “пераплавіліся” ў адну субстанцыю, атаясамліваючы паспяховасць сучасніка, Ірына Георге і Аліна Попа прапануюць публіцы паставіцца да рамантычных пачуццяў з пэўнай доляй... спакою. Не як да “адухоўленага тавару”, якімі яны сталі ў капіталістычным грамадстве, а як да “абдымкаў нечаканага”, што нясе ў сабе значна больш магчымасцяў. Адмовіцца ад гатовых рэцэптаў — вось выйсце, што мусіць “разбіць” оптыку матэрыяльнай скіраванасці сучаснага грамадства. І гэты выснова дае сапраўдны спадзеў на ўласны шлях і здаровае пачуццё цвярозасці ў сучасных варунках.

Але ж вернемся да беларускага класіка. Мяркую, што гэта самае выслоўе пра адмаўленне гатовых рэцэптаў, выдатна пасуе да самой выстаўкі, якая ўвасобіла крытычны і дасціпны падыход да звыклых рэчаў і атачэння. Адзінае, што можна далучыць да ейных недахопаў — гэта тая тэарэтычная нагрувашчанасць, якая патрабуе ад сярэдняга наведвальніка пэўных высілкаў, каб дабрацца да сутнасці.

З іншага боку, а чаму паняцце капіталу і біяпалітыкі павінна быць закрытым для таго самага сучасніка? І, перафразуючы назву выстаўкі “Усё, што цвёрдае, растае ў паветры” (яна, нагадаю, з’яўляецца цытатай з “Маніфеста камуністычнай партыі” К.Маркса і Ф.Энгельса), магу дазволіць сабе такую выснову: а чаму, сапраўды, усё, што з’яўляецца складаным, мусіць быць спрошчана?

Ёсць і такія практыкі асэнсавання Багдановіча — і гэта выдатна.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"