Падтрымка грашыма і… песняй

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

25 ліпеня ля мястэчка Грудэк, што на Беласточчыне, адбыўся фальклорны фестываль “Сяброўская бяседа”, а на наступны дзень — “Культура без межаў” у Сямятычах. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у суседнюю краіну быў накіраваны цэлы “творчы дэсант” з Мінска, у склад якога — поруч з вядомымі артыстамі — увайшлі карэспандэнты “К” Юрый Чарнякевіч і Ілья Свірын.

/i/content/pi/cult/546/11895/13-1.jpg

Юрка Астапчук і яго "Прымакі". / Фота Ільі СВІРЫНА

Феерверк пад дробным дажджом

Калі мы ішлі пехатою да ляснога амфітэатра ва ўрочышчы Борык, ля нас адна за адной спыняліся машыны. Кіроўцы задавалі аднолькавае пытанне: “Дзе тут “Бяседа”? Пыталіся, трэба адзначыць, па-польску. Яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму на тамтэйшых вуліцах часам можна было пачуць і нашу мову, але сёння гэта ўжо амаль нерэальна. Тым не меней, многія жыхары тых мясцін працягваюць лічыць сябе беларусамі. Асноўнымі нацыянальнымі ідэнтыфікатарамі сталі прыналежнасць да Праваслаўнай царквы, а таксама — цікавасць да роднай культуры, якая паспяхова выяўляе сваю канкурэнтаздольнасць прынамсі ў гэтай частцы Еўрасаюза.

На ўзбочыне вышыхтаваліся кіламетровыя шэрагі легкавікоў, а ля вялізнай сцэны, абсталяванай паводле апошняга слова тэхнікі, сабралася не меней за некалькі тысяч чалавек. Пэўна, болей, ніж колькасць усіх жыхароў мястэчка Грудэк — ці, як было раней, Гарадок. Адпаведна, культурны фактар спрацоўвае — дзякуючы актыўнасці беларускай дыяспары.

Глядзіце самі: літаральна за тыдзень да “Бяседы” ў тым самым Борыку адгрымеў маладзёжны рок-фестываль, а праз тыдзень пасля нашага прыезду ў суседнім Міхалове адбыўся яшчэ адзін фэст — “Беларускія фольк-сустрэчы”. Уласна, гэта другі аскепак небезвядомай “Прымацкай бяседы”, якую ладзіў у тым мястэчку нязменны кіраўнік “Прымакоў” Юрка Астапчук. Але калі праз шэраг абставінаў ён перабраўся ў родны Гарадок, падобных па сваёй ідэі фэстаў стала два (на плошчы прыблізна ў 10 км2!) і паміж імі, напэўна, нават узнікла канкурэнцыя. Па складзе выканаўцаў відавочна выйграе “Сяброўская бяседа”.

— Мы рэгулярна даем аншлагавыя канцэрты ў вялікіх прэстыжных залах, але ў лесе пачуваемся яшчэ ўтульней, — дзеліцца ўражаннямі кіраўнік усім вядомай “Бяседы” Леанід Захлеўны. — Тым болей, публіка ўжо нас чакае — мы тут выступаем раз мо ў пяты ці ў шосты. І заўсёды едзем з вялікім задавальненнем — па тую атмасферу яднання душ, якая пануе на гэтым фэсце.

Выступленні знакамітых калектываў чаргаваліся з нумарамі мясцовых артыстаў — прычым нават не “the best” Беласточчыны, а менавіта з тамтэйшых ваколіц. Яны атрымалі ўнікальную магчымасць дэбюту на вялікай сцэне. Рэпертуар часам… трохі здзіўляў — асабліва калі дзяўчаты са сваім адмысловым пранонсам узяліся перапяваць хіт “Тату”. Але мінскія “хэдлайнеры” паставіліся да іх досыць спагадліва: “молада-зелена”… А ў цэлым, праграма фэсту прафесіяналам спадабалася.

— Кожны фестываль мае тры галоўныя складнікі, — кажа кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў. — Гэта насычэнне творчымі сіламі, эканамічны фактар і, вядома, аптымізм ды энтузіязм арганізатараў. Калі тры кампаненты супадаюць, усё атрымліваецца.

Сапраўды, ролю асобы ў дадзеным выпадку цяжка пераацаніць. Адзін просты прыклад. Нягледзячы на бездакорна прадуманую арганізацыю (ані ля кропак харчавання, ані... ля іншых патрэбных выгодаў ніколі не ўзнікалі вялікія чэргі), у васьмігадзінную праграму фэста — а яна, па традыцыі, была распісана літаральна па хвілінах — былі ўнесены нечаканыя карэктывы. Недзе каля апоўначы супрацоўнікі польскага МНС атрымалі папярэджанне аб набліжэнні моцнай навальніцы і “згарнулі” канцэрт. Перасцярога была не марнай — калі мы наступнай раніцай ехалі па Беласточчыне, выдзертых з каранямі дрэваў на вочы патрапілася нямала. Але наш куток стыхія абмінула.

Тым не меней, фэст, здавалася б, быў незваротна скончаны — публіка разышлася па дамах, артысты спакавалі інструменты ды паздымалі строі… І вось, у гэты крытычны момант на цёмную, амаль абясточаную сцэну Юрка Астапчук вывеў свой гурт “Прымакі” — і што было моцы зарадзіў перад апошняй сотняй самых упартых гледачоў ды пад дробным дажджом. Гераічныя высілкі мелі папраўдзе чарадзейны вынік. Пачуўшы музыку, людзі вярталіся, натоўп ля сцэны рос бы на дражджах, дождж неўзабаве прыціхнуў, саступіўшы месца феерверку, а праграма скончылася ў запланаваны час — недзе пасля трэцяй ночы.

Гімн фестывалю, які грымеў са сцэны ажно некалькі разоў, даволі нешматслоўны — “Гэй, “Сяброўская бяседа”, гуляць трэба сёння нам!”. Затое, па сутнасці. Ён і адлюстроўвае той характар народных фэстаў, які ў нас за савецкім часам быў прыцярушаны рознымі выхаваўчымі функцыямі: маўляў, гуляць трэба не проста так, а з нейкай ідэалагічна правільнай нагоды. Тут жа нават сцэнаграфія нагадвае вясковы бяседны стол, а непасрэдна перад сцэнай смажацца два парсючкі.

Прычым землякі сцякаліся на бяседу не толькі з бліжэйшых паселішчаў, але нават з самога Парыжу. Сярод публікі можна было заўважыць Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Францыі Паўла Латушку. Апрануты ён быў у джынсы — бо прыбыў не з афіцыйным візітам, а ў свой законны ўік-энд.

— Для мяне гэта не палітыка, не дыпламатыя, гэта чыста чалавечыя адносіны! — патлумачыў карэспандэнту “К” былы міністр культуры нашай краіны. — Прыехаўшы сюды ўпершыню дваццаць гадоў таму, я быў моцна ўражаны тым, як беларусы ў гэтых мясцінах любяць і шануюць сваю культуру. І з тых часоў стараюся сюды вяртацца кожны год. Мне гэты фэст блізкі для сэрца і душы, бо гэта — наша, беларускае!

Мінскія госці сышліся на думцы, што пры ўсім багацці айчыннага фестывальнага меню, дакладнага адпаведніка “Сяброўскай бяседы” ў нас няма. Маецца на ўвазе добрае спалучэнне розных інгрэдыентаў — сур’ёзная арганізацыя, моцны склад удзельнікаў, выдатнае абсталяванне плюс нязмушаная атмасфера народнага open air. Падобна, менавіта гэтыя складнікі здатныя зрабіць настояную на фальклоры музыку больш папулярнай сярод публікі, выхаванай на зусім іншых рытмах.

— Так, наш выступ не выклікаў бурлівых апладысментаў, але ж са сцэны мы заўсёды ўглядаемся ў вочы публікі, і бачыць у іх адпаведную рэакцыю “Песнярам” куды важней, — кажа Вячаслаў Шарапаў. — Нам не падабаюцца тыя імпрэзы, якія скатваюцца на ўзровень шансона, адвучваючы людзей услухоўвацца ў кожную ноту. А на жаль, такіх у нас становіцца ўсё болей...

Ілья СВІРЫН

Урокі “Сяброўскай бяседы”

Пэўна, амаль кожны беларус ведае, што летам жыццё нашых суайчыннікаў па той бок Буга заўсёды бывае насычанае разнастайнымі адметнымі фестывалямі, на якія прыязджаюць турысты не толькі з усёй Польшчы, але і са шматлікіх суседніх краін.

Фестывальныя дзеі ладзіліся у названых населеных пунктах літаральна пад адкрытым небам, а гледачы, сядзячы хто на лаўках, хто проста на траве, віталі шматлікіх выканаўцаў гучнымі апладысментамі. Своеасаблівы творчы дэсант з Беларусі — “Песняры”, “Бяседа”, “Купалінка”, “Белыя росы” — былі сустрэты мясцовымі жыхарамі з асаблівай цеплынёй, бо некаторыя з названых калектываў прыехалі на Падляшша ўжо не ўпершыню...

Пасля “завадных” песень і танцаў ад удзельнікаў шматлікіх фальклорных і сцэнічных калектываў многія прысутныя — і не толькі дзеці ды падлеткі, а і сталыя людзі — пачыналі ўваходзіць у смак фармату “open air” ды выконваць самыя разнастайныя танцавальныя “па” наўпрост перад летняй сцэнай. Прычым бліжэй да вечара ахвочых да танцаў станавілася ўсё больш і больш — бачыў гэта, што называецца, на свае вочы. І тое было цалкам невыпадкова: артысты з Беларусі і Польшчы паказвалі такі высокі клас, выконвалі столькі знакамітых і гарэзных беларускіх і польскіх народных песень, што ногі самі прасіліся ў скокі. Таму гукі музыкі сціхлі ў мястэчку толькі пад самую раніцу…

Да слова, плакаты аб прыездзе на свята гуртоў з Беларусі віселі, сам бачыў, паўсюль як у Гарадку, так і ў Сямятычах. Так што беларусаў на Падляшшы чакалі з нецярплівасцю. Як, дарэчы, і год таму: мне давялося пабываць на падобным фэсце ўжо неаднойчы, таму магу сцвярджаць гэта даволі пераканаўча…

Усё ж падрабязна распавядаць пра фестывалі, што адбыліся на Падляшшы, мабыць, не варта: на гэтых імпрэзах трэба пабываць, іх лепш пабачыць на свае вочы, каб акунуцца ў тую непаўторную атмасферу, якую ствараюць артысты ды арганізатары… Таму спынюся на больш празаічных пытаннях. А менавіта на тым, кім і за якія фінансавыя сродкі арганізуюцца падобныя мерапрыемствы бадай на ўсім абшары Падляшскага ваяводства Польшчы.

З першым пытаннем я разабраўся даволі лёгка: як было пазначана на шматлікіх інфармацыйных улётках, развешаных па ўсім Гарадку, арганізатарамі “Сяброўскай бяседы” з’яўляліся улады мясцовай гміны, гмінны цэнтр культуры ды Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ). Што да Сямятыч, дык там над увасабленнем культурнай дзеі працавалі таксама мясцовыя ўлады ды БГКТ, а яшчэ да іх далучыўся Сямятыцкі кансорцыум грамадскіх ініцыятыў. Мяркую, і ва ўсіх астатніх беларускіх фестывалях Беласточчыны арганізатары былі прыкладна тыя ж самыя.

Высветліць другое пытанне — пра фінансавы бок названых імпрэз — было ўжо не так проста: арганізатары, натуральна, былі вельмі заняты надзённымі справамі і зазвычай прасілі патурбаваць іх ужо крыху пазней, пасля завяршэння фестывалю. Але пэўныя каментарыі мне атрымаць усё-ткі ўдалося, прычым ад прадстаўніка нашай краіны.

