Вэб-фармат для Памяці

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

“Памяць палаючых гадоў” — пад такой назвай Нацыянальная бібліятэка Беларусі выклала ў інтэрнэт свае алічбаваныя калекцыі, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі. Імі напоўніцу могуць скарыстацца як шараговыя наведвальнікі Сеціва, так і работнікі клубаў, бібліятэкары ды музейшчыкі, што займаюцца патрыятычным выхаваннем, краязнаўствам, прапагандай нашай гісторыі.

/i/content/pi/cult/546/11894/12-1.jpgЮбілейны праект не прэтэндуе на паўнату звестак па заяўленай тэме, але дае магчымасць дакрануцца да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праз тагачасныя кнігі і перыёдыку, лістоўкі і рукапісныя матэрыялы, асабістыя і службовыя паперы, плакаты і насценгазеты, фатаграфіі і песні.

У падмурак праекта пакладзены матэрыялы электроннага дыска “Подпольная и партизанская печать Беларуси” (3-е выд., дапоўн., 2015), створанага Нацыянальнай бібліятэкай сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым структура новага інтэрнэт-рэсурсу значна пашырана, а змест дапоўнены новай алічбаванай інфармацыяй з фондаў галоўнай кніжніцы краіны.

Алічбоўка і публікацыя ў адкрытым інтэрнэт-рэсурсе дазваляюць зрабіць набыткам шырокай грамадскасці масіў усіх відаў беларускага падпольнага і партызанскага друку, увесці ўсе экзэмпляры ў навуковае абарачэнне. Справа ў тым, што гэтыя выданні яшчэ недасканала вывучаны з-за іх дрэннай захаванасці і раскіданасці па розных сховішчах.

“Прачытай і перадай…”

Першымі падпольнымі выданнямі былі лістоўкі і звароты да суайчыннікаў. У праекце прадстаўлены электронныя копіі 140 лістовак і лістовак-плакатаў, выдадзеных у 1942 — 1944 гадах. Большасць з іх выходзіла пад лозунгам “Смерць нямецкім акупантам! Прачытай і перадай другому”.

У работнікаў падпольнага і партызанскага друку было шмат цяжкасцей. Адчуваўся пастаянны дэфіцыт паперы і шрыфту. Спачатку набіралі і друкавалі адну паласу, потым шрыфт разбіралі і набіралі другую. Наборшчыкі суткамі не адыходзілі ад наборных кас. Не было цынкаграфіі. Клішэ самадзейныя друкары саматужна рабілі з сухога дрэва, гумы ці лінолеуму. Шрыфт, фарбу, друкарскі станок зберагалі ашчадней за прадукты харчавання, бо ежай можна было разжыцца, а друкарскія прылады дзе ж знойдзеш.

На акупаваныя беларускія землі было накіравана 167 паходных друкарскіх машын. Акрамя лістовак выпускаліся газеты, баявыя лісткі. Паходныя друкарні месціліся, як правіла, у лясах. Напрыклад, сваю друкарню партызаны Карпілаўкі (купалаўскія Акопы, радзіма Ядвігіна Ш.), маскіравалі так, што яе нават падчас блакады партызанскай зоны ўвесну 1943 года фашысты не змаглі выявіць.

Праект змяшчае электронныя копіі звыш 500 нумароў (каля 100 назваў) газет з інфармацыяй пра Беларусь, выдадзеных у 1941 — 1945 гадах на тэрыторыі краіны і за яе межамі. Аднымі з самых вядомых сталі газета-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну!”, рэдактарам якой з 1943 года быў К.Крапіва, і сатырычны лісток “Партызанская дубінка”. Аўтарскі калектыў складалі вядомыя беларускія пісьменнікі Я.Колас, Я.Купала, К.Чорны, П.Броўка, П.Глебка, М.Танк, В.Вітка і інш. У падрыхтоўцы нумароў, разам з беларускімі прафесійнымі мастакамі, такімі як М.Гурло, М.Гуціеў, 3.Азгур і інш., актыўны ўдзел прымалі маскоўскія і ленінградскія графікі — Кукрыніксы, Л.Брадаты, Б.Яфімаў… Акрамя таго, у кожным партызанскім атрадзе працавалі мастакі-самавукі, сярод іх былі і вельмі таленавітыя, такія як В.Букаты, чыё нядоўгае, але гераічнае жыццё і творчасць непарыўна звязаны з гісторыяй партызанскага друку.

З далоньку дзіцяці

Адметнымі матэрыяламі праекта сталі кішэнныя выданні, невялікія па памеры, каб не абцяжарваць байца. Кніжкі з далоньку дзіцяці ўключаюць малюнкі ды подпісы. Старонкі складаюцца гармонікам. На іх гаворка вядзецца пра тое, як знішчаць ворага штыком і прыкладам, як байцу маскіравацца, каб не быць забітым. Дарэчы, некаторыя з такіх выданняў выходзілі пад рэдакцыяй Янкі Маўра.

