Папялушка-беларусачка

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Для фестывалю — усё самае лепшае! Пэўна, такой думкі прытрымліваліся ў Беларускім тэатры “Лялька”, калі ў праграму сёлетняга “Лялечнага квартала” на “Славянскім базары ў Віцебску” ўключылі, акрамя штогод бяспройгрышных “Брэменскіх музыкаў”, яшчэ і сваю нядаўнюю прэм’еру — казку Ш.Перо “Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі”. Гэтым жа спектаклем тэатр завяршаў 29-ы сезон.

/i/content/pi/cult/546/11899/8-2.jpgЛялечныя спектаклі для дзяцей, пастаўленыя ў нас апошнім часам, знаходзяцца быццам на двух полюсах. На адным — цалкам традыцыйныя пастаноўкі, разлічаныя хіба на тых, хто нічога раней не бачыў і ў тэатры ўвогуле ўпершыню. На другім полюсе — адметныя творчыя эксперыменты, не заўсёды, на жаль, зразумелыя дзецям. Спектаклі, разлічаныя на сямейныя прагляды і папраўдзе цікавыя не толькі дзецям розных узростаў, але і іх бацькам ды бабулям-дзядулям, узнікаюць хутчэй як выключэнне. Тым больш прыемна, што чарговым такім “выключэннем” стала віцебская “Папялушка”.

Адметнасць пастаноўкі, ажыццёўленай мастацкім кіраўніком тэатра Віктарам Клімчуком, — гэта зварот да эпохі Людовіка ХІV, сучаснікам якога быў і Шарль Перо. Барочная атмасфера ствараецца яшчэ да пачатку спектакля — праз два крэслы з музычнымі інструментамі, выстаўленыя на авансцэне (сцэнаграфія Алеся Сідарава). Не парушаецца яна і з пачаткам дзеі, і гэтаму спрыяюць сцэнічныя строі (лялькі і касцюмы — Ганны Сідаравай), пластыка артыстаў, стылізацыя тагачаснай музыкі і сам прынцып камернага музіцыравання (спалучэнне лютні, дзвюх флейт, скрыпкі), распаўсюджаны тады пры каралеўскім двары. Дый у сюжэтнай канве ёсць невялічкая спасылка на арыгінальны, не парушаны шматлікімі далейшымі інтэрпрэтацыямі змест. Хаця і выкрэслена ўласцівая казкам Перо павучальна класіцысцкая мараль (вершаваныя радкі пра тое, што хросныя бацькі бываюць нават лепшымі за родных генетычных), усё ж Фея, пазначаная так і ў праграмцы, унутры тэксту завецца Хроснай.

Але ж барочнасць спектакля мае і свае нацыянальныя “адмеціны”. Так, Георгій Каржанеўскі ўбачыў у пастаноўцы відавочны намёк на Казіміра Малевіча: маўляў, сама сцэнічная прастора ўяўляе з сябе гэткі “чорны квадрат” (заўважым, усё ж хутчэй прамавугольнік), адкуль, бы з касмічнай “чорнай дзіркі”, з’яўляюцца героі. Прасачыў віцебскі журналіст і сувязі самога “чарноцця” з эстэтыкай барока. Асабіста ж я ўбачыла беларускасць спектакля ў іншым. Строі артыстаў, пашытыя “па апошняй барочнай модзе”, заснаваныя на зусім іншых колеравых спалучэннях. Замест прынятых тады “парчы ды золата” — шэранькі арнамент, які бывае на саматканых льняных ручніках, посцілках, іншых народных вырабах. Але ж ці магчыма такое звышдэмакратычнае спалучэнне прыдворных фасонаў з народнай арнаментыкай? Для Рэчы Паспалітай — цалкам, бо становіцца яшчэ і сімвалічным: узгадаем беларускую традыцыю, апісаную У.Караткевічам у рамане “Каласы пад сярпом тваім”, пасылаць шляхецкіх парасткаў у сялянскую сям’ю — на год, у якасці “вытворчай практыкі”, што папярэднічала іх замежнай адукацыі.

“Беларускі элемент” выявіўся і ў тым, што бацька Папялушкі ператварыўся ў Ляснічага (Валерый Зімніцкі) — і адразу асацыятыўныя нітачкі працягнуліся да такіх знакавых твораў нацыянальнай класікі, як “Тарас на Парнасе” і “Новая зямля”. А тое, што Кароль асабіста, без усялякіх ганцоў-вяшчальнікаў запрашае сям’ю Ляснічага на баль, становіцца не “казачнай” фантазіяй-недарэчнасцю, а яшчэ адным сімвалам згаданага шляхетнага дэмакратызму.

На жаль, такая беларускасць вытрымана не ва ўсім. Лялькі Мачахі і Сёстраў апрануты ў стылі Барбі, хаця гэта і можа быць апраўдана “асучасненнем” сюжэта. Лялька Караля (Яўген Гусеў) сваім бліскуча залатым балахонам нагадвае казачна-батлеечных цароў, а магла б увасабляць “партрэт з роду Радзівілаў”.

Сумяшчэнне эпох чуецца і ў музыцы Алега Залётнева, дзе стылізацыя барока суседнічае з сучаснымі павевамі і эстрадай. Праўда, ведаючы прафесіяналізм кампазітара, ад гукавай палітры спектакля чакаеш большай канцэпцыйнасці. Бо ўсяго два кароткія песенныя фрагменты (Папялушкі і каралеўскіх служак, якія павінны прымяраць усім пантофлік) не могуць стварыць антытэзу астатняй інструментальнай стыхіі, успрымаючыся ці то залішнімі, ці то “недаспяванымі”. Цэласнасць музычнай фонасферы дасягаецца хіба праз аранжыроўкі, выкананыя Аленай Яўневіч.

Але ўсе гэтыя тонкасці бачны хіба дасведчаным дарослым, дзецьмі ж яны ўспрымаюцца на падсвядомасці, фарміруючы іх светапогляды і эстэтычныя густы. Малодшым бліжэй сама аўра добрай казкі і чароўных пераўтварэнняў. Старэйшых прыцягне рамантыка і таямнічасць першага кахання, прычым не толькі Папялушкі (Дар’я Зімніцкая) і Прынца (Сяргей Талкач, ён жа ставіў харэаграфію). Падлеткі могуць атаясамляць сябе з маленькім Пажам (Ганна Сцепанец, яна ж — адна з сёстраў Папялушкі). Паводле спектакля, Паж таксама закаханы ў Папялушку, толькі яшчэ сам гэтага не разумее. Тая ж успрымае яго хіба як лепшага сябра: ну ён жа не прынц на белым кані! Тыповая сітуацыя (і не толькі, дарэчы, у тынейджарскім асяродку) магла б стаць тэмай для абмеркавання ў сямейным коле.

Акцёры і з лялькамі добра спраўляюцца, і жыўцом іграюць выразна, некаторыя — адразу па некалькі роляў, часам супрацьлеглых: і Мачаху і Хросную-Фею ўвасабляе Марыя Кавалёва. А калі спектаклем захоплены самі ўдзельнікі, дык ці могуць застацца абыякавымі гледачы?..

Фота прадастаўлены тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"