Як патлумачыў “К” саветнік пасольства Беларусі ў Польшчы, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве і адзін з арганізатараў названых фестываляў Эдуард Швайко, імпрэзы ў Гарадку і Сямятычах — найбольш буйныя культурныя акцыі беларускай нацыянальнай меншасці, якія летам ладзяцца на Беласточчыне, таму іхні бюджэт складаецца з самых розных крыніц.

— Па-першае, гэта грантавая падтрымка з боку Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі Польшчы, якое займаецца апекай нацыянальных меншасцей, — адзначыў суразмоўца. — Па-другое, гэта сродкі з бюджэту мясцовых улад — як самой гарадской гміны, так і Падляшскага ваяводства Польшчы. І, натуральна, гэта сродкі некаторых прыватных спонсараў, зазвычай таксама мясцовых фірм ды прадпрыемстваў.

Да таго ж, як сказаў Эдуард Швайко, не варта забываць і пра падтрымку падобных імпрэз з боку Беларусі. Напрыклад, усе названыя мною калектывы былі дастаўлены на фестываль з дапамогай Міністэрства культуры нашай краіны, якое забяспечыла артыстаў транспартам. Акрамя таго, беларускія ансамблі выступалі ў Польшчы на бязвыплатнай аснове, што фактычна таксама можна лічыць спонсарскай падтрымкай культурных акцый... І падтрымкай даволі значнай: без нашых калектываў, якія дадавалі шмат пазітыўнай энергетыкі ў агульную атмасферу святочных мерапрыемстваў, яны, скажу шчыра, наўрад ці атрымаліся б такімі маштабнымі і відовішчнымі…

Што ж, як на мой погляд, цалкам зразумелы падыход да атрымання фінансавых сродкаў: як бачна, яны збіраюцца з усіх магчымых крыніц. Але што найбольш мяне зацікавіла ў Польшчы, дык гэта тая карпатлівая праца арганізатараў названых фестываляў, якую яны праводзяць са сваімі шматлікімі прыватнымі спонсарамі.

Напрыклад, шматкроць мне даводзілася чуць са сцэны — у перапынках паміж нумарамі і выхадамі калектываў — словы падзякі мецэнатам імпрэзы. На плакатах і ўлётках, што былі развешаны не толькі каля сцэны, а і паўсюль як у Гарадку, так і ў Сямятычах, абавязкова згадваліся партнёры фестывалю, як, дарэчы, і тыя сродкі масавай інфармацыі, якія былі на яго акрэдытаваныя. Акрамя таго, пад час самой фестывальнай дзеі на вялікім плазменным экране, усталяваным каля сцэны, не толькі ішла трансляцыя ўсіх святочных падзей у рэжыме он-лайн, але і рэклама тых або іншых фірм і прадпрыемстваў, якія паспрыялі ў фінансаванні святочнага мерапрыемства…

Як на мой погляд, усе гэтыя высілкі — досыць пераканаўчае сведчанне таго, што мясцовыя арганізатары пра сваіх прыватных спонсараў дбаюць. І робяць гэта, нягледзячы на падтрымку фестываляў беларускай культуры як з боку дзяржаўных, так і мясцовых улад. Чым не прыклад для пераймання арганізатарам тых фестываляў і імпрэз, якія ладзяцца ўжо на Беларусі?

Мяркую, заахвоціць спонсараў да ўдзелу ў тым або іншым культурным мерапрыемстве можна будзе нашмат лягчэй, калі патэнцыйныя мецэнаты будуць ведаць, што пра іх неаднойчы згадаюць пад час свята і нават у рэкламных улётках… Нашы суайчыннікі ў Польшчы так і робяць, і робяць паспяхова. У якасці доказу скажу, што менавіта дзякуючы дапамозе аднаго са спонсараў “Сяброўскай бяседы”, артыстам на фэсце можна было бясплатна пачаставацца і квасам, і смачным бігасам — адной з найлепшых польскіх (і, мабыць, беларускіх?) страў…

Але калі беларусы з суседняй краіны могуць зацікавіць сваіх партнёраў культурнымі імпрэзамі, дык і арганізатары падобных мерапрыемстваў у Беларусі на гэта таксама, як я перакананы, здатны тым больш…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