У гэткіх жа кішэнных па фармаце “Блакнотах агітатара” друкаваліся паведамленні Саўінфармбюро, даклады П.Панамарэнкі пра партызанскую вайну, загады і ўказы аб узнагароджанні партызан іх камандзіраў, перадавіцы з газеты “Правда”, лічбы партызанскага рахунку помсты, каляндар дат вызвалення беларускіх гарадоў, даведкі аб стане прамысловасці і сельскай гаспадаркі, пастанаўленне аб аднаўленні Мінска і г.д. У “Блакноце агітатара-партызана” (1943, № 3 — 4) надрукаваны матэрыялы судовага працэсу аб зверствах фашыстаў. Прыводзяцца ўспаміны многіх сведак, напрыклад, чалавека, які цудам выжыў у машыне-“душагубцы”.

Рукапісы, фота і плакаты

У фондзе НББ захоўваюцца і рукапісныя партызанскія матэрыялы. Ствараючы карыкатуры на фашысцкіх захопнікаў, памфлеты і сатырычныя вершы, партызаны станавіліся “народнымі мсціўцамі” не толькі ў бітвах, але і ў творчасці. Пажоўклыя лісты час ператварыў у своеасаблівыя помнікі байцам. Па некаторых даных, у партызанскіх атрадах усяго было створана 3 750 рукапісных газет, часопісаў, насценгазет. На жаль, трывожнае лясное жыццё не спрыяла захаванню партызанскіх выданняў, да нас дайшлі іх лічаныя адзінкі.

Можна “пагартаць” і чырвонаармейскія кніжкі, а таксама азнаёміцца з падзякамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага героям Перамогі за мужнасць, праяўленую ў баях, фарсіраванні рэк, вызваленні беларускіх і замежных гарадоў.

Раздзел “Ваенны фотаальбом” прапаноўвае фатаграфіі некаторых герояў, адзначаных падзякамі. На старых здымках, зробленых фотакарамі з рызыкай для ўласнага жыцця, можна ўбачыць удзельнікаў партызанскага руху і воінаў Савецкай Арміі падчас жорсткіх баёў, у кароткія моманты перадышкі і ў хвіліны доўгачаканай Перамогі. Асобная частка калекцыі адлюстроўвае Мінск напярэдадні вайны, горад, разбураны фашысцкімі захопнікамі, і працэс аднаўлення беларускай сталіцы.

Гаворка ідзе і пра алічбаваныя плакаты 1943 — 1990 гадоў такіх вядомых беларускіх мастакоў, як М.Гуцыеў, Г.Паплаўскі, М.Стома і інш. У плакаце пад назвай “Білі, б’ём і будзем біць!” аўтар узгадаў створаны А. Твардоўскім вобраз простага ў сваім гераізме Васіля Цёркіна. Размясціўшы героя ў цэнтры ліста, мастак намаляваў вакол яго эпізоды партызанскіх баявых аперацый: падрыў чыгункі і мастоў, складоў і цыстэрнаў, нямецкіх гарнізонаў і станцый.

Слова як зброя

Ёсць месца ў праекце і мастацкім творам беларускіх пісьменнікаў, напісаных на ваенную тэму і надрукаваных у 1941 — 1945 гадах. Выданні невялікага фармату, вельмі сціпла аформленыя, яны спрыяюць разуменню вайны як нацыянальнай трагедыі, дазваляюць адчуць атмасферу таго часу. Падборка ўключае паэзію — вершы і паэмы, прозу — апавяданні і аповесці, публіцыстыку — заклікі, звароты, нарысы вядомых беларускіх пісьменнікаў, што працавалі ў той перыяд. Прадстаўлены зборнікі і асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, В.Віткі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, К.Крапівы, М.Лынькова, К.Чорнага і інш. Большасць кніг надрукавана на “Вялікай зямлі” ў беларускім выдавецтве “Савецкая Беларусь”, якое вымушана было пераехаць у тыл…

А раздзел “Песні вайны” прэзентуе 40 музычных твораў. Палова гуказапісаў зроблена ў 1941 — 1945 гадах з характэрнай для таго часу аранжыроўкай, манерай выканання. Другая частка — пасляваенныя песні, у тым ліку створаныя вядомымі беларускімі кампазітарамі і паэтамі, такімі як У.Алоўнікаў, І.Лучанок, Л.Захлеўны, Э.Ханок, А.Вярцінскі, А.Русак, М.Ясень і іншыя.

Для інтэрнэт-праекта распрацаваны асобны сайт (http://old.nlb.by/vov70) і праграмнае забеспячэнне, дзякуючы якому песні можна слухаць адразу са старонкі раздзела, кнігі — чытаць ў зручным вэб-фармаце, кожны з файлаў павялічваецца, подпіс да іх даецца ў акенцы, якое ўсплывае пры навядзенні курсора.

Алена ЯКАВЕНКА, загадчык сектара інфармацыйнай падтрымкі інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі