На раздарожжы “Балетнага лета”

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Завяршаць оперна-балетны сезон фестывальным суквеццем ператвараецца, падобна на тое, у яшчэ адну “нацыянальна акадэмічную” традыцыю. Ужо другі год запар да пленэрна-выязных спектакляў і канцэртаў “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” далучалася “Балетнае лета ў Вялікім”. Наколькі ж вялікім — ва ўсіх сэнсах слова — стаўся сёлетні харэаграфічны форум?

/i/content/pi/cult/546/11898/8-1.jpgФестывальная праграма складалася пераважна з рэпертуарных балетаў нашага тэатра, але з запрошанымі салістамі: “Лебядзінае возера” і “Жар-птушка” з Аляксандрай Цімафеевай (Расія), “Лаўрэнсія” з Лалі Кандэлакі (Грузія), “Жызэль” з былой нашай Кацярынай Борчанка (Расія). Такая форма — па сутнасці, звыклая тэатральная завядзёнка, што даўно і трывала практыкуецца як адна з галоўных там, дзе салісты працуюць выключна па кантрактах. У нас жа запрошаныя зоркі часцей спяваюць у операх — і для большага прыцягнення публікі, і з-за нястачы сваіх галасоў (найперш драматычных тэнараў, на якіх разлічаны ледзь не ўвесь наш рэпертуар). У балеце ж — і без таго ўсяго хапае: і квіткі ў імгненне “змятаюцца” (асабліва на праславутых “лебедзяў”), і з салістамі — на першы погляд, поўны “камплект” (пра пошук яркіх індывідуальнасцей, асабліва сярод моладзі, — размова асобная). Так што да таго часу, пакуль такія запрашэнні не сталі надта частымі, яны могуць успрымацца менавіта фестывальнай адмецінай — незалежна ад узроўню і вядомасці замежных артыстаў.

Куды больш цікавы і перспектыўны кірунак фестывальнага руху — запрашэнне гасцявых спектакляў. Сёлета гэта была двухактовая пастаноўка “Рамэа і Джульета” Санкт-пецярбургскага акадэмічнага тэатра балета імя Л.Якабсона, якая ў чарговы раз даказала, што аднайменны спектакль нашай трупы, пастаўлены ў 1988-м Валянцінам Елізар’евым, на некалькі парадкаў вышэй.

У выніку з сямі фестывальных вечароў найбольш цікавымі аказаліся два апошніх: вечар сучаснай харэаграфіі, амаль цалкам заснаваны на прыдумках нашых балетмайстраў, і гала-канцэрт, дзе акрамя класікі было багата сучасных нумароў, у тым ліку прэм’ерных беларускіх, якія можна было параўноўваць з новымі харэаграфічнымі працамі не толькі расійскімі, але і сусветнымі. Але ж чаму такія канцэртныя праграмы — не абавязкова з удзелам замежных зорак, але і проста свае, беларускія — усё яшчэ застаюцца гэткім фестывальным ноў-хаў замест таго, каб даўно ўжо быць у рэпертуары? Пагаджуся: любы фестываль прагне чагосьці прэм’ернага. Але пасля ўсё лепшае павінна ўпрыгожваць афішу, а не хавацца ў “запасніках” з прыцэлам на замежныя, часцей конкурсныя паездкі нашых салістаў.

У гэтым плане оперная трупа значна апярэджвае балетную: пры куды меншай загружанасці некаторых салістаў тыя паспяхова рэалізуюць сябе ў тэматычных і часта тэатралізаваных канцэртных праграмах, якіх становіцца ўсё больш. Згаданая тэндэнцыя тэматычных тэатралізаваных канцэртаў выявілася і на цяперашнім фестывалі. Вольга Костэль, маючы добрае ўяўленне пра замежныя традыцыі ў гэтай галіне, паспяхова сумяшчае іх з актуальным для нашых рэалій асветніцтвам. “Танец у плыні часу”, які склаў суцэльнае аддзяленне, стаўся і рэфлексічным роздумам пра мукі творчасці, і своеасаблівай “лекцыяй з ілюстрацыямі”, прысвечанай харэаграфічным кірункам і стылям.

Прызнацца шчыра, сучасныя беларускія нумары былі рознымі па ўзроўні. Многа было “ніякаватых”, безаблічных, заснаваных на “агульных формах руху”, узятых з класікі розных стагоддзяў, але не прыведзеных да нейкай адзінай ідэі. На такім фоне (і адначасова на фоне “ўсялякіх і добрых”, папраўдзе адметных замежных пастановак) вылучалася “жывая класіка” колішняга выхаванца В.Елізар’ева, сусветна вядомага Раду Паклітару, а таксама глыбокія па думках балетмайстарскія спробы Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко — “неафіцыйных” вучняў Р.Паклітару (у нас ён ставіў пераважна на іх дуэт, у шчыльным супрацоўніцтве з танцоўшчыкамі). У фестывальнай атмасферы па-новаму ўспрымаўся і іх аднаактовы балет “Хто я?”.

Уласна беларускую праграму расквецілі таксама дэбюты — у прыватнасці, розныя па жанрах нумары, пастаўленыя на кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Падобную практыку прыцягнення на вялікую сцэну (не абавязкова адразу фестывальную, а з папярэдняй “абкаткай”) лепшых дыпломных прац трэба было б працягнуць, бо гэта быў бы дадатковы стымул як для навучэнцаў, так і для майстроў: маўляў, новае пакаленне наступае на пяты.

Ды ўсё ж самым галоўным, безумоўным і неаспрэчным здабыткам цяперашняга фестывалю стала запрашэнне на яго Улькер Аліевай з Азербайджана — не артысткі балета ці харэографа, а доктара мастацтвазнаўства, аўтара чатырох кніг (апошняя з іх, прысвечаная музычнай выяўленчасці і карціннасці, была выдадзена ў Германіі і ўключана ў каталог “Вынаходніцтвы ў музыцы”). Штовечар Улькер глядзела фестывальныя спектаклі і канцэрты, а зранку на сайце тэатра з’яўлялася яе рэцэнзія на ўчарашнія падзеі, вытрыманая па ўсіх правілах удзячнай добразычлівасці і “палітыкеса”, але разлічаная на “чытанне між радкоў”. Ды што там казаць, калі яе матэрыялы, да ўсяго, давалі такі неабходны “погляд збоку”, адкрыты літаральна для ўсіх.

Сам жа фестываль пакуль на раздарожжы і яшчэ не вызначыўся, якой мадэлі яму прытрымлівацца далей. Сёлетні ж атрымаўся напалову “летнім”, разлічаным на “адпачынкавую” публіку, з відавочным камерцыйным адценнем. А напалову — канцэпцыйным, скіраваным да сучасных павеваў у харэаграфіі. Былі прапановы праводзіць у яго межах конкурс, але гэта пакуль хіба адна з магчымых перспектыў. Бо на сёння ўсё вызначаюць грошы, і ўжо адно тое, што такі фестываль існуе, з’яўляецца значнай заваёвай тэатра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